Что будет с легендарным деревом, растущем в районе Бегомля и окутанном легендами и мифами?
Ці сапраўды над сасной Кулінай (Акулінай) навісла пагроза і што будзе з легендарнай хвояй, якая расце на Бягомльшчыне і авеяна легендамі і паданнямі? У гэтай тэме разбіраўся карэспандэнт “РВ” пасля атрымання рэдакцыяй ліста ад краязнаўца Міхася Міхалевіча.
Друкуем вытрымкі з яго:
“Сасна Куліна – культавае дрэва, герой і персанаж многіх навуковых даследаванняў нашых і замежных навукоўцаў. Як прываблівы сакральны турыстычны аб’ект вядома не толькі ў Беларусі, а і за межамі краіны, ля яе пабывалі сотні і тысячы краязнаўцаў, навукоўцаў, аматараў прыроды і вандровак. Яна мае самую вялізную бібліяграфію сярод дрэў, апісана ў кнігах “Легенды і паданні”, “Маўклівыя сведкі мінуўшчыны”, “Навука і тэхніка”, “Памяць. Докшыцкі раён” і інш.
У другім квартале Замастоцкага лясніцтва пазначаны фарбай дрэвы. Легендарная хвоя Куліна таксама атрымала пазнаку: на ўзроўні 1,7 метра з’явілася нанесеная аранжавай фарбай паласа ўкруг ствала.” Далей Міхась Міхалевіч спасылаецца на галоўнага ляснічага лясгаса С.І. Класоўскага, які патлумачыў, што дадзеная маркіроўка абазначае захаванне дрэва і яшчэ на “словы леснікоў”, без абазначэння іх прозвішчаў, што быццам бы на гэтым месцы будзе высечана дзялянка.
“Трэба адзначыць, што ў лесе, на дзялянцы, дзе расце Куліна, усё робіцца па законе, – зазначае аўтар пісьма далей. – Сасна Куліна не мае ахоўна-запаведнага статусу, таму, верагодна, лясгасам не будуць устаноўлены падпоркі да ствала і галін, як гэта звычайна робіцца для захавання каштоўных дрэў – помнікаў прыроды. Куліна ўжо даўно хварэе і цяпер моцна нахілілася –лёс яе прадвызначаны…
Таму ёсць прапанова своечасова зрабіць абрэзку (топінг) ствала хвоі і нарэшце ўсталяваць побач інфармацыйную шыльдачку. Калі ж ветравал усё ж зваліць культавую хвою, то пакінуць яе на зямлі і даць магчымасць струхнець за некалькі дзесяцігоддзяў”.
Даць тлумачэнне па тэме “РВ” папрасілі галоўнага ляснічага Бягомльскага лясгаса Сяргея Класоўскага:
– З гэтым пытаннем Міхась Міхалевіч ужо звяртаўся да нас у лясгас. У сярэдзіне жніўня на яго электронны зварот быў дадзены афіцыйны адказ, што маркіроўка чырвонай кругавой лініяй абазначае, што дрэва належыць захаванню. Грамадзянін карыстаецца неправеранай інфармацыяй, быццам бы на месцы, дзе расце сасна Куліна, плануецца высечка. На самай жа справе гэта не так. Планаў на высечку дзялянкі не было і няма на бліжэйшы час. Што тычыцца ўстаноўкі шыльдачкі, то прапанова слушная і будзе рэалізавана. Ну а калі з цягам часу (што абсалютна натуральна) дрэва ўсё ж зваліцца, яно будзе пакінута на месцы.
Тэрыторыя, на якой расце сасна, не з’яўляецца заказнікам. Да мяжы бліжэйшага заказніка мясцовага значэння 610 метраў.
Паверце, усе нашы работнікі ведаюць, што дрэва ўяўляе цікавасць для мясцовых жыхароў і тых, хто займаецца краязнаўствам, і ніхто наўмысна шкодзіць сасне Куліне не мае намеру.