“Не пакідайце ж мовы нашай беларускай, каб не ўмёрлі”. Францішак Багушэвіч

Францішак Багушэвіч

Францішак Багушэвіч

Пяць гадоў таму, 7 лістапада, была адкрыта станцыя Мінскага метрапалітэна “Плошча Францішка Багушэвіча”. Станцыю ўпрыгожваюць скульптуры “Кніга беларуская” і “Ткацкі станок”. На старонках кнігі – заклік: “Не пакідайце ж мовы нашай беларускай, каб не ўмёрлі”. А латунныя ніткі на станку складваюцца ў другую цытату з “Дудкі беларускай”: “Можа, хто спытае: дзе ж цяпер Беларусь? Там, братцы, яна, дзе наша мова жыве: яна ад Вільні да Мазыра, ад Віцебска за малым не да Чарнігава, дзе Гродна, Менск, Магілёў і шмат мястэчак і вёсак…”

Францішак Багушэвіч… Сёлета адзначалася 185-годдзе з яго дня нараджэння. Усе ў школе вывучалі яго вершы са зборнікаў “Дудка беларуская” і “Смык беларускі”. Але, як сапраўдны вялікі паэт, ён быў яшчэ і велічным чалавекам і ў будучым паслужыў прыкладам самым знакамітым беларускім песнярам Купалу і Коласу, як шчыра любіць сваё, берагчы сваё і за ўсё жыццё ні разу не сысці з выбранага шляху.

Ён доўга шукаў тую сапраўдную, найбольш яскравую мову, каб выказаць усё, што было на душы, мучыла і пякло: спрабаваў пісаць на польскай, украінскай, пакуль не зразумеў, што адзіная блізкая яму мова тая, што пагардліва называлася “мужыцкай гаворкай”, – беларуская. Такім чынам чалавек, які, нарадзіўшыся шляхціцам, жыццё аддаў абароне бедных і абяздоленых, стаў адным з заснавальнікаў нацыянальнай беларускай літаратуры, выражальнікам нацыянальнай ідэі, абаронцам галоўнага права: на сваёй роднай зямлі гаварыць на роднай мове, быць адзіным самабытным народам.

У яго быў востры розум, які аднолькава цягнуўся да літаратуры, мовазнаўства, дакладных навук і хітраспляценняў юрыспрудэнцыі, а яшчэ моцны характар, высакародная душа і гарачае сэрца. Багушэвіч паступіў у 1865 г. ў Нежынскі юрыдычны ліцэй, дзе паказаў сябе бліскучым студэнтам і пасля заканчэння ў табелі аб рангах значыўся чыноўнікам 12 класа, што давала права на даволі высокую для пачынальніка пасаду губернскага сакратара. Аднак восем гадоў ён працаваў судовым следчым у розных месцах, у выніку чаго займеў у паслужным спісе салідны пералік паспяхова завершаных спраў, быў узнагароджаны ордэнамі Святога Станіслава і Святой Ганны і ўрэшце стаў прысяжным павераным у Вільне.

Кліентаў у яго было, бадай, у разы больш, чым у калег, але даход работа прыносіла вельмі сціплы. Ён мог бы быць багатым, выглянцаваным, як іншыя віленскія адвакаты, але замест прыбытковых спраў браў на сябе справы сялян з мізэрным ганарарам, а то і зусім без яго. Адмовіўся ад перспектыў, якія прынеслі б усялякія выгоды, чатырнаццаць гадоў прысвяціўшы сябе клопатам пра тых, каго ў “прыстойным грамадстве” лічылі нявартымі ўвагі. “Мужыцкі адвакат” – грэбліва крывілі вусны чыноўнікі. “Наш Багушэвіч” – з любоўю і пашанай прамаўлялі сяляне.

Дажываў свой век Багушэвіч у родных Кушлянах пад Смаргонню. Атрымаўшы спадчыну ад родзіча, змог пакінуць службу, наладзіць сельскі быт і заняцца ўжо ўшчыльную літаратурнай працай. Па-ранейшаму заставаўся блізкім да народа. Паніча з Кушлян сяляне любілі і вестку пра яго зыход сустрэлі з сумам. На пахаванне паэта 30 красавіка 1900 года сабралася шмат людзей – калег, родных і сяброў, прыхільнікаў творчасці і сялян з усяго наваколля. Журналіст Напалеон Роўба згадваў: “Многія толькі ў гэты дзень даведаліся, што Францішак Багушэвіч, Мацей Бурачок і Сымон Рэўка з-пад Барысава – гэта ўсё адна асоба”. А стужкі на вянках упрыгожвалі і такія надпісы: “Паэту і прыяцелю – сяляне і рамеснікі”, “Мацею Бурачку – ад мужычкоў-беларусаў”…

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *