«Па раёнцы беларускую мову вучу», — падзялілася жыхарка вёскі Шалагіры Ніна Дранковіч
Будучы ў службовай камандзіроўцы, заехалі ў вёску Шалагіры Бярэзінскага сельсавета. Там нас сустрэлі цішыня і бязлюддзе. І толькі на адным панадворку заўважылі рух. Падаў голас сабака, і за веснічкі выйшла гаспадыня невялікага дамка з мноствам прыбудоў. Пазнаёміліся: Ніна Дранковіч і яе сын Аляксандр, які працуе жывёлаводам у ААТ “Таргуны”, – адзіныя жыхары, якія будуць сустракаць у Шалагірах зіму.
Ніна Аляксандраўна, ураджэнка Старадарожскага раёна, як аказалася, большую частку свайго жыцця правяла ў сталіцы. Адпрацавала ў ліцейным цэху Мінскага трактарнага завода, цяжка нават уявіць, на зборцы задніх мастоў нашых знакамітых “беларусаў”. У нулявыя разам з мужам Віктарам Дзмітрыевічам прыехалі даглядаць яго хворага бацьку, ды так і засталіся ў вёсцы.
– Так мне добра стала тут! – дзеліцца з намі жанчына. – Гарадская мітусня, вялікая колькасць людзей у грамадскім транспарце, у 80-90-я бясконцыя чэргі ў крамах, шум цэхаў завода – усё гэта вельмі стамляе і не пакідае часу і сіл на тое, што табе па душы, на тое, каб палюбавацца прыродай, у рэшце рэшт. Пайшоў з жыцця муж, сын цалюткімі днямі на працы. Аднак у вёсцы, нават такой апусцелай, як зараз, мне зусім не сумна. З гаспадаркі ўжо агарод ды сабакі з катамі, над якімі найбольш апякуецца Саша, дык ёсць магчымасць нікуды не спяшацца і проста радавацца жыццю. Дачушка са сваёй сям’ёй у госці прыязджае – яшчэ прычына для радасці.
Ніна Аляксандраўна, размаўляючы з намі, дастае з паштовай скрынкі раённую газету. Кажа, даўно ўжо наша падпісчыца.
– Чытаю ад першай старонкі да апошняй. Цікава ўсё: як працуюць арганізацыі і прадпрыемствы, якія падзеі адзначаюцца. Пра людзей – гэта ўвогуле завочныя знаёмствы. Захапляюся: колькі таленавітых і працавітых жыхароў на Докшыччыне! Ёсць праграма, ёсць рэклама – што яшчэ мне ў маім невялікім свеце патрэбна? І іншай цікавай інфармацыі ўдосталь, і для душы заўжды матэрыялы знаходжу, і жартоўнае штосьці. А яшчэ, – прызнаецца, – я па вашай газеце мову беларускую вучу.
Што там казаць, прыемна. Як бывае прыемна заўжды, калі твая работа прыносіць карысць і радасць іншым.
Алена НЕСЦЯРОНАК.
Фота Вячаслава ЧАРВІНСКАГА.

