Электромонтер Докшицкого УЭС Юрий Коваленок стал лучшим работником связи
Электраманцёр лінейных збудаванняў электрасувязі і праваднога вяшчання лінейна-тэхнічнай групы Докшыцкага ўчастка электрасувязі Юрый Кавалёнак з тых людзей, якія не пасуюць перад складанасцямі. Кожны новы праект для яго – гэта магчымасць праявіць свае здольнасці і навучыцца новаму.
– Юрый не проста выконвае свае абавязкі, а ўкладвае ў работу душу і імкнецца дасягнуць максімальнага выніку, – гаворыць начальнік участка электрасувязі Віктар Шаўцоў. – Саманавучанне стала яго другім “я”. Гэтае дазваляе яму расці як спецыялісту, быць у курсе апошніх тэхналагічных тэндэнцый. Аптымізм і настойлівасць робяць яго каштоўным членам каманды. Юрый заўсёды гатовы падтрымаць калег, падзяліцца вопытам і дапамагчы ў вырашэнні складаных задач. Такі падыход да справы стварае атмасферу даверу і супрацоўніцтва.
Мэтанакіраванасць, адказнасць і працавітасць Юрыю, бясспрэчна, перадаліся ад бацькі Вячаслава Кавалёнка – механізатара-перадавіка ААТ “Докшыцкі райаграсэрвіс”. Дарэчы, штогод падчас уборачнай экіпаж Кавалёнкаў у страі.
У Докшыцкі раённы вузел электрасувязі Юрый уладкаваўся сямнаццаць гадоў таму пасля заканчэння Вілейскага дзяржаўнага сельскагаспадарчага прафесійнага ліцэя. Пачынаў электраманцёрам лінейных збудаванняў сувязі і праваднога вяшчання. І сёння ён займаецца ўстаноўкай тэлефонаў, падключэннем і настройкай паслуг Byfly, ZALA, пакетаў паслуг “Ясна” і “Відэакантроль”. Высокі ўзровень яго кваліфікацыі пацвярджаюць станоўчыя водгукі абанентаў. У любую кропку раёна, дзе патрабуецца дапамога ў наладжванні электрасувязі, Юрый дабіраецца на замацаваным за ім аўтамабілі, сачыць за спраўнасцю якога дапамагае атрыманая ў ліцэі тэхнічная спецыяльнасць па эксплуатацыі і рамонце аўтамабіляў. Усім карыстальнікам паслуг Белтэлекам, у якіх бывае па выкліках, прапаноўвае новы кірунак работы кампаніі – продаж тэхнікі ў растэрміноўку.
Якасная работа Юрыя Кавалёнка сёлета адзначана ганаровым званнем “Лепшы работнік сувязі” з занясеннем на раённую Дошку гонару.
Яўгенія ГІЧАНСКАЯ.
Фота аўтара.

