Методист УМК отдела по образованию Докшицкого райисполкома Елена Хичева: «Каждую ситуацию пропускаешь через сердце»

IMG_0850 с

У школьныя гады, выбіраючы будучую прафесію, дакшычанка Алена Хічова вагалася паміж юрыспрудэнцыяй і псіхалогіяй. Урэшце спынілася на апошняй, а на практыцы давялося сумясціць абодва кірункі.

Алена Валер’еўна – метадыст вучэбна-метадычнага кабінета, курыруе дзейнасць педагогаў-псіхолагаў і сацыяльных педагогаў устаноў адукацыі раёна, суправаджае навукова-метадычнае забеспячэнне работы бацькоў-выхавальнікаў, прыёмных бацькоў. На кантролі – псіхалагічнае суправаджэнне працэсу адаптацыі да навучання ў школе, стварэнне камфортнага клімату ў дзіцячых калектывах, забеспячэнне псіхічнага здароўя навучэнцаў, прафілактыка булінгу, дапамога ў цяжкіх сямейных сітуацыях.

Метадыст уваходзіць у склад камісіі па справах непаўналетніх райвыканкама, пасяджэнні якіх праходзяць як мінімум два разы ў месяц, выязджае ў рэйды па нядобранадзейных сем’ях.

– Работа з бацькамі, якія неналежным чынам выконваюць абавязкі, няпростая, асабліва калі яны злоўжываюць алкаголем, – зазначае Алена Валер’еўна. – Задача ўсіх суб’ектаў прафілактыкі – абараніць правы дзяцей, якія знаходзяцца ў сацыяльна небяспечным становішчы. Самае невыноснае – бачыць, што бацькі не становяцца на шлях выпраўлення, таму прыходзіцца адбіраць ад іх дзяцей ці нават пазбаўляць бацькоўскіх праў. Кожную сітуацыю прапускаеш праз сэрца, стараешся максімальна паўздзейнічаць на дарослых, каб не рушылі свае і дзіцячыя жыцці.

Алена Хічова працавала ў сектары па ахове дзяцінства аддзела па адукацыі райвыканкама і паралельна ў Сацыяльна-педагагічным цэнтры раёна, дзе якраз даводзілася займацца і юрыдычнымі пытаннямі: спагнаннем запазычанасці з бацькоў, дзеці якіх утрымліваліся на дзяржаўным забеспячэнні, узаемадзеяннем з праваахоўнымі органамі, выступленнямі ў судзе.

Па сутнасці, работу па абароне дзяцей гэтай катэгорыі вядзе і цяпер – у тандэме з галоўным спецыялістам аддзела па адукацыі Ганнай Раманенкавай.

Будучы ў свой час псіхолагам у СШ № 2 г. Докшыцы, ЦРБ, гарадскім дзіцячым садзе № 2, Алена напрацавала багаты прафесійны вопыт у цэлым і ў прыватнасці ў зносінах з дзецьмі, іх бацькамі і педагогамі.

– У псіхалогіі не расчаравалася, – кажа яна. – Жывыя камунікацыі даюць магчымасць не толькі прафесійнага росту, але і асобаснага, узбагачаюць духоўна, развіваюць эмпатыю. Між іншым, мой дзень нараджэння, 22 лістапада, прыпадае на Дзень псіхолага, быццам самім лёсам было наканавана займацца гэтай справай, – усміхаецца.

Алена закончыла факультэт сацыяльна-педагагічных тэхналогій Беларускага педуніверсітэта імя Максіма Танка, дзе атрымала кваліфікацыю практычнага псіхолага і выкладчыка англійскай мовы. З вялікай цеплынёй успамінае час, калі ў школе ў дадатак выкладала мову, – у яе склаліся выдатныя, даверлівыя ўзаемаадносіны з вучнямі.

– Калі параўноўваць дзейнасць педагога-псіхолага і настаўніка-прадметніка, то ў першым выпадку хуткага выніку чакаць не варта – яму папярэднічае доўгая, карпатлівая, сістэматычная работа школы, спецыялістаў, бацькоў. А эфекту можа і зусім не быць, асабліва калі маці знаходзяцца ў алкагольнай залежнасці і не маюць жадання адмаўляцца ад асацыяльнага ладу жыцця. У процівагу, амаль кожны школьны ўрок дае плён: настаўнік адразу робіць высновы аб рэзультатыўнасці навучання, і гэта тут жа прыносіць маральнае задавальненне, – разважае метадыст.

Складаныя пытанні, над якімі даводзіцца працаваць Алене і яе калегам, – суіцыдальныя паводзіны дзяцей, дамашняе насілле з боку дарослых. Прычына ўсіх бед, упэўнена метадыст, крыецца ў сямейных канфліктах, таму першачарговая задача – дапамагчы наладзіць дыялог паміж бацькамі і дзецьмі.

– Як самому псіхолагу эмацыянальна не выгарэць, штодзень сутыкаючыся з негатывам? – пытаюся ў Алены Валер’еўны.

– Знайсці рэсурс для аднаўлення сіл, – адказвае яна. – Напрыклад, для мяне аддушынай быў занятак пытаннямі ўсынаўлення падчас работы ў СПЦ. Гэта была асабістая радасць – усведамляць, што сірата набудзе сям’ю, а значыць, шчаслівую будучыню!

Цікава, што дачка нашай гераіні Таццяна цяпер таксама працуе ў СПЦ – юрыстам. Мама дае ёй слушныя парады. А сама Алена да гэтай пары прыслухоўваецца да жыццёвых падказак сваёй матулі, што шмат гадоў узначальвала кадравую службу ў ПМК-52. Раіса Багданаўна мэтанакіравана выхоўвала ў дачкі шчырую любоў да працы і высокую адказнасць за ўласныя ўчынкі.

За добрасумленную працу Алена Хічова была ўзнагароджана Ганаровымі граматамі аддзела па адукацыі і галоўнага ўпраўлення па адукацыі аблвыканкама. А напрыканцы мінулага года – Граматай Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь.

Ніна КРУКОВІЧ.
Фота аўтара.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *