В Докшицком РОСК работает инспектор, влюблённый в цветы и путешествия
Сем гадоў таму Анжаліка Радзюш, маючы адукацыю выкладчыка музыкі і настаўніка беларускай мовы і літаратуры, працаўладкавалася ў Докшыцкi раённы аддзел Следчага камітэта на пасаду інспектара па дакументацыйным забеспячэнні. Здавалася б, што можа даць выключна папяровая работа для такой творчай, актыўнай асобы, як Анжаліка? А яна знайшла сябе на новым полі дзейнасці.
Інспектар працуе з карэспандэнцыяй, нарматыўна-прававымі актамі, загадамі, архівам – адсочвае рух усіх расследуемых крымінальных спраў. Следчыя называюць яе ўчастак работы “інфармацыйным цэнтрам”.
Да ўсяго Анжаліка Генадзьеўна зазначае, што вельмі ўтульна адчувае сябе ў калектыве, дзе пануе шчырая ўзаемапавага.
– Супрацоўнікі дапамагаюць адзін аднаму, падтрымліваюць, ветлівыя ў зносінах, – кажа яна.
Асаблівая дружба склалася ў інспектара з жаночай паловай калектыву: следчымі Юліяй Палачанінай, Крысцінай Яловік, Карынай Грыгор’евай, тэхнічным работнікам Аксанай Радзевіч.
– Мае калегі-жанчыны адметныя ў працы – здзіўляюся іх прафесіяналізму, бо, напрыклад, нават зусім маладыя следчыя не губляюцца ні ў якіх абставінах. І ў той жа час дома яны цудоўныя гаспадыні, клапатлівыя, пяшчотныя – сапраўдныя жанчыны, – расказвае Анжаліка.
Наша гераіня і сама такая ж – працавітая, уважлівая да родных. Сям’я для яе – у аснове асноў: муж Уладзімір, дачка Ангеліна, сын Арсеній. Сястра Вераніка, з якой разам пасля заканчэння музычнага аддзялення Полацкага каледжа прыехалі ў Докшыцкі раён па размеркаванні і так і засталіся тут.
Анжаліка жыве ва ўласным доме. Займаецца развядзеннем пакаёвых кветак: архідэй, каланхоэ, фіялак. Яе муж – майстар на ўсе рукі, усе будаўнічыя работы ў жыллі выканаў сам. Выдатна разбіраецца ў тэхніцы, таму сямейны транспарт рамантуе таксама самастойна. Дачка зараз у Мінску, сын – васьмікласнік першай гарадской школы. Мама-філолаг заўсёды дапамагала дзецям у падрыхтоўцы да конкурсаў па літаратурнай творчасці, і ў выніку ім неаднойчы даставаліся прызавыя месцы абласной вартасці. Артыстычную Ангеліну прыцягвалі і да ўдзелу ў конкурсе мастацкай самадзейнасці, які праводзіўся ў Следчым камітэце, і дзяўчынка прынесла нашаму аддзелу перамогу на ўзроўні рэспублікі!
Анжаліка Генадзьеўна – заўзяты аматар падарожжаў. Была з сям’ёй у Расіі, Балгарыі, а ў апошні час усе разам калясяць па Беларусі.
– На маршруце музеі, выстаўкі, памятныя мясціны, – пералічвае Анжаліка. – Па традыцыі абавязкова адпраўляемся ў паездку ў мой дзень нараджэння, і гэта для мяне самы дарагі падарунак. Як можна не наведаць Сафійскі сабор, калі туды з’язджаюцца людзі з розных куточкаў краіны? Ці не пабываць у Беларускім дзяржаўным музеі гісторыі Вялікай Айчыннай вайны або ў Нацыянальным гістарычным музеі Рэспублікі Беларусь? Гэта святое. Не ўтрымаліся і наведалі нядаўна выставу дасягненняў “Мая Беларусь” у Мінску. Такім чынам мы з мужам далучаем сваіх дзяцей да нацыянальных каштоўнасцей, выхоўваем любоў да Радзімы, а самі кожны раз пераконваемся, што Беларусь – развітая, з багатай культурнай спадчынай і няпростай гісторыяй краіна, якую патрэбна шанаваць.
Родам Анжаліка з Міёрскага раёна, але ўсім сэрцам палюбіла Докшыччыну. Захапляецца хараством прыроды і лагоднымі, гасціннымі людзьмі.
Ніна КРУКОВІЧ.
Фота з асабістага архіва А. РАДЗЮШ.

