Водитель Фёдор Мусияченко из Докшиц является примером рабочей этики и дисциплины
Чалавекам з залатымі рукамі, прыкладам працоўнай этыкі і дысцыпліны называюць калегі Фёдара Мусіячэнку, вадзіцеля аўтамабіля Цэнтра па забеспячэнні дзейнасці бюджэтных арганізацый раёна.
Нядаўна Фёдар Іванавіч адзначыў 60-гадовы юбілей і ў дзень нараджэння атрымаў Ганаровую грамату райвыканкама за добрасумленную працу. Заслужаную ўзнагароду яму ўручыла старшыня раённага Савета дэпутатаў Валянціна Рандарэвіч. Валянціна Юр’еўна шчыра падзякавала юбіляру за руплівасць і пажадала далейшых поспехаў.
У галіне адукацыі Фёдар Мусіячэнка дваццаць гадоў, а наогул за плячыма ў яго больш за сорак гадоў агульнага стажу.
Любоў да тэхнікі праявілася ў Фёдара ў школьныя гады, калі два летнія сезоны адпрацаваў памочнікам у перадавога камбайнера калгаса “Камсамолец” Аляксандра Судніка, свайго роднага дзядзькі.
– Работа, як я цяпер разумею, была цяжкая, але тады, у юнацтве, не стамляўся – з вышыні мнагатоннай машыны захапляўся каласістымі палямі, прасторам неба, мясцовымі пейзажамі. Рамантыка была на першым плане!
Фёдар вывучыўся на трактарыста-машыніста і слесара і да арміі ўладкаваўся ў райсельгасхімію, пасля больш за сямнаццаць гадоў адпрацаваў электраманцёрам-лінейшчыкам у будаўніча-мантажным упраўленні № 5 трэста «Белсельэнергабудмантаж»: цягаў на трактары грузы, займаўся зваркай, уздымаўся на апоры. Калі пачасціліся дальнія камандзіроўкі, вымушаны быў адмовіцца ад любімай работы. Некалькі наступных гадоў слясарнічаў на прыватным прадпрыемстве «Дзяснянка», дзе як мае быць навучыўся сантэхнічнай справе.
– Калі ёсць імкненне асвоіць якое-небудзь рамяство, усё зробіш для таго, каб потым не сорамна было глядзець людзям у вочы за выкананую работу, – зазначае герой артыкула. Гэта яго прынцып, дзякуючы якому і заслужыў аўтарытэт.
У аддзел па адукацыі райвыканкама перайшоў у 2006 годзе (з 2020-га “гаспадарчая” частка аддзела перабралася ў створаны Цэнтр па забеспячэнні дзейнасці бюджэтных арганізацый раёна). Спачатку Фёдар Іванавіч працаваў сантэхнікам гаспадарчай групы, затым быў пераведзены ў вадзіцелі. На цяперашняй Газелі калясіць дзявяты год – развозіць па ўстановах адукацыі прадукты харчавання, ездзіць па тавары ў Глыбокае.
– Мая “Белка” лёгка кіруецца, таму ездзіць на ёй адно задавальненне, – кажа вадзіцель. – Люблю дарогу і штодзённыя зносіны з рознымі людзьмі, а заадно пажартаваць, узняць камусьці настрой.
Так, Фёдар Іванавіч весяльчак па натуры і надзвычай сур’ёзны ў рабоце. Утрымлівае аўтамабіль ва ўзорным санітарным і тэхнічным стане, у ідэальным парадку накладныя. Можа разабраць аўтамабіль “да вінцікаў”.
З тэхнікай на “ты” быў і яго бацька Іван Фёдаравіч, ветэран Вялікай Айчыннай вайны, які працаваў у РЭСе зваршчыкам.
– Усё дзяцінства круціўся каля яго, назіраў, як працаваць з жалезам, – успамінае мужчына. – Навука прыйшлася па душы, таму зараз і я майструю – аблягчаю побыт рознымі прыстасаваннямі.
Якія толькі вырабы не ўвасобіліся дзякуючы фантазіі нашага Самадзелкіна, як ён з усмешкай называе самога сябе! Тут і шматлікія прылады для зручнага рамонту машыны, і ручны прэс, і шырачэнная рыдлёўка, якой можна капаць не згінаючыся…
Заўважае, што дома ў яго надзейны тыл.ьМожа, таму і шчыруецца заўжды з настроем.
– З жонкай Тамарай Пятроўнай разам трыццаць дзевяць гадоў, наша дачка Юлія з сям’ёй жыве ў Полацку і часта наведвае бацькоўскі дом, – расказвае Фёдар Іванавіч. – У кватэры чыста, утульна, нагатавана, таму вяртаюся сюды як у самы прывабны куточак на зямлі.
Удзячны Фёдар Іванавіч і кіраўніцтву Цэнтра за высокую ацэнку сваёй працы.
– Па праўдзе сказаць, няёмка сябе адчуваю, калі мяне, як падаецца, залішне хваляць, – прызнаецца ўзнагароджаны. – Кожны павінен працаваць з поўнай самааддачай. І ўсё ж прыемна, калі гэта заўважаюць навакольныя.
Ніна КРУКОВІЧ.
Фота аўтара.

