Как защитить свои права в магазине?

scale_

У чат-бот газеты наш чытач звярнуўся са скаргай. У адной з сеткавых крам Докшыц ён не ў першы раз набыў нясвежае, як сам лічыць, курынае мяса. Пакупнік цікавіцца: што рабіць у такіх выпадках?
Па тлумачэнні аб абароне правоў спажыўца мы звярнуліся да кампетэнтных спецыялістаў.

Наталля Лукша, намеснік начальніка аддзела эканомікі райвыканкама:

– Вяртанне няякасных прадуктаў у Беларусі рэгулюецца Законам “Аб абароне правоў спажыўцоў”. Пакупнік мае права вярнуць грошы ці замяніць тавар на працягу тэрміну прыдатнасці. Патрабуецца прынесці прадукты харчавання (нават калі яны сапсаваныя) і чэк у краму, аформіць пісьмовую прэтэнзію/заяву (адвольнай формы), запатрабаваць неадкладнага вяртання грошай ці замены.

Пакрокавыя дзеянні:

1. Захавайце ўпакоўку, чэк (калі чэка няма, факт пакупкі можна даказаць пры дапамозе сведак, банкаўскай выпіскай або відэазапісам).
2. Вярніцеся ў краму (пажадана хутчэй), звярніцеся да адміністратара або прадаўца.
3. У выпадку адмовы крамы ўрэгуляваць пытанне па вуснай заяве напішыце прэтэнзію ў двух экзэмплярах (адзін – прадаўцу, другі – сабе з адзнакай аб прыняцці). Зазначце, што прадукты маюць прыкметы сапсаванасці (пах, колер, скончаны тэрмін прыдатнасці).
4. Згодна з арт. 20 Закона, вы можаце вярнуць грошы або абмяняць набыты тавар на якасны.

Калі крама сумняваецца ў сапсаванасці, яна мае права правесці праверку якасці або экспертызу (да 14 дзён). Пры пацвярджэнні недахопу расходы нясе прадавец. У выпадку пацвярджэння якасці прадукцыі расходы кладуцца на пакупніка.

Зварот грошай або абмен ажыццяўляюцца неадкладна, у выпадку неабходнасці праверкі якасці – да 14 дзён.

Калі крама адмаўляе, то:
пакіньце запіс у “Кнізе скаргаў і прапаноў”;
звярніцеся ў мясцовы выканаўчы камітэт ці Таварыства абароны спажыўцоў;
падайце іск у суд (дзяржпошлінай не абкладаецца).

Ганна Трашчанка, галоўны санітарны ўрач раёна:

– Пры пакупцы няякасных прадуктаў вы маеце права вярнуць грошы ці абмяняць тавар як мага хутчэй.

Вазьміце з сабой сапсаваны тавар, звярніцеся да дырэктара крамы ці загадчыка аддзела і паведаміце, што тавар няякасны (пратэрмінаваны, сапсаваны, мае пабочны пах і г. д.). Калі крама не рэагуе, то можна звярнуцца ў Докшыцкі РЦГіЭ са зваротам, што прадукт небяспечны для здароўя і жыцця насельніцтва. На падставе звароту кіраўніком Цэнтра гігіены і эпідэміялогіі прызначаецца нагляднае мерапрыемства па выкананні патрабаванняў санітарна-эпідэміялагічнага заканадаўства. Пры выяўленні парушэнняў выдаецца прадпісанне аб іх устараненні, службовыя асобы прыцягваюцца да адміністрацыйнай адказнасці ў выглядзе штрафу.

Штогод 15 сакавіка адзначаецца Сусветны дзень абароны правоў спажыўцоў. У 2026 годзе ў дзяржавах – членах Еўразійскага эканамічнага саюза гэты дзень пройдзе пад дэвізам: «У Інтэрнэце як дома: ведай правы, купляй свядома». Тэма накіравана на прыцягненне ўвагі да праблем узаемадзеяння спажыўцоў і прадпрымальнікаў у лічбавай прасторы ў мэтах пошуку ўзаемапрымальных шляхоў іх вырашэння, фарміравання добрасумленных паводзін і даверу паміж імі.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *