Людмила Юкович из деревни Красное Березино умеет превращать стекло в искусство

Людміла Юковіч са сваімі работамі.

Людміла Юковіч са сваімі работамі.

Бісер – адзін з матэрыялаў для рукадзелля, у якім гарманічна спалучаюцца загадкавы бляск, сакавітасць фарбаў, дакладнасць і адначасова плаўнасць ліній і неабмежаваныя магчымасці для палёту фантазіі. Людміла Юковіч, галоўны спецыяліст аддзела статыстыкі Докшыцкага раёна Галоўнага статыстычнага ўпраўлення Віцебскай вобласці, член пярвічнай арганізацыі ГА “Беларускі саюз жанчын”, на сваім шматгадовым вопыце пераканалася, якія цудоўныя і непаўторныя рэчы можна ствараць з малюсенькіх крупінак шкла.

Прайсці каля стала і паліц, на якіх непасрэдна ў рабочым кабінеце гераіні нашага аповеду размешчана невялікая выстава яе работ, проста немагчыма. Самыя розныя кветкі з бісеру – у вазах і кашпо, прыгожых карзінках – не налюбавацца: зіхатлівае хараство прыцягвае магнітам. Работы вельмі акуратныя, можна сказаць, філігранныя, з выдатным падборам колераў. Дарэчы, па іх можна заўважыць, як з гадамі шліфавалася майстэрства Людмілы Генадзеўны.

– Падчас працэсу стараюся быць максімальна сканцэнтраванай, – гаворыць майстрыха. – Інакш ёсць рызыка збіцца, і тады ўсё давядзецца пачынаць нанова. Яшчэ ж і якасць матэрыялаў важная, – заўважае яна. – Не толькі бісеру, але і лескі, дроту, якія цяпер можна падабраць патрэбнага колеру.

З зіхоткімі кветкамі на выставе нядрэнна спалучаюцца мілыя, як зараз прынята гаварыць, мі-мі-мішныя звераняты – коцікі, медзведзяняты, сабачкі, качаняты і нават вельмі сімпатычны бычок, зробленыя шыдэлкам. Вырабам цацак, якія літаральна вылучаюць цеплыню, Людміла захапілася з тае пары, калі нарадзілася ўнучачка.

– Раней таксама даволі шмат вязала, але гэта было ў асноўным адзенне, – распавядае. – Аказваецца, каб заняцца нейкім новым відам творчасці, часам патрэбны пэўны штуршок. І вельмі прыемна, што ён у мяне пазітыўны.

У аддзеле статыстыкі Людміла Генадзеўна, выпускніца Беларускага дзяржаўнага эканамічнага ўніверсітэта, працуе ўжо 23 гады. Адзначае, што захапленні яе адпавядаюць асноўнай дзейнасці. І там, і там патрэбны акуратнасць, цярплівасць, уседлівасць, дакладны матэматычны разлік. А яшчэ наша гераіня любіць займацца кветкаводствам. Пакаёвыя расліны, самі таму сведкі, у кабінеце буяюць і раскашуюць. “Людзіна заслуга”, – пацвярджаюць калегі. Сама ж Людміла Генадзеўна, жанчына вельмі сціплая, у адказ на пахвалу адмахваецца: маўляў, і што тут такога асаблівага? Хочацца сказаць: дык гэта Вы асаблівая – са сваім уменнем не толькі бачыць, але і ствараць прыгажосць.

Алена НЕСЦЯРОНАК.
Фота аўтара.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *