Жизненная осень Таисы Кваченок из деревни Юрковщина окрашена в светлые оттенки

ЕН 1756 с

У Таісы Квачонак з вёскі Юркаўшчына, што ў Параф’янаўскім сельсавеце, майскае свята звязана са светлымі ўспамінамі пра тое, як праходзіла яно раней у калгасе, – спачатку ён меў назву “Прагрэс”, затым – “Красное знамя”, ну а напрыканцы працы Таісы Уладзіміраўны ў сельскай гаспадарцы ўжо ўвайшоў у склад “Докшыцкага райаграсэрвіса”.

– Урачыстасць называлася ў нас святам вясны і карысталася шырокай папулярнасцю ў вяскоўцаў, – згадвае яна. – Дружна весяліліся, спявалі, танцавалі, ладзілі ўсялякія гульні і забавы. Цешыліся хараством прыроды, радаваліся дасягненням у працы, прэміям і падарункам. Абавязковым “атрыбутам” мерапрыемства была юшка. Галоўным кухарам пры яе прыгатаванні выступаў мой Пётр Аляксандравіч – атрымлівалася вельмі смачна, хоць, здавалася б, і сакрэту ніякага ён не меў…

Хто ведае, як склаўся б лёс сужэнцаў Квачонкаў, ураджэнцаў недалёкіх ад Юркаўшчыны вёсак Балтрамееўцы і Свіркі, каб не адзін, скажам так, нюанс, які не дазволіў ім знаходзіцца ўдалечыні ад радзімы. Але па парадку. Таіса Уладзіміраўна з Пятром Аляксандравічам разам ужо больш за паўвека. А яшчэ ж перад гэтым сябравалі сем гадоў, удакладняе жанчына. Пётр у свой час закончыў мараходнае вучылішча і ўсталяваўся ў Мурманску, куды і забраў сваю маладую жонку.

– Усё добра было, акрамя пастаянных расставанняў, бо Пеця, канешне ж, хадзіў у рэйсы, – працягвае суразмоўца. – Падчас тых разлук вельмі хацелася дадому, і, мяркую, Бог мяне пашкадаваў, хоць і своеасабліва: я стала дрэнна пераносіць мясцовы клімат, ажно задыхалася. Вярнуліся ў Балтрамееўцы, да Пецевых бацькоў, – і хваробу маю як рукой зняло.
Таіса Уладзіміраўна, швачка па прафесіі, доўгі час была кухарам у Юркаўшчынскім дзіцячым садзе, а калі ён зачыніўся, без ваганняў перайшла працаваць на ферму, стала аператарам машыннага даення, заўжды была на добрым уліку ў кіраўніцтва гаспадаркі, неаднаразова адзначалася за добрасумленную працу і высокія паказчыкі. З цеплынёй успамінае сваіх калег – і па дзіцячым садзе, і па МТФ. Па ўсім бачна, што яна сама вельмі добры, спагадлівы, шчыры і адкрыты чалавек, а такія людзі заўсёды бачаць добрае ў іншых і лёгка ладзяць зносіны ў калектыве. Пётр Аляксандравіч, якога ў маладыя гады так вабіла мора, знайшоў сваё месца і на сушы: і вадзіцелем добрым быў, і зваршчыкам, і гаспадар талковы і надзейны ў доме да гэтае пары. Трох сыноў у любові і павазе выгадавалі, радуюцца ўнукам, таму, што разам, і кожнай новай вясне як святу жыццёвага адраджэння.

Іх жыццёвая восень, прызнаецца Таіса Уладзіміраўна, афарбавана ў светлыя адценні і працякае размерана, спакойна, камфортна. Галава сям’і па-ранейшаму любіць займацца тэхнікай, штосьці майстраваць, разам сужэнцы гаспадараць на сядзібе, а Таіса Уладзіміраўна яшчэ і даволі актыўны інтэрнэтны карыстальнік, ахвотна глядзіць розныя пазнавальныя тэлеперадачы і разгадвае красворды, часам і з дапамогай свайго вернага спадарожніка. Мозг увесь час павінен працаваць, пераканана яна, тады і сэрцу весялей.

Алена НАВАСЕЛЬСКАЯ.
Фота аўтара.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *