Три единицы спецтранспорта закреплены за машинистом автогрейдера РУП ЖКХ «Докшицы-коммунальник» Олегом Скакуном
22 марта — День работников бытового обслуживания населения и жилищно-коммунального хозяйства
“Наш Фёдаравіч не падвядзе”, — так гаворыць пра машыніста аўтагрэйдара РУП ЖКГ “Докшыцы-камунальнік” Алега Скакуна дырэктар прадпрыемства Дзмітрый Каляга.
У жыллёва-камунальнай гаспадарцы Алег Фёдаравіч працуе два дзясяткі гадоў. За гэты час зарэкамендаваў сябе адказным, чэсным і старанным работнікам, які ведае і любіць сваю прафесію. Добрасумленная праца Алега Скакуна неаднаразова адзначалася ўзнагародамі профільнага ведамства на раённым і абласным узроўнях. Сёлета ў яго скарбонку трапіла яшчэ адна: напярэдадні прафесійнага свята машыніст атрымаў Ганаровую грамату Міністэрства жыллёва-камунальнай гаспадаркі.
Забяспечыць кацельні дровамі, зімой ачысціць ад снегу дарогі, а летам прагрэйдзіраваць іх у населеных пунктах раёна – такую работу ўжо на працягу многіх гадоў выконвае вопытны машыніст.
Першыя крокі ў прафесію ён рабіў у былым калгасе “Ленінскі шлях”. Там працаваў трактарыстам на падвозцы кармоў. Затым была служба ва ўнутраных войсках у Маскве, пасля якой зноў вярнуўся ў сельскую гаспадарку.
– Родам я з Замасточча, але калі ажаніўся, то ў хуткім часе з сям’ёй пераехаў у Параф’янава, – гаворыць Алег Фёдаравіч. – Там якраз адкрываўся ўчастак камунгаса, куды патрабаваўся трактарыст. Мяне туды ўзялі, і з тых часоў, а гэта быў пачатак 90-х, працую на карысць роднага прадпрыемства. На сённяшні дзень займаюся загрузкай дроў і адвозкай іх на кацельні. За ўчарашні дзень, напрыклад, зрабіў чатыры рэйсы ў Барсукі і шэсць у Крулеўшчыну і перавёз каля 80 кубаметраў дроў.
Прыкладна праз месяц, калі падсохнуць гравійныя дарогі, Алег Скакун перасядзе на аўтагрэйдар. Будзе выраўноваць і прафіляваць праезную частку, засыпаць яміны і каляіны ў населеных пунктах – усё для камфортнага руху. Так, за 2025 год ён выканаў рамонтнае прафіляванне вулічна-дарожнай сеткі ў горадзе і населеных пунктах раёна агульнай працягласцю амаль што 124 кіламетры.
За машыністам замацаваны тры адзінкі спецыялізаванага транспарту: акрамя аўтагрэйдара, яшчэ Беларус 952.3 і новенькі МТЗ-82.
– Тэхніку даглядаю як сваю, – усміхаецца Алег Фёдаравіч. – А як інакш? Трэба не толькі ўмець кіраваць, але і разбірацца ва ўсіх механізмах, рамантаваць. З запчасткамі на прадпрыемстве праблем няма – поўная забяспечанасць. Калі толькі здараецца буйная паломка, тады ўжо заказваем неабходныя дэталі.
Працэс папаўнення транспартнага парка ў “РУП ЖКГ “Докшыцы-камунальнік” не спыняецца. Нядаўна там набылі новы прычэп з маніпулятарам, які вадзіцель-прафесіянал будзе выкарыстоўваць падчас збору буйнагабарытнага смецця.
Таццяна ПАДБЯРЭЗКАЯ.
Фота Вячаслава Чарвінскага.

