Филиал «Докшицыводоканал» обеспечил потребителей качественной питьевой водой

IMG_4666 с

22 марта — День работников бытового обслуживания населения и жилищно-коммунального хозяйства

Разам з работнікамі бытавога абслугоўвання насельніцтва і жыллёва-камунальнай гаспадаркі сваё прафесійае свята адзначае калектыў філіяла “Докшыцыводаканал”, які быў створаны ў студзені 2018 года.

Пра тое, што было зроблена за некалькі апошніх гадоў дзеля дабрабыту насельніцтва і раёна ў цэлым, як далей плануецца развіваць водаправодна-каналізацыйную гаспадарку, “РВ” расказаў дырэктар прадпрыемства Андрэй Шнітко.

– Пачыналі, прызнацца, амаль што з нуля, – узгадвае Андрэй Веньямінавіч. – Вытворчай базы не было, абсталявання таксама, толькі старая тэхніка. Але, дзякуючы фінансавай падтрымцы аблводаканала, філіял паступова набіраў абароты ў сваім развіцці. На сённяшні дзень на балансе знаходзіцца 50 адзінак спецтэхнікі, з дапамогай якой можам выконваць любыя віды работ.

– Развіваючы водаправодна-каналізацыйную сетку, прадпрыемства ў першую чаргу імкнецца да паляпшэння якасці пітной вады…

– Так, пачынаючы з 2021 года, нам удалося пабудаваць станцыі абезжалезвання ў многіх населеных пунктах. Напрыклад, яны з’явіліся ў Літоўцах, Валкалатах, Порплішчы, Дамашкавічах. Акрамя гэтага, пабудаваны артэзіянскія свідравіны ў Параф’янаве, Паўночным Гняздзілаве, Сітцах. Праведзена таксама рэканструкцыя каналізацыйна-помпавай станцыі на аб’екце “Бальніца – Бягомль”.

Пасля завяршэння будаўніцтва артэзіянскай свідравіны на цэнтральным водазаборы на вуліцы Гайдара ў Докшыцах атрымалася знізіць страты ў сетках. Станоўча вырашылася і пытанне для жыхароў вёскі Вецяра, якія доўгі час чакалі мадэрнізацыі водаправода ў гэтым населеным пункце.

Такім чынам, забяспечанасць спажыўцоў якаснай пітной вадой аб’ектаў, якія знаходзяцца на балансе філіяла, на 1 студзеня 2026 года склала 100 працэнтаў.

У 2025 годзе філіялам заменена 18 850 пагонных метраў сетак водазабеспячэння і 1734 пагонныя метры сетак каналізацыі. Гэта работа была праведзена ў чатырох раёнах – Докшыцкім, Глыбоцкім, Пастаўскім і Шаркаўшчынскім, якія знаходзяцца на абслугоўванні філіяла.

– Якімі відамі дзейнасці яшчэ займаецца прадпрыемства і якія паслугі аказвае?

– У філіяле дзейнічае цэх па выпуску жалезабетонных вырабаў. У ім фармуюцца кольцы розных дыяметраў, каналізацыйныя люкі, адмосткі для калонак, слупы для агароджы. Ёсць будаўнічы ўчастак, работнікі якога займаюцца мадэрнізацыяй і рамонтам нашых аб’ектаў. Акрэдытавана таксама хімічная лабараторыя, у якой праводзяцца даследаванні пітных, сцёкавых і паверхневых вод. Дарэчы, на дагаворных умовах лабараторыя можа аказаць паслугу на правядзенне падобных іспытаў любому заказчыку.

– Падзяліцеся, калі ласка, планамі філіяла на бліжэйшы час?

– На бягучым тыдні водаканалаўцы прыступілі да мадэрнізацыі водаправоднай сеткі на 1-м і 2-м завулках Гідратэхнікаў у райцэнтры. На наступным тыдні рэканструкцыя будзе распачата і на вуліцы Ленінскай, на ўчастку ад кінаканцэртнай залы “Іскра” да аўтастанцыі. Пры гэтым будзе прымяняцца сучасная тэхналогія – метад праколу.

Далейшыя планы філіяла звязаны з будаўніцтвам цэха па вытворчасці поліэтыленавых труб. Уласнавыпушчаную прадукцыю маем намер выкарыстоўваць для сваіх патрэб, а таксама забяспечваць ёю ўсе філіялы вобласці. Запусціць цэх плануем у 2027 годзе.

– Андрэй Веньямінавіч, ці згодны, што поспех любога прадпрыемства залежыць ад людзей, якія там працуюць, ад іх старанных адносін да справы, якую робяць?

– Безумоўна. У нашым калектыве, у якім сярэдні ўзрост работнікаў вагаецца ад 40 да 45 гадоў, налічваецца каля сотні чалавек. Склаўся асноўны касцяк, але, нягледзячы на гэта, мы рады бачыць у радах водаканалаўцаў маладое папаўненне. Таму актыўна супрацоўнічаем з сярэднімі спецыяльнымі ўстановамі, якія знаходзяцца ў Глыбокім, Лепелі, Гарадку, Полацку і Паставах, з тымі, хто рыхтуе спецыялістаў патрэбных нам прафесій.

Сярод тых, хто годна выконвае свае абавязкі, шмат прафесіяналаў. Хацелася б адзначыць начальніка будаўнічага ўчастка Мікалая Каваленку, майстра Сяргея Лукашэвіча, старшага аператара ачышчальных збудаванняў Віктара Корсака, слесара-вадзіцеля аварыйнай машыны Андрэя Багаткевіча, экскаватаршчыка Станіслава Вахавіча, будаўнікоў Дзмітрыя Курдзеку, Аляксандра Савулава і многіх іншых работнікаў філіяла.

Віншую калег са святам, жадаю ім моцнага здароўя, дабрабыту і новых поспехаў у працы.

 

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *