Очередной выпуск проекта «Вёсачка мая» привел в деревню Матеевцы Берёзковского сельсовета
МАЦЕЕЎЦЫ – вёска ў Бярозкаўскім сельсавеце, у канцы ХІХ – пачатку ХХ ст. уваходзіла ў склад Вітуніцкай воласці і была прыпісана да праваслаўнага прыхода Барысаўскага павета. У кастрычніку 1888 года ў вёсцы была адчынена перасоўная школа. Вядома, што выкладаннем асноўных прадметаў у школе займаўся селянін Міхаіл Булыга, які скончыў курс народнага вучылішча (яму плацілі рубель ад вучня за зіму і гатовы стол), а Закон Божы выкладаў святар Емяльян Сулкоўскі, выпускнік Мінскай дзённай семінарыі. Па звестках, што захаваліся, у 1890-1891 навучальным годзе ў школе вучыліся 25 хлопчыкаў.
Паводле дакументаў, датаваных 1909 годам, у Мацееўцах налічвалася 40 двароў, у якіх пражывалі ажно 332 жыхары. У 1933 годзе там арганізоўваецца калгас “Іскра сацыялізму”, працуе кузня.
У гады Вялікай Айчыннай вайны Мацееўцы былі спалены фашыстамі. Адноўленая пасля вайны вёска мела каля трох дзясяткаў двароў. На 1.01.2004 г. у ёй пражывала ўжо толькі 12 жыхароў. Зараз з карэнных засталася адна жанчына.
Трымаюць моцна карані
Васьмідзесяцігадовую Ганну Гмыза, адзіную карэнную жыхарку некалі шматлюднай вёскі, у якой нарадзілася, вырасла і правяла ўсё сваё жыццё, вобразна можна было б назваць апошняй з магікан. Але, правёўшы з жанчынай некалькі гадзін, мы зразумелі: не, не падыходзіць ёй гэта тужлівае азначэнне! Ганна Васільеўна бясспрэчна адносіцца да ўсё больш рэдкай катэгорыі людзей, якіх робяць шчаслівымі маленькія штодзённыя радасці.
Вось і нашаму прыезду яна была невымоўна рада: загарэліся агеньчыкі ў вачах, зарумяніліся шчокі, замітусілася ў прыемных клопатах: трэба ж і пераапрануцца ў святочнае з нагоды нечаканых гасцей на парозе, і пачаставаць іх. Ледзь утаймавалі ў гэтых парывах новую знаёмую, якая на дзявятым дзясятку свайго жыцця па хуткасці ў рухах, нават своеасаблівай вёрткасці дасць фору многім пяцідзесяцігадовым (цьфу-цьфу, каб так было яшчэ шмат-шмат гадоў!).
– Не буду Богу грашыць, дзетачкі, у бальніцы я была, калі радзільны дом не лічыць… А чаго яго лічыць – гэта ж не хвароба, праўда? Дык адзін толькі раз, калі руку зламала, – распавяла Ганна Васільеўна. – Таблетак-то цэлы мех у мяне: ціск кантралюю, сэрца падмацоўваю, часам валяр’янкі, калі не спіцца, вып’ю… Дзіўна ж было б, каб у маім узросце без таблетак.
Наша гераіня – тыповая прадстаўніца пакалення вясковак свайго часу. Расказвае, як бедна жылі пасля вайны. Скончыла ў суседнім Дармантове толькі сем класаў, а далей трэба было хадзіць за няблізкі свет у Бярозкі, і маці сказала: “Вось твая старэйшая сястра хадзіла, я за яе ўвесь час перажывала, а пайшла ўсё роўна працаваць на ферму. Лепей я цябе на гэтыя тры гады домработніцай у якую багатую сям’ю ўладкую, дык хоць нейкія грошы атрымаеш і пад’еўшы будзеш”. Так і сталася. Яе працоўны стаж у жывёлагадоўлі – трыццаць два з паловай гады. Даяркай. На адной ферме ў родных Мацееўцах.
Шмат разоў распавядалася ў нашай газеце, як працавала пасляваеннае пакаленне ў сельскай гаспадарцы. Нізкі паклон гэтым людзям, і Ганне Васільеўне ў тым ліку. А яна і цяжкасці той працы згадвае неяк светла, без адзінай ноткі суму ці крыўды. “Прымчуся з фермы – дома ветрам нашуся: і свая жывёла, і агароды, і прыбрацца ў хаце, адзенне памыць трэба, і есці наварыць… Наварыць навару, а часу самой пад’есці ўжо і няма: зноў на ферму трэба. Ухаплю скібу хлеба з агурком – і подбегам на працу. Нічога, затое вось фігуру захавала”, – смяецца.
За свайго Івана выйшла замуж у дзевятнаццаць. Пражыла з ім у згодзе 57 гадоў, і вось ужо шэсць як удава. Паказвае нам яго фотаздымкі, любоўна гладзячы іх мазолістымі рукамі. Кажа, што востра адчувае адзіноту пасля мужава сыходу з жыцця, хоць і недалёка па сучасных мерках сыны з сем’ямі – у Мінску і Глыбокім, не забываюць, прыязджаюць. Ганна Васільеўна багатая на васьмярых унукаў і семярых праўнукаў. Спадзяецца яшчэ і прапрабабуляй стаць. Самы востры яе боль, які не сталі варушыць, – страта трэцяга сына. Пахавалі з мужам яго зусім маладога, ва ўзросце 27 гадоў. “Добра, што ўдваіх былі тады, – зазначае са слязьмі ў вачах (мацярынскі боль вечны). – Па аднаму проста не перанеслі б…”
Яна тут жа гоніць ад сябе горкія думкі, пачынае ўспамінаць жыхароў сваёй роднай вёскі. Пра кожнага гаворыць штосьці добрае, адметнае, як і пра цяперашніх сваіх суседзяў, пра пляменніцу Тамару, якая вельмі пра яе клапоціцца. Увогуле сваім жыццём у доміку без выгод, які на пачатку сямейнага жыцця купілі з мужам не ў самым лепшым стане, падрамантавалі, крыху дабудавалі, цалкам задаволена. Пенсія, кажа, добрая, аўталаўка двойчы на тыдзень прыязджае, прырода вакол – не налюбавацца, а сілы для вясковай працы яшчэ крыху ёсць. Курэй трымае, катоў, сабачку. Радуецца, што ўскапала ўласнаручна на зіму агарод, які сыны адмовіліся ўзорваць, шкадуючы яе. “Сядзі, кажуць, на лаўцы, грэйся на сонцы, а не ў градах крукам стой – мы табе ўсё купім. А я за зіму наседзелася, мне рухацца трэба!” І ў горад яна ехаць не хоча: няма для жанчыны лепшага месца, чым яе Мацееўцы. Кажа, укаранілася тут – не адарваць. Верым. Духоўныя карані – яны самыя моцныя.
Удыхнулі новае жыццё
Так можна сказаць пра яшчэ адных жыхароў Мацееўцаў – мінчан Алену і Сяргея Мадзілеўскіх. Гэта не дачнікі, якіх у населеным пункце ледзь не праз хату, а пастаянныя жыльцы, што, за выключэннем непрацяглых паездак у сталіцу, праводзяць у звычайным на выгляд дамку ўвесь час, пачынаючы з 2023 года.
Алена Уладзіміраўна родам з Сібіры, з Томскай вобласці, з сям’і ваеннага. У юныя гады пакалясіла па многіх краінах і асталявалася ў Беларусі, выйшаўшы замуж за Сяргея Лявонцьевіча. Алена, як цяпер прынята гаварыць, бізнесвумен, высакакласны бухгалтар, даўно ўжо арганізавала сваю фірму, якой, маючы багаты вопыт і выдатныя веды, кіруе на аддаленні. Яе верны спадарожнік, у мінулым аўдытар і рэвізор, нядаўна выйшаў на заслужаны адпачынак. Сужэнцы аказаліся адзінадушнымі ў жаданні памяняць “клетку” чатырох гарадскіх сцен на домік у вёсцы. Не сталі траціць сілы і час на будаўніцтва летніка паблізу Мінска – проста селі ў аўтамабіль і паехалі, як кажуць, куды вочы глядзяць, у пошуках той мясціны, да якой будзе ляжаць душа. Так вось і даехалі да Мацееўцаў.
– Адразу зразумела: хачу тут жыць, – дзеліцца Алена Уладзіміраўна. – Адсутнасць бытавых выгод не спужала: і рукі ёсць, і сродкі. Такім чынам за два з лішкам гады правялі ваду, электраацяпленне, зрабілі лазню непасрэдна ў доме, выканалі яшчэ шэраг рамонтных работ, завезлі неабходную бытавую тэхніку. У планах яшчэ многае. Тым больш што дзеці нас падтрымліваюць і з задавальненнем прыязджаюць.
Дзейсныя гараджане на адным уладкаванні дома не спыніліся. Сяргей Лявонцьевіч паведаміў, што стаў ініцыятарам набыцця ажно гектара зямлі. Новаспечаны вясковец тут жа развёў міні-пасеку з трох вулляў, хоць ніколі да гэтага пчалярствам не займаўся. Але ж ёсць спецыяльная літаратура, ды і вопытныя пасечнікі ахвотна дапамагаюць парадамі. Купілі Мадзілеўскія і трактарок для апрацоўкі свайго гектара, але зямля праляжала цаліной бог ведае колькі дзесяцігоддзяў, і, каб яе давесці да ладу, першапачаткова спатрэбіцца больш магутная тэхніка. Гэта пытанне на сённяшні дзень і з’яўляецца для гаспадара самым актуальным.
Даўно заўважыла, што гараджане, у адрозненне ад асцярожных і некалькі кансерватыўных вяскоўцаў, больш рашучыя ў апрабацыі новых тэхналогій паўсюдна, і ў земляробстве, садаводстве не выключэнне (калі не ведаеш, як робіцца па-старому, смела дзейнічаеш па-новаму). Таму ёсць упэўненасць, што і гэтыя справы ў гэтай сямейнай пары з іх грунтоўным падыходам і энтузіязмам пойдуць як па масле.
– І людзі нам у вашай мясцовасці падабаюцца, – дадае гаспадыня. – Шчырыя, адкрытыя, добразычлівыя, гатовыя дапамагчы. Столькі новых прыемных знаёмстваў, столькі цікавых заняткаў, на якія неставала ў горадзе часу, ды і магчымасці не было – у нас тут, як у таго паштальёна Печкіна, жыццё толькі пачынаецца. Замест Шарыка Булька ёсць, курэй таксама купілі, ката завядзём. На карову наўрад ці, а вось на козачку ці авечак можна і рашыцца.
– А што? – падтрымлівае жонку Сяргей Лявонцьевіч. – Не багі ж гаршчкі абпальваюць.
Алена Несцяронак.
Фота Вячаслава ЧАРВІНСКАГА.




