Девятиклассник Ситцевской СШ три недели провёл в Национальном детском технопарке

dscn4183

Дзевяцікласнік Сітцаўскай сярэдняй школы Цімафей Гаранін у верасні тры тыдні правёў у Нацыянальным дзіцячым тэхнапарку ў сталіцы, напісаў там даследчую работу па тэме “Лазерныя тэхналогіі” і ва ўрачыстай абстаноўцы атрымаў сертыфікат.

Пры сустрэчы Цімафей распавёў пра сваё захапленне фізікай і падзяліўся ўражаннямі ад незабыўнай паездкі.

– Фізіка мяне зацікавіла з першых дзён, як толькі стаў яе вывучаць. Таму вырашыў яшчэ і запісацца на факультатыўныя заняткі, дзе з адной з маіх любімых настаўніц, Жаннай Яўгенаўнай Норавіч, праводзім рознага роду доследы. Найбольш глыбока я заняўся даследаваннем лазерных прамянёў і пад кіраўніцтвам Жанны Яўгенаўны напісаў па гэтай тэме даследчую работу, з якой ездзіў на раённую канферэнцыю “Першыя крокі ў навуку”. У восьмым класе дапрацаваў работу і ў канцы навучальнага года паслаў яе ў тэхнапарк. Паспяхова прайшоў першы адборачны тур, другі. На пачатку жніўня ўжо ведаў, што паеду ў сталіцу, і, вядома ж, вельмі хваляваўся. Але мяне падтрымалі і мая настаўніца, і мама з татам, і я паверыў у свае веды і магчымасці.

Тэхнапарк – такое месца, куды з’язджаюцца з усёй рэспублікі школьнікі, якім “цесна” ў рамках школьнай праграмы, якія імкнуцца вывучаць цікавыя для іх тэмы, даследаваць розныя з’явы больш глыбока. Нас было 150 вучняў, і мы працавалі – па 10 чалавек – у пятнаццаці кірунках, сярод якіх былі “Біятэхналогіі”, “Інфармацыйныя тэхналогіі”, “Камп’ютарныя тэхналогіі”, “Зялёная хімія” і іншыя. Займаліся з выкладчыкамі ў лабараторыях Беларускага нацыянальнага тэхналагічнага ўніверсітэта. Зразумела, праводзіліся і заняткі па школьных прадметах, каб не адстаць ад праграмы. Было шмат памятных экскурсій і сустрэч.

У тэхнапарку я не толькі напісаў работу, цікава і з карысцю правёў час, займеў новых сяброў, але і сустрэўся з нашым Прэзідэнтам. Як толькі 29 жніўня мы прыехалі і ўладкаваліся, адразу ж сабраліся на рэпетыцыю – сталі спяваць хорам гімн. Выкладчыкі трымалі інтрыгу, не гаварылі, што да нас прыедзе Аляксандр Лукашэнка, а толькі паведамілі, што першага верасня чакаецца шаноўны госць. Мы вельмі стараліся, і Кіраўнік краіны нас пахваліў, сказаў, што такога прыгожага і пранікнёнага выканання гімна яму яшчэ не даводзілася чуць. Гэтыя словы вельмі паднялі наш дух, і на наступны дзень усе з добрым настроем прыступілі да працы.

Акрамя фізікі, Цімафею падабаецца матэматыка, ды і ўвогуле хлопец вучыцца выдатна: яго сярэдні бал на сённяшні дзень – 9,2, і на гэтым “паказчыку” старанны вучань не думае спыняцца. Да ўсяго распавёў ён пра сябе на чысцюткай беларускай мове, што не можа не выклікаць павагу: значыць, і гуманітарныя здольнасці маюць месца! А паступаць Цімафей плануе ў БДУІР, дзе ўжо вучыцца яго старэйшы брат. І хто ведае, магчыма, праз колькі гадоў у нашай газеце з’явіцца артыкул пра маладога вучонага Цімафея Гараніна. Гучыць жа, праўда?

Алена НЕСЦЯРОНАК.
Фота аўтара.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *