Музыкальный руководитель детсада № 3 г. Докшицы Светлана Толкач: «Музыка — универсальный метод воспитания»

Святлана Толкач на занятках са сваімі выхаванцамі.

Святлана Толкач на занятках са сваімі выхаванцамі.

– Музыка – універсальны метад выхавання, – упэўнена Святлана Толкач, музычны кіраўнік дзіцячага сада № 3 г. Докшыцы. – Яна адкрывае сэрца і наталяе душу, уздымае настрой і надзвычай выразна расказвае пра ўзвышаныя і будзённыя рэчы.

Святлана Антонаўна працуе па спецыяльнасці больш за трыццаць гадоў. За гэты час праз яе рукі прайшлі сотні выхаванцаў, некаторыя абралі музыку як прафесію і цяпер дэманструюць свае таленты са сцэны.

– Шчыра рада за іх, бо на ўласным вопыце ведаю, што музыка натхняе, – зазначае Святлана Антонаўна.

Зараз яна вядзе заняткі ва ўсіх сямі групах дзіцячага сада, а таксама аб’яднанне па інтарэсах “Харэаграфія”. На яе плячах таксама арганізацыя шматлікіх святочных мерапрыемстваў: патрыятычных, навагодніх, калядных, выпускных і г. д.

– Мая работа – суцэльнае свята: песні, танцы, аркестр, – усміхаецца музычны кіраўнік. – Эмацыянальна затратная, але акупляецца вялікім прылівам энергіі пры дасягненні станоўчага выніку.

Сёлета ў дзіцячы сад набыта сучаснае фартэпіяна, пры неабходнасці абнаўляецца арсенал дзіцячых музычных інструментаў: металафонаў, бубнаў, лыжак, бразготак, нядаўна з’явіліся дыятанічныя званочкі з фіксаваным гукам – усе яны выкарыстоўваюцца ў дзіцячым аркестры і спрыяюць развіццю пачуцця рытму, музычнай памяці і ўвагі. У музычна-спартыўнай зале ўстаноўлены мульціборд для прагляду прэзентацый і відэаролікаў.

Шмат намаганняў з боку педагогаў прыкладаецца для ўпрыгожвання памяшкання, для падрыхтоўкі сцэнічных касцюмаў.

– Калектыў дзіцячага сада дружны, калегі падтрымліваюць адзін аднаго, хвалююцца за аўтарытэт установы, – расказвае Святлана Антонаўна. – Такую характарыстыку заслугоўвае і пераважная большасць бацькоў нашых выхаванцаў. Таму здорава займацца справай, калі побач
надзейныя паплечнікі.

Музычны кіраўнік мае вышэйшую кваліфікацыю, сістэматычна праходзіць навучальныя курсы, актыўна ўдзельнічае ў раённых семінарах, апошні з якіх адбыўся якраз на базе сада № 3. Іграе на розных інструментах: музычную школу закончыла па класе баяна (дадаткова – фартэпіяна), у Полацкім вучылішчы асвойвала акардэон.

Успамінае, што калі ў роднай Парплішчанскай школе трохі саромелася выходзіць на сцэну, то ўжо ў Полацку смела іграла, спявала і была вядучай канцэртаў – разумела, што няёмкасці не можа быць у прафесійных выступленнях, і хутка пераадолела гэту перашкоду. Больш за тое, у маладосці Святлана іграла на вяселлях, провадах у армію і юбілеях!

– Першапачаткова пасля заканчэння вучылішча трапіла на работу ў Гліннае – школу і дзіцячы сад, – узгадвае Святлана Антонаўна. – Здымала пакой у адной мясцовай жанчыны, якая, ацаніўшы мае здольнасці, і ўпрасіла адыграць вяселле сваёй дачцэ. З таго разу ўсё і пачалося. А мне было ўсяго дзевятнаццаць!..

Зараз, праз гады, у яе, як і раней, таксама просяць музыкі – толькі ўжо ў больш вузкім асяродку, і прыемны голас спявачкі, цудоўнае валоданне акардэонам не пакідаюць слухачоў раўнадушнымі. Святлана выбірае пранікнёныя кампазіцыі, з глыбокім сэнсам і чароўнай мелодыяй. Наогул яна прыхільніца ўсяго прыгожага. І гэта ўвасабляецца як у яе элегантным знешнім выглядзе, так і ў аздабленні жытла і нават сервіроўцы стала для звычайнай вячэры. Ураўнаважаная па натуры і адначасова надзвычай патрабавальная да сябе, з рэдкай самаарганізацыяй і дысцыплінай. Не робіць “пустых дзеянняў”, як выказваецца пра распарадак дня. Гледзячы на гэтую моцную жанчыну, навакольныя міжволі захапляюцца яе выключнай мэтанакіраванасцю ва ўсіх жыццёвых сферах.

Ніна КРУКОВІЧ.
Фота аўтара.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *