Когда в Бегомльском лесхозе на трелёвке профессионал, план перевыполняется

img_3805

Сёлета з нагоды прафесійнага свята Ганаровай граматай Докшыцкага райвыканкама ўшанаваны машыніст шостага разраду тралёвачнай машыны Бягомльскага лясгаса Вадзім Ляўко.

Маючы за плячыма прафесійна-тэхнічную адукацыю, малады чалавек, радзіма якога – Пруднікі, сем гадоў быў трактарыстам у некалі магутнай гаспадарцы “АграБераснёўка”. Затым працаваў вадзіцелем на хлебазаводзе, а пяць гадоў таму, у маі 2018 года, уладкаваўся ў Бягомльскі лясгас. Літаральна некалькі месяцаў кіраваў пагрузчыкам, быў трактарыстам у Прудніцкім лясніцтве. Кемлівага, адказнага вадзіцеля ў лясгасе прыкмецілі і вельмі хутка даверылі дыхтоўную лесанарыхтоўчую машыну.

За гэты час Вадзім Аляксандравіч выдатна асвоіў тонкасці тралявання, бо якасная транспарціроўка драўніны – гэта не проста яе перамяшчэнне ад лесасекі да месца пагрузкі. Важна не пашкодзіць драўніну і тэрыторыю, якая прылягае да ўчастка нарыхтоўкі, а таксама дакладна выконваць патрабаванні па ахове працы і пажарнай бяспецы. Бо на якой бы разумнай шматаперацыйнай тэхніцы ты ні працаваў – без чалавечай логікі, асцярожнасці і майстэрства яна ні на што не вартая.

Да таго ж машыніст Ляўко дзякуючы тэхнічнаму складу мыслення выдатна спраўляецца з рамонтнымі работамі, рэгулюе механізмы і агрэгаты, вызначае прычыны няспраўнасцей і ліквідуе іх.

Калі мы звярнуліся да ляснічага Бягомльскага лясніцтва Артура Азёмкі з пытаннем, як ён ахарактарызуе працу машыніста Вадзіма Ляўко, кіраўнік структурнага падраздзялення прамовіў досыць ёмка:

– Адказны, працавіты, а галоўнае, за ім перарабляць не трэба. Даручыў – выканае на выдатна. Можна нават не правяраць.

Здавалася б, што дадасі да такой характарыстыкі? Калі толькі некалькі лічбаў. За мінулы год сярэдняе выкананне нормаў выпрацоўкі Вадзімам Ляўко склала 128 працэнтаў. Сёлета вывезена 5,4 тысячы кубічных метраў драўніны. Па ўсіх паказчыках бягучае планавае заданне таксама будзе ўзята і перавышана.

Наталля СТАШЭВІЧ.

Вячаслаў ЧАРВІНСКІ.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *