Для любителей драматического искусства Докшицкий народный театр готовит премьеру
Сёння — МІЖНАРОДНЫ ДЗЕНЬ ТЭАТРА
Гісторыя Докшыцкага народнага тэатра пачынаецца ў далёкім 1947 годзе, калі, дзякуючы тагачаснаму кіраўніку раённага Дома культуры Ганне Лыновай, якая аб’яднала вакол сябе самадзейных артыстаў, дакшычане дакрануліся да тэатральнага мастацтва.
У 1975 годзе рэжысёрам драматычнага калектыву становіцца Ганна Яцкоўская, якая зрабіла мясцовы тэатр візітоўкай культурнай спадчыны нашага краю. Першы спектакль “Восем закаханых жанчын” Р. Тама ў яе пастаноўцы заваяваў дыплом лаўрэата першага Усесаюзнага фестывалю самадзейнай мастацкай творчасці працоўных. У 1982 годзе калектыў заслужыў званне народнага. Аб высокім прафесійным майстэрстве рэжысёра-пастаноўшчыка, удзельнікаў аматарскага калектыву сведчыць мноства ўзнагарод, атрыманых на шматлікіх фестывалях тэатральнага мастацтва. Напрыклад, спектакль “Салдацкая ўдава” па п’есе М. Анкілава, сыграны народным Докшыцкім тэатрам у 1985 годзе, атрымаў дыплом Малога тэатра СССР на Усесаюзным аглядзе мастацкай самадзейнай творчасці працоўных, прысвечаным 40-годдзю Перамогі, і дыплом Саюза пісьменнікаў СССР за актыўную прапаганду савецкай драматургіі. Дыпломамі лаўрэата розных ступеняў узнагароджаны калектыў на абласных фестывалях “Тэатральная вясна” ў 1987-м, 1998-м, 2000-м, 2002-м, 2004-м, 2009-м, 2010-м гадах.
У мінулым годзе Докшыцкі народны тэатр узначаліла рэжысёр Яна Сіўцэвіч. Першай пастаноўкай маладога спецыяліста на раённай сцэне стаў спектакль “Юбілей” па п’есе А.П. Чэхава.
Прэм’ера чакае аматараў драматычнага мастацтва і сёлета. Праўда, трошкі пазней. Якраз у Міжнародны дзень тэатра, 27 сакавіка, служыцелі Мельпамены выступяць на абласным аглядзе-конкурсе “Тэатральная вясна – 2026” са спектаклем паводле апавядання А. Венедыктавай “Каханне злое, або Да варажбіткі не хадзі”. Разам з артыстамі Докшыцкага народнага тэатра Тамарай Альшэўскай і Валерыем Шышлам у пастаноўцы задзейнічаны Вольга Шынкевіч і Данііл Маргун. Адну з роляў выконвае і сама Яна Сіўцэвіч.
Пажадаем артыстам удачы і будзем чакаць прэм’еры на докшыцкай сцэне!
Яўгенія МАЛЕВІЧ

