Водители-почтальоны Докшицкого УПС Алла Козел и Виктория Шеленок доставят и корреспонденцию, и товары
З першага красавіка 1996 года адлічвае сваю гісторыю Віцебскі філіял Рэспубліканскага ўнітарнага прадпрыемства паштовай сувязі “Белпошта”.
Тры дзесяцігоддзі з дня ў дзень супрацоўнікі паштовай службы дастаўляюць карэспандэнцыю і перыёдыку, выконваюць шэраг плацежных аперацый, рэалізуюць тавары паўсядзённага попыту жыхарам нашага раёна.
– Вядома, што карыстацца паштовымі паслугамі пачалі намнога раней, – гаворыць начальнік участка паштовай сувязі Докшыцы Пастаўскага РВПС Ганна Маркава. – Трыццацігоддзе ж мы адзначаем з моманту раздзялення пошты і тэлеграфа на самастойныя структуры. За гэты перыяд адбылося шмат змен, якія працягваюцца і зараз. Пошта ўпэўнена крочыць па шляху лічбавізацыі. Цяпер у кожнага паштальёна з сабой спецыяльная прылада – так званы “мабільны паштальён”, з дапамогай чаго паслугі аказваюцца на ўзроўні стацыянарнага аб’екта.
На сённяшні дзень у раёне дзейнічае 19 аддзяленняў паштовай сувязі і “ПоштаМаркет” у г.п. Бягомль. На абслугоўванні знаходзяцца 284 населеныя пункты, з якіх у 220-і паслугі аказваюць работнікі АПС № 1 г. Докшыцы.
Кожную раніцу пяць дзён на тыдні да вяскоўцаў адпраўляецца мотадастаўка. Сярод пяці распрацаваных маршрутаў выдзяляюцца два, на якіх вадзіцелямі і па сумяшчальніцтве паштальёнамі працуюць… жанчыны Ала Козел і Вікторыя Шаленак. Абедзве, дарэчы, шматдзетныя маці.
Стаж Алы Козел у гэтым годзе складзе 31 год. Так што яна амаль равесніца арганізацыі. Родам жанчына з Гняздзілава. Скончыўшы Мінскае кааператыўнае вучылішча, працавала прадаўцом. Потым выйшла замуж. Нарадзіліся адзін за адным дзеці. І ўжо пасля дэкрэтнага адпачынку ёй прапанавалі ўзначаліць паштовае аддзяленне ў роднай вёсцы. Чатырнаццаць гадоў Ала Паўлаўна адпрацавала на гэтай адказнай пасадзе. А пасля нараджэння трэцяга дзіцяці з мужам пабудавалі кватэру ў Докшыцах. Перабраўшыся ў горад, яна і працягнула працоўную дзейнасць у роднай арганізацыі. Спачатку ў кіёску, і вось трынаццаць гадоў на мотадастаўцы.
– Практычна ўвесь час рабілі ў пары з мужам, – гаворыць Ала Паўлаўна. – Калясілі па Бягомльскай зоне. Два гады езджу адна: я і вадзіцель, і паштальён, і дарадца нашым кліентам. Даўно на памяць ведаю іх перавагі ў перыёдыцы і нават прыкладны набор тавараў, якія неабходна даставіць з райцэнтра. На маім маршруце паўсотні населеных пунктаў у кірунку Пруднікаў, Бягомля, Бярозак, Вітуніч і Замасточча. Работа вельмі падабаецца. За столькі гадоў добра ведаю жыхароў нашых вёсак. Ды і людзі смела тэлефануюць, робяць заказы на дастаўку тавараў. Я ўжо другі год на пенсіі. Але нават не ўяўляю сябе без гэтай
штодзённай адказнасці і мітусні.
Вікторыя Шаленак з Параф’янава. Таму і абслугоўвае вёскі сваёй малой радзімы, а таксама Крыпульскага, Сітцаўскага і Валкалацкага сельсаветаў. Усяго 53 населеныя пункты. На Докшыцкі участак паштовай сувязі ўладкавалася пяць гадоў таму. Гаворыць, што даўно хацела, але сумнявалася, ці справіцца. Рызыкнула. Спачатку працавала за тых, хто ішоў у водпуск. Набраўшыся вопыту, перайшла на мотапошту і цяпер з радасцю спяшаецца на работу, бо ведае, што яе чакаюць. А гэта надае сілы і ўпэўненасці ў правільнасці выбранага шляху.
Яўгенія МАЛЕВІЧ.
Фота аўтара.


