Прокуратура Докшицкого района: из-за полученных в ДТП травм пассажиру авто ампутировали ногу

скорая

У пракуратуры раёна паведамілі пра прысуд вінаватаму ў дарожна-транспартным здарэнні, якое адбылося летам мінулага года на тэрыторыі Докшыччыны на трасе М3.

Крымінальная справа разглядалася судом г. Наваполацка.

Абвінавачаны – грамадзянін Туркменістана 2002 года нараджэння, студэнт 2 курса ўніверсітэта. Не маючы вадзіцельскіх праў, у той дзень малады чалавек адправіўся ў Мінск на легкавым аўтамабілі Hyundai Accent. Кампанію яму склаў знаёмы, які найбольш і пацярпеў.

Праязджаючы па 100-м кіламетры вільготнай пасля дажджу дарогі, нявопытны кіроўца пры абгоне не справіўся з кіраваннем, аўтамабіль выскачыў на паласу сустрэчнага руху, затым прабіў ахоўную агароджу і перавярнуўся ў кювет. Вадзіцель выбраўся з салона самастойна, а вось пасажыр не змог: ён атрымаў шматлікія траўмы і крычаў ад болю. Маладыя людзі апрытомнелі толькі ў рэанімацыйным аддзяленні Докшыцкай бальніцы.

У пасажыра быў зафіксаваны адкрыты фрагментарна-аскольчаты пералом абедзвюх костак галёнкі правай нагі – пашкоджаны мышцы, сухажыллі, крывяносныя сасуды і нервы, атрымана скальпаваная рана канечнасці – пашыранасць гэтых траўм паслужыла паказаннем да яе ампутацыі на ўзроўні ніжняй трэці бядра.

Як выявілі следчыя, вадзіцель перавысіў максімальна дазволеную хуткасць руху на гэтым участку дарогі не менш як на 6,27 км/г, а пасажыр не быў прышпілены рамянём бяспекі. Па словах апошняга, у час ДТЗ ён спаў на заднім сядзенні.

Асуджаны цалкам прызнаў сваю віну ва ўчыненні злачынства, прадугледжанага ч. 2 арт. 317 Крымінальнага кодэкса.

– Будучы абавязаным выконваць патрабаванні Правілаў дарожнага руху, не ствараць перашкод і небяспекі, дзейнічаць добрасумленна, карэктна, кіроўца праявіў злачынную нядбайнасць і саманадзейнасць, – пракаменціравала крымінальную справу намеснік пракурора раёна Надзея Міцько. – Пра адсутнасць праў вадзіцель не сказаў пасажыру, аднак правілы дарожнага руху ведаў. Вінаваты кампенсаваў прычыненую маральную шкоду. Яго бацькі мелі намер аплаціць лячэнне і пратэзаванне пацярпеламу.

Мужчына пазбаўлены волі на 1 год 6 месяцаў з адбываннем пакарання ў папраўчай калоніі ва ўмовах пасялення, а таксама права займацца дзейнасцю, звязанай з кіраваннем транспартнымі сродкамі, тэрмінам на пяць гадоў.

Ніна КРУКОВІЧ.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *