Круглый стол «Формирование навыков правильного питания» прошел в Докшицах
У раённым Цэнтры гігіены і эпідэміялогіі адбыўся круглы стол на тэму “Фарміраванне навыкаў правільнага харчавання ў насельніцтва”. Да ўдзелу ў абмеркаванні абазначанай тэмы былі запрошаны прадстаўнікі сеткавых крам, хлебазавода, філіяла аблспажыўтаварыства, аддзела па адукацыі райвыканкама, а таксама ўласнік кафэ “Макадамія”.
– У раёне рэалізуецца праект “Здаровыя гарады і пасёлкі”, да якога далучыліся Докшыцы, Бягомль, аграгарадкі Крулеўшчына і Параф’янава, – паведаміла галоўны санітарны ўрач Ганна Трашчанка. – Сутнасць праекта заключаецца ў стварэнні асяродку, дзе здароўе насельніцтва з’яўляецца прыярытэтам. Таму сёння прапаную больш падрабязна спыніцца на тэме правільнага харчавання.
У ідэале прыёмы ежы павінны праходзіць у адзін і той жа час з аднолькавымі інтэрваламі. Калі мы робім вялікія перапынкі ці, наадварот, увесь час нешта перакусваем, тым самым правакуем развіццё захворванняў страўнікава-кішачнага тракта. Зразумела, што бывае цяжка знайсці час на абед строга ў 12 альбо ў 13 гадзін. У такім выпадку выхад з сітуацыі – снедаць, абедаць і вячэраць у адзін і той жа час.
Многія шчыльна наядаюцца адзін-два разы на дзень, прымушаючы ўвесь астатні час арганізм галадаць. Гэта няправільна і спрыяе парушэнню тлушчавага абмену і зніжэнню працаздольнасці. Для дарослага чалавека аптымальным лічыцца чатырох-пяціразовае харчаванне на працягу дня. Гэта не азначае, што кожны раз трэба з’ядаць талерку баршчу і кавалак мяса. Паміж сняданкам і абедам цалкам падыдзе тваражок з яблыкам, а паміж абедам і вячэрай – шклянка кефіру або аўсяная каша.
Харчаванне – адзін з найважнейшых фактараў, якія ўплываюць на наша здароўе. Правільна падабраныя прадукты забяспечваюць рост і развіццё дзяцей, садзейнічаюць прафілактыцы захворванняў у дарослых, павышаюць актыўнасць, падаўжаюць маладосць і жыццё ў цэлым.
Есці можна ўсё, але – у меру. У рацыёне абавязкова павінны прысутнічаць бялкі, тлушчы і вугляводы, паколькі менавіта яны з’яўляюцца пастаўшчыкамі энергіі і пластычнага матэрыялу для клетак нашага арганізма. У рацыёне чалавека гародніна, садавіна і рыба павінны пераважаць над мяснымі прадуктамі. Трэба аддаваць перавагу раслінным тлушчам, а колькасць цукру звесці да мінімуму. Абавязкова трэба ўвесці ў свой рацыён крупы.
Раніцай пажадана з’есці якую-небудзь гарачую страву, напрыклад, тварожную запяканку, сырнікі, аладкі. Ужо пасля гэтага кава ці гарбата. Такім чынам мы зараджаем свой арганізм энергіяй, якая вельмі спатрэбіцца на працягу працоўнага дня. Дарэчы, магчыма, што скаргі на дрымоту і недастатковую актыўнасць з 9 да 18 гадзін звязаны менавіта з тым, што вы праігнаравалі паўнавартасны сняданак.
Што тычыцца спажывання солі, то загадчык лабараторнага аддзела РЦГіЭ Алеся Савіцкая звярнула ўвагу, што яе норма ў дзень павінна складаць 5 грамаў – гэта адна чайная лыжка.
– Соль – жыццёва важны мінерал, аднак празмернае яе ўжыванне садзейнічае павышэнню артэрыяльнага ціску і можа прывесці да сардэчна-сасудзістых захворванняў, – адзначыла Алеся Аляксандраўна. – Напрыклад, вельмі шмат солі ўтрымліваецца ў сырах “Пармезан”, “Сулугуні”, “Фета”, “Чэдэр” і “Ракфор”, а таксама ў чыпсах, соусах, каўбасах, вяндліне.
Не трэба забываць аб ролі, якую выконвае для нашага арганізма вада.
– Яна складае 60 – 80 працэнтаў вагі цела, забяспечваючы тэрмарэгуляцыю, абмен рэчываў і сілкаванне клетак, – падкрэсліла Алеся Савіцкая. – Вада выводзіць таксіны, паляпшае страваванне, змазвае суставы і падтрымлівае тонус скуры. Каб даведацца, колькі літраў вады неабходна арганізму ў суткі, трэба сваю вагу памножыць на 0,03.
Напрыканцы круглага стала яго ўдзельнікам было прапанавана далучыцца да праекта “Здаровыя гарады і пасёлкі”. Сеткавым крамам – пашырыць асартымент куткоў здароўя, хлебазаводу – размясціць на ўпакоўцы некаторай выпускаемай прадукцыі эмблему “Докшыцы – здаровы горад”. Кафэ “Макадамія” рэкамендавана ўвесці ў меню новую пазіцыю, якая б адпавядала прынцыпам здаровага харчавання, аддзелу па адукацыі райвыканкама – арганізаваць ва ўстановах адукацыі заняткі па дадзенай тэматыцы.
Таццяна ПАДБЯРЭЗКАЯ
Фота аўтара.

