На защите Родины. 8 апреля — День сотрудников военных комиссариатов
Дзень супрацоўнікаў ваенных камісарыятаў у Рэспубліцы Беларусь адзначаецца штогод 8 красавіка. Свята ўстаноўлена ў гонар заснавання мясцовых органаў ваеннага кіравання, якія забяспечваюць абараназдольнасць краіны, вядуць улік прызыўнікоў і рэзервістаў. Менавіта 8 красавіка 1918 года быў прыняты дэкрэт “Аб заснаванні валасных, павятовых, губернскіх і акруговых камісарыятаў па ваенных справах”.
Докшыцкі ваенны камісарыят пачаў працаваць у 1940 годзе. Першым ваенным камісарам быў капітан Сурын. Пасля яго ваенкамат узначальвалі М.Ф. Іваноў, С.І. Юрчанка, І.Ф. Шаціла, П.М. Панцялееў, А.П. Давыдаў, У.А. Камзакоў, М.М. Курносаў, А.Ц. Смірноў, М.Ф. Гордзін, П.Г. Вязнікаў, Ю.С. Жыўлюк, Г.В. Пацэвіч. У 2015 годзе эстафету ад сваіх папярэднікаў пераняў падпалкоўнік Віталь Леснічэнка, які дасканала ведае работу кожнага аддзела.
Не так даўно адбылося абнаўленне асабовага саставу ваенкамата. Чацвёрты год нясе службу намеснік ваеннага камісара – начальнік мабілізацыйнай групы капітан Аляксей Дзядкоў. Начальнікам групы прызыву служыць маёр Наталля Бачкова. Групу тэрытарыяльнай абароны ўзначальвае капітан Уладзіслаў Трашчанка.
Разам з ваеннаслужачымі вялікі ўклад у работу ўносіць і грамадзянскі персанал. Трыццаць шэсць гадоў – стаж вядучага спецыяліста ўпраўлення Ніны Кеда, якая штодзень дапамагае вырашаць жыццёвыя пытанні ваеннаслужачых і членаў іх сем’яў, ваеннаабавязаных, ветэранаў у адстаўцы і воінаў-інтэрнацыяналістаў. Таксама ў коле абавязкаў Ніны Мікалаеўны матэрыяльна-тэхнічнае забеспячэнне і ідэалагічная работа. Шаснаццаць гадоў працуе вадзіцель Аляксандр Каросцік. За вядзенне сакрэтнага справаводства і комплекс іншых мерапрыемстваў вось ужо на працягу дзесяцігоддзя адказвае Кацярына Плюта. Амаль столькі ж працуе Вераніка Пузакова. Сярод маладых, але даволі вопытных спецыялістаў Ганна Кішэня, Паліна Пруская, Алена Раманіка, Наталля Габранская. Вядучым спецыялістам аддзела прызыву на ваенную службу з 2019 года працуе Марына Міхайлава. Дарэчы, за паспяховае і добрасумленнае выкананне абавязкаў, прафесіяналізм і стараннасць падчас падрыхтоўкі і правядзення мерапрыемстваў па камплектаванні войскаў асабовым саставам з ліку новага папаўнення ў кастрычніку і лістападзе 2025 года Марыне Ігараўне аб’яўлена падзяка Міністэрства абароны Рэспублікі Беларусь.
Яўгенія МАЛЕВІЧ.
Фота аўтара.

