Одиннадцатиклассница Милана Потемкина из Докшиц стала победителем республиканской акции «Собери Беларусь в своем сердце»
“Сціплая і вельмі адказная”, – так педагог-арганізатар СШ № 2 г. Докшыцы імя У.Ф. Крышталевіч Аксана Наумец ахарактарызавала сёлетнюю пераможцу рэспубліканскага конкурсу “Беларусь – мая Радзіма” адзінаццацікласніцу Мілану Пацёмкіну.
– Яшчэ ў дзявятым класе школьнай актывістцы і выдатніцы прапанавалі прыняць удзел у конкурсе-турніры ў рамках рэспубліканскай акцыі “Збяры Беларусь у сваім сэрцы”, – гаворыць Аксана Вікенцьеўна. – На абласным этапе, на якім былі прадстаўлены ўсе раёны Віцебшчыны, Мілана заняла трэцяе месца, што дазволіла ёй трапіць у каманду для ўдзелу ў рэспубліканскім конкурсе. Дарэчы, каманда Віцебскай вобласці тады стала бронзавым прызёрам. У дзясятым класе яна зноў была трэцяй і ў вобласці, і ў рэспубліцы. У гэтым навучальным годзе, прайшоўшы абласны этап у тройцы лідараў, Мілана стала першай на выніковым этапе.
Адным з тураў рэспубліканскага праекта з’яўляецца стварэнне брашуры, у якой змяшчаецца матэрыял пра цікавыя аб’екты малой радзімы. Паколькі конкурс быў прысвечаны 80-годдзю Перамогі савецкага народа ў Вялікай Айчыннай вайне, Мілана разам з настаўнікамі Аксанай Наумец і Алай Хацяновіч падрыхтавалі работу “Дарогамі памяці, дарогамі Перамогі”. У ёй размешчана інфармацыя аб шасці аб’ектах ваеннай гісторыі Докшыцкага раёна, сярод якіх помнік Герою Савецкага Саюза І.С. Палявому, школы, якія носяць імёны гераічных абаронцаў нашай Радзімы, спаленая і неадноўленая Шунеўка і інш. Дарэчы, інфармацыя са створаных канкурсантамі брашур, а гэта каля 300 аб’ектаў з усёй рэспублікі, потым выкарыстоўваецца ў інтэлектуальным туры праекта. Атрымліваецца, што падчас падрыхтоўкі да конкурсу яго ўдзельнікам трэба вывучыць усе згаданыя месцы.
– Дапамагло перамагчы ў конкурсе, магчыма, і тое, што адно з самых вялікіх захапленняў нашай сям’і – падарожжы, – гаворыць Мілана. – Любімыя гарады – Санкт-Пецярбург, Брэст, Полацк і Мінск. Штогод напярэдадні 9 Мая стараемся наведаць Брэсцкую крэпасць, дзе аддаём даніну памяці загінулым у той жорсткай і страшнай вайне. Бацькі пастаянна стараюцца паказаць нам з малодшай сястрычкай новыя цікавыя месцы сінявокай Беларусі. І кожны нас уражвае і захапляе прыгажосць беларускай прыроды, добраўпарадкаваныя абласныя цэнтры і невялічкія гарады. Многія называюць куміраў, а я хачу быць падобнай да сваіх бацькоў. Бясконца ўдзячная ім за падтрымку і любоў. Менавіта тата з мамай выхавалі ўва мне мэтанакіраванасць і дапамаглі стаць такой, якая я ёсць.
БЛІЦ-АПЫТАННЕ
Захапленні: – Творчасцю займаюся хутчэй для справы, чым для душы. Калі трэба, магу спець ці станцаваць. Сёлета паспрабавала паўдзельнічаць у школьным КВЗ. Каманда нашага класа заваявала Гран-пры, а я атрымала дыплом “Лепшы гулец”.
Школьны прадмет: – У пачатковай школе захаплялася мовамі, удзельнічала ў прадметных алімпіядах. Цяпер кожны прадмет любімы па-свойму.
Настаўнік: – Усе мае настаўнікі любімыя, бо кожны ўнёс часцінку таго, што зрабіла мяне сабой.
Кніга ці аўтар: – Падабаецца філасофская літаратура.
Пара года: – Восень. Яркая і пяшчотная. А яшчэ яна падарыла мне мае перамогі ў конкурсе “Збяры Беларусь у сваім сэрцы”.
Яўгенія МАЛЕВІЧ.
Фота прадастаўлена школай.

