Доктор на всю жизнь. Более 30 лет помогает женщинам акушер-гинеколог санатория «Боровое» Ирина Матюшонок

Ірына Мацюшонак.

Ірына Мацюшонак.

Гінеколаг – той доктар, да якога жанчыны ходзяць усё жыццё, незалежна ад таго, хвалюе іх што ці не. Знайсці менавіта свайго ўрача гэтай спецыялізацыі – вялікая ўдача.

Фізіялагічныя і анатамічныя асаблівасці жаночага арганізма ў розныя ўзроставыя перыяды, а таксама захворванні рэпрадуктыўнай сістэмы, як кажуць, гульня “ўдоўгую”, і пажадана, каб побач з пацыенткай на працягу ўсяго жыцця быў менавіта той доктар, якому яна давярае і да якога потым прывядзе сваіх дачок ці нявестак. Акушэр-гінеколаг Ірына Станіславаўна Мацюшонак з кагорты такіх спецыялістаў. Яе стаж у прафесіі адлічвае трыццаць другі год. Больш за два дзесяцігоддзі да кампетэнтнага, адказнага ўрача, а яшчэ вельмі абаяльнай і чулай жанчыны прыязджаюць па параду ў санаторый “Баравое” нашы зямлячкі, а таксама жанчыны з бліжняга замежжа. І для многіх з іх яна і сапраўды стала сямейным доктарам.

У адзін з сонечных веснавых дзён напрыканцы працоўнага тыдня мы сустрэліся ва ўтульным кабінеце, з акна якога віднеюцца гонкія сосны, каб пагутарыць пра шлях у медыцыну, стаўленне ў прафесіі і звычайныя чалавечыя мары вопытнага жаночага доктара.

Дзіця трэба дагушкаць

Звычайна такую фактуру журналісты пакідаюць на канец тэксту, аднак падалося, што ў кантэксце дадзенай гераіні лепш пачынаць з каранёў, а яшчэ дакладней, з бацькоўскай хаты, бо падмурак глыбокай павагі да людзей і чалавечнасці доктара закладзены менавіта ў дзяцінстве.

Ірына Станіславаўна – дакшычанка. Яе матуля Ванда Іосіфаўна Сяліцкая – паважаны ў раёне педагог, вялікі адрэзак жыцця прысвяціла аддзелу адукацыі, тата Станіслаў Ігнатавіч працаваў у спажывецкай кааперацыі. Але галоўнае не званні і пасады, галоўнае ў жыцці – тыя цеплыня і пяшчота, якія бацькі аддалі адзінай дачушцы.

– Ёсць такое меркаванне, што дзіця ў прамым і пераносным сэнсе трэба дагушкаць у маленстве. Не запесціць, а менавіта падарыць адчуванне ўпэўненасці ў сённяшнім дні, каб пабудаваць трывалы падмурак пад будучыню. Ці згодны вы з гэтым?

– Цалкам так. У жыцці даводзілася сумнявацца ў многім. Адзінае, што нязменна было і застаецца са мною, – гэта бязмежнае татава паразуменне і прыняцце і маміны слушныя парады і любоў, – дзеліцца Ірына Станіславаўна. – Нельга пераацаніць тое, што заклалі ў цябе бацькі. Вельмі імкнуся, каб мая дачушка Наташа адчувала такую ж падтрымку ад нас з мужам Сяргеем.

Да мары трэба ісці

– Мая гісторыя пераклікаецца з гісторыямі многіх знаёмых урачоў. Усё проста: у дзяцінстве часта хварэла і, назіраючы за тым, як дапамагаюць маленькім пацыентам нашы ўрачы і медсёстры, марыла навучыцца таму ж. Калі скончыла школу, вырашыла паступаць у Віцебскі медінстытут. Але крыху не хапіла балаў. Вярнулася дадому, уладкавалася ў ЦРБ санітарачкай і паралельна, пасля змен у бальніцы, зноў працягвала рыхтавацца да паступлення.

На наступны год без асаблівых цяжкасцей гераіня артыкула стала студэнткай. І яна ўдзячна лёсу за гэта невялікае выпрабаванне, якое дазволіла паглыбіцца ў прафесійны асяродак. А калі пасля інтэрнатуры прыехала на працу ў родную Докшыцкую ЦРБ, дзякуючы мінуламу вопыту нават проста арыентавацца ў прасторы было значна лягчэй, ды і калегі прынялі вельмі шчыра, па-свойску. Гэтыя дзесяць гадоў працоўнай біяграфіі акушэр-гінеколаг прыгадвае з вялікай павагай і ўдзячнасцю і адзначае, што ўвесь медыцынскі калектыў санаторыя “Баравое” таксама вельмі прафесійная каманда: удалы сплаў вопыту і маладосці, які дазваляе, абапіраючыся на базу, пастаянна павышаць ўзровень ведаў. Ірына Станіславаўна дадаткова працуе як УГД-дыягност, а некалькі гадоў таму прайшла перападрыхтоўку і асвоіла яшчэ адну запатрабаваную ў пацыентаў спецыялізацыю – фізіятэрапеўт. Зараз выконвае шэраг працэдур па гэтым профілі, у тым ліку ўдарна-хвалевую тэрапію.

Пчалярства – захапленне доктара.

Пчалярства –
захапленне доктара.

Медыцыну трэба любіць

– Не скажу, што гэта надта арыгінальна, але жыццё і вопыт пацвярджаюць, што выснова рабочая. Каб вытрымаць гады напружанай вучобы і не “згарэць” за дзесяцігоддзі практыкі, медыцыну трэба любіць, а пацыентаў паважаць.

Так Ірына Станіславаўна адказала на пытанне, каму лепш выбіраць урачэбную дзейнасць. І дадала, што зараз для моладзі існуе безліч магчымасцей: установы ладзяць дні адкрытых дзвярэй, шмат інфармацыі і відэа ў адкрытым доступе. А яшчэ падлетку, які хоча звязаць лёс з медыцынай, трэба прыслухацца да сваіх адчуванняў у тых сітуацыях, калі хварэе хтосьці з родных: ці хочацца дапамагчы, ці не выклікаюць агіду пэўныя маніпуляцыі пры доглядзе хворага, як пераносіць тую ж здачу аналізаў пры медаглядзе. Гэтыя, здавалася б, дробязі будуць зусім не дробязнымі ў далейшай рабоце.

Чалавеку трэба аддушына

– Ірына Станіславаўна, якія б ні былі створаны ўмовы працы і якім бы “прапрацаваным” чалавекам ты ні быў, ад выгарання ніхто не застрахаваны. Як аднаўляецеся пасля бясконцага патоку пацыентаў?

– Мой дом – мая крэпасць. Насамрэч так. Галоўная крыніца сілы – мая сям’я. Дома ёсць вялікая бібліятэка, якой вельмі даражу. Калі настрой адпаведны, саджуся за фартэпіяна: сем гадоў нашай музычнай школы былі зусім не дарэмнымі. Вялікую асалоду атрымліваю ад тэатральнага мастацтва. Асабліва часта бываем у сталічным Тэатры-студыі кінаакцёра. Калі трэба «змяніць карцінку», адпраўляемся ў невялікае падарожжа па Беларусі. Столькі яшчэ хочацца і можна паглядзець. Вельмі пяшчотна адношуся да жывёл і прыроды. У нас заўжды жывуць сабакі – чатырохлапыя сябры, якія ўмеюць любіць цябе проста так. Пасля таго як не стала любімца сям’і лабрадора, не змаглі змірыцца са стратай і забралі з прытулку дварняка. Не мінаем з мужам сезонаў ціхага ляснога палявання – без фанатызму, але грыбоў для ўласных патрэб нарыхтуем. Даглядаем сад, кветнікі. Яшчэ адно агульнае захапленне – пчалярства. Завялі пасеку на бабулінай сядзібе. Справа гэта не танная, аднак нішто не заменіць адчування асалоды ад лыжачкі мёду з нектару, сабранага на родных палетках і здабытага самастойна. Так і ў жыцці: тое, у што ўкладаеш сілы, і цэніш больш.

Наталля СТАШЭВІЧ.
Фота з асабістага архіва.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *