Докшицкие мелиораторы заботятся о земле и помогают аграриям

На прамыўцы дрэнажу (участак в. Вараны) працуюць трактарыст Мікалай Трус і рабочы Анатоль Шэвель.

На прамыўцы дрэнажу (участак в. Вараны) працуюць трактарыст Мікалай Трус і рабочы Анатоль Шэвель.

У першую нядзелю чэрвеня сваё прафесійнае свята адзначаюць работнікі, чыя працоўная дзейнасць звязана з меліярацыяй зямель і воднай гаспадаркай.

Меліярацыя з’яўляецца важным фактарам развіцця вытворчасці, якая адкрывае шырокія магчымасці для павышэння ўраджайнасці, стварэння трывалай кармавой базы жывёлагадоўлі, асваення пустых, забалочаных зямель. З якімі здабыткамі сустракаюць свята докшыцкія меліяратары, якія аб’ёмы работ запланавана выканаць у 2023 годзе, расказаў галоўны інжынер ПМС Мікалай Карпека.

img_7385

– Яшчэ ў канцы мінулага года Прэзідэнт Беларусі пабываў з рабочай паездкай у Талачынскім раёне, дзе наведаў ААТ “Амкадор-КЭЗ”, якое спецыялізуецца на вытворчасці меліярацыйнай тэхнікі, – пачаў размову Мікалай Уладзіміравіч. – Кіраўнік дзяржавы таксама прыняў удзел у пленарным пасяджэнні рэспубліканскага семінара-нарады па пытаннях аднаўлення і выкарыстання ў Беларусі меліярацыйных зямель, падчас якога даў даручэнне, што кожны кавалак такой зямлі павінен быць выкарыстаны на дабрабыт краіны. Таму наша прадпрыемства ў гэтым годзе вымушана было павялічыць аб’ёмы работ удвая. Для гэтага з рэспубліканскага і абласнога бюджэту выдзелена чатыры мільёны рублёў – гэта ў два разы больш у параўнанні з мінулым годам.

За 5 месяцаў 2023 года выручка ПМС склала 1 мільён 201 тысячу рублёў, альбо 133,2 працэнта да аналагічнага перыяду мінулага года.

Сёлета прадпрыемству неабходна ўвесці ў эксплуатацыю 1000 гектараў рэканструкцыі і 500 гектараў культуртэхнічнай меліярацыі – гэта землі, якія не выкарыстоўваюцца і зараслі кустоўем. Ужо акультурана 176 гектараў у ААТ “Таргуны”, праведзена рэканструкцыя на 343 гектарах у ААТ “Докшыцкі райаграсэрвіс” і ДП “Гняздзілава-Агра”. Вялікія аб’ёмы работ плануецца выканаць па тэхнічным доглядзе: на іх выдаткавана амаль мільён рублёў. Распрацаваны план, у адпаведнасці з якім прадпрыемствы раёна будуць заняты на ачыстцы каналаў ад кустоўя і пустазелля. Дарэчы, да гэтага віду работ днямі прыступілі работнікі РУП ЖКГ “Докшыцы-камунальнік”.

Комплекс работ – ад рэканструкцыі старых каналаў, дрэнажу, рамонту збудаванняў да перадачы земляў ААТ “Докшыцкі райаграсэрвіс” пад пасеў кукурузы – выконваюць работнікі ПМС на аб’екце “Рэканструкцыя меліярацыйнай сістэмы “Поня” (участак в. Вараны Крыпульскага сельсавета). Прамыўкай дрэнажу займаюцца Мікалай Трус, Анатоль Шэвель і Аляксандр Ярыжанец, ачысткай супрацьпажарнага вадаёма – машыніст экскаватара Уладзімір Баднарчук, разраўноўваннем кавальераў – бульдазерыст Аляксандр Самсонаў. Чакаецца, што аб’ект плошчай каля 250 гектараў будзе здадзены праз пяць месяцаў.

У бягучым годзе ПМС атрымала новую тэхніку: два экскаватары ЭО-3223, трэйлер для перавозкі буйнагабарытнай тэхнікі. Чакаецца, што ў хуткім часе яшчэ паступяць два бульдозеры Shantui кітайскай вытворчасці.

У прафесійнае свята звычайна прынята адзначаць працаўнікоў, якія аддана працавалі на карысць прадпрыемства, дасягнулі пэўных поспехаў. Так, сёлета Ганаровай граматай камітэта па сельскай гаспадарцы і харчаванні Віцебскага аблвыканкама ўзнагароджаны машыніст экскаватара Віктар Бабачонак. Ганаровую грамату райвыканкама атрымаў намеснік дырэктара ПМС, галоўны інжынер Мікалай Карпека. Майстар будаўнічых і мантажных работ Аляксандр Аніська адзначаны Ганаровай граматай КУП “Віцебскмеліяводгас”, а машыніст бульдозера Аляксандр Самсонаў – дыпломам І ступені ў намінацыі “Лепшы па прафесіі”. Яго імя таксама занесена на Дошку гонару КУП “Віцебскмеліяводгас”. Узнагароды ад прадпрыемства атрымалі Мікалай Трус, Леанід Парфяновіч, Раман Гуляшка, Анатоль Шэвель і Уладзімір Валуй.

Таццяна ПАДБЯРЭЗКАЯ.
Фота Вячаслава Чарвінскага.

 

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *