Докшичанин Александр Козел прислуживает в церкви и находит в этом особое умиротворение

Хрэсны ход да в. Буй.

Хрэсны ход да в. Буй. Наперадзе — Аляксандр Козел.

Вопыт пражытых гадоў і журналісцкая прафесія, якая апрыёры прадугледжвае зносіны з вялікай колькасцю людзей, прывялі да высновы: найбольш скардзяцца на недахоп часу і моцную занятасць людзі, якія якраз-такі, акрамя работы і выканання хатніх базавых бытавых абавязкаў, нічым больш не занятыя. А вось у тых, хто не можа без творчасці, грамадскай дзейнасці, самаразвіцця, заўжды на гэта знаходзяцца так званыя лішнія гадзіны ў сутках. Дакшычанін Аляксандр Козел, які сваё светаўспрыманне характарызуе кароткай пранікнёнай фразай “не магу без веры і царквы”, – яскравы таму прыклад.

Аляксандр Аляксеевіч ужо тры з паловай дзесяцігоддзі працуе ў раёне электрычных сетак вадзіцелем-электраманцёрам, часам выконвае і зварачныя работы. Карыстаецца ў калектыве павагай і аўтарытэтам і як прафесіянал, і як чалавек. Разважлівы, памяркоўны, добразычлівы, спагадлівы – так характарызуюць яго калегі. Такія рысы часткова закладваюцца ў характары генетычна, але, напэўна, у большай ступені выхоўваюцца ў сям’і і далейшым акружэнні.

Аляксандр Козел на аб’екце.

Аляксандр Козел на аб’екце.

– Пра тое, як прыслужвала бацюшку ў царкве, мне малому расказвала бабуля Пелагея, – падзяліўся ўспамінамі Аляксандр. – Ці мог я падумаць тады, што праз гады, як і яна, знайду радасць і нейкае асаблівае супакаенне душы ў гэтай справе?

А пачалося ўсё з аднаўлення царквы святых Пятра і Паўла ў Гняздзілаве, калі на фундаменце згарэлага храма агульнымі сіламі ўзвялі новы. Суразмоўца, які прымаў самы актыўны ўдзел у будаўніцтве, памятае ўсё да дробязей, нязмушана аперыруе імёнамі, датамі, лічбамі, прыгадвае адметныя моманты. Чалавек сціплы, Аляксандр Аляксеевіч у размове ўвесь час стараўся распавесці не пра сябе, а пра іншых людзей, якія ўнеслі значны ўклад у святую справу аднаўлення царквы. З асаблівай павагай і захапленнем згадваў земляка Анатоля Панцюхова, архітэктара па прафесіі, які жыве ў Рызе, – ініцыятара, аўтара праекта храма і асноўнага спонсара, расказваў, як многаму ў яго можна было павучыцца ў будаўнічай справе. Што датычыцца сябе самога, то адзначыў, што разам з ростам храма наяве адбыўся яго рост і ў яго душы. Таму, калі царква св. Пятра і Паўла расчыніла свае дзверы для вернікаў у 2014 годзе, ахвотна стаў прыслужваць айцу Аляксею Кушнярэвічу, а зараз прыслужвае айцу Віктару Гміру, і не толькі ў Гняздзілаве, але і ў Порплішчы.

– Слухаў бы пропаведзі айца Віктара бясконца, – дзеліцца сваімі ўражаннямі з намі. – Столькі ў іх магутнай веры, столькі святла, дабрыні і любові. Яго самаахвярнае служэнне Госпаду для мяне і прыклад, і навука, і, калі можна так сказаць, пуцяводная зорка. А яшчэ і падчас службы ў храмах, і пасля іх наведвання ў душы пасяляюцца незвычайная лёгкасць і ціхая радасць ад разумення Божай любові і таго, што жыццё – вялікі Яго дар. Няхай сабе і з выпрабаваннямі, яно – шчасце. Важна толькі зразумець гэта, і тады пачынаеш глядзець на свет іншымі вачыма.

Алена НЕСЦЯРОНАК.
Фота Вячаслава Чарвінскага
і Яўгеніі МАЛЕВІЧ.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *