Докшичанка Ирина Граховская стала участницей телепрограммы Андрея Малахова «Песни от всей души»
У аўторак докшыцкая спявачка Ірына Грахоўская пабывала ў Маскве на здымках папулярнай тэлепраграмы Андрэя Малахава “Песні ад усёй душы”.
Ірына – інжынер па якасці планава-вытворчага сектара ДРБУ-180, салістка народнай эстраднай студыі “Калейдаскоп” гарадскога Цэнтра культуры. Вакалам займалася ў школе і студэнцтве. Пасля даволі працяглай паўзы, выкліканай аб’ектыўнымі прычынамі, у мінулым годзе вярнулася на сцэну і нанава пакарыла сэрцы мясцовай публікі, стала пераможцай у намінацыі “Лепшы саліст” у аглядзе-конкурсе “Таленты Докшыччыны”.
Шоу Андрэя Малахава “Песні ад усёй душы” з удзелам Ірыны Грахоўскай выйдзе ў эфір заўтра, 19 красавіка, на “РТР-Беларусь”. Пачатак у 17.50.
Расійскае тэлебачанне знайшло нашу зямлячку ў TikTok: на раённым свяце лыжні Ірына спявала песню Наташы Каралёвай “Синие лебеди”.
У Малахава дзяўчына з Докшыц выконвала хіты расійскай паэткі Ларысы Рубальскай, якая была запрошана на праграму ў якасці зоркі.
Уразіў Ірыну высокі прафесіяналізм стваральнікаў праграмы і ўважлівыя адносіны да ўдзельнікаў. Напрыклад, па яе ў Докшыцы арганізатары прыслалі з Мінска машыну, аплацілі купэ ў цягніку, у Маскве на вакзале сустрэў вадзіцель і адвёз у атэль.
Яшчэ адзін кранальны момант: разам з Ірынай па ўласнай ініцыятыве на тэлебачанне адправіліся начальнік аддзела культуры райвыканкама Вольга Сушко і загадчык сектара па асноўнай дзейнасці ГЦК Дзмітрый Чувахоў. Такая шчырая падтрымка прыдала дзяўчыне ўпэўненасці. А душэўную атмасферу, якая панавала на здымках, Ірына запомніць надоўга.
Ніна КРУКОВІЧ.
Фота прадастаўлена аддзелам культуры.



