Массовый сев кукурузы идет в Докшицком районе
У сельгаспрадпрыемствах раёна завершана сяўба кукурузы на зерне і масава ідзе сяўба царыцы палёў на сілас. Лідарам па тэмпах гэтых работ з’яўляецца ААТ “Бягомльскае”, дзе на раніцу ўчарашняга дня пасеяна 280 гектараў, або 70 працэнтаў адведзеных пад кармавую культуру плошчаў.
На палетках ля вёскі Мількунь, акружаных бялюткімі чаромхавымі зараснікамі, трактар з сеялкай здалёк выглядае як гіганцкі пясчаны віхор.
– Чакаем дажджу, мусіць, мацней, як праславутай манны нябеснай, – і жартам, і ўсур’ёз гаворыць галоўны аграном гаспадаркі Вадзім Савіцкі. – Не сеяць, самі разумееце, нельга: ёсць такое паняцце, як агратэхнічныя тэрміны. Кукуруза ўвогуле культура менш капрызная і патрабавальная, чым, скажам, рапс, але ў пачатку росту ёй неабходны дастатковая колькасць вільгаці і адсутнасць замаразкаў.
Вадзім Вітальевіч адзначае, што пры сяўбе кукурузы важна арыентавацца не столькі на каляндарныя даты, колькі на тое, наколькі прагрэтая глеба. З гэтым усё ў парадку, патрэбен толькі цёплы і спорны майскі дождж.
На новенькім, набытым у гэтым годзе трактары МТЗ-1523 з сеялкай “Маxima” рупіцца ад цямна да цямна перадавы механізатар сельгаспрадпрыемства Андрэй Аўтушка – засявае штодзень па 40-50 гектараў. Толькі добрыя словы ў адрас трактарыста пачулі і ад галоўнага агранома, і ад выканаўчага дырэктара Уладзіслава Шаршнёва: абодва падкрэслілі, што дзякуючы адказнасці і прафесіяналізму механізатара ў якасці сяўбы можна не сумнявацца. Насенне ж у “Бягомльскім” выкарыстоўваюць сартоў беларускай селекцыі. Вадзім Савіцкі на ўласным вопыце пераканаўся, што пры належным выкананні ўсіх тэхналагічных працэсаў ураджай яны даюць высокі. У гаспадарцы сістэматычна ствараюцца значныя запасы кармоў – па колькасці кармавых адзінак на ўмоўную галаву жывёлы “Бягомльскае” шматгадовы лідар. Такія запасы не толькі забяспечваюць патрэбнай колькасцю кармоў пагалоўе буйной рагатай жывёлы, якое, між іншым, з кожным годам павялічваецца, але і прыносяць дадатковы фінансавы прыбытак. Так, сёлета рэалізавалі пяць тысяч тон сіласу, але гэта не азначае, што ачышчаны ўсе траншэі, – так званая падушка бяспекі ў наяўнасці.
Самыя ж вялікія плошчы адведзены пад кукурузу ў ААТ “Таргуны” – 1680 гектараў, ААТ “Докшыцкі райаграсэрвіс” – 1050, ААТ “Барсучанка” – 900. Сяўба ў гэтых гаспадарках ідзе не менш актыўна. У “Таргунах” на раніцу ўчарашняга дня пасеяна чатыры з паловай сотні гектараў, што больш за чвэрць працэнтаў, у аграсэрвісе – амаль 400 гектараў, ці 37 працэнтаў ад запланаванага, у “Барсучанцы” – 188 гектараў, або 21 працэнт. Больш за палову плошчаў – а гэта 151 гектар – засеялі царыцай палёў у ААТ “Докшыцкі”, прыступілі да работы ў “АграСітцах”. Чакаем дапамогі нябёсаў, каб спраўдзілася народная мудрасць: сухі марац, мокры май – будзе жыта як гай.
Алена НЕСЦЯРОНАК.
Фота Вячаслава ЧАРВІНСКАГА.

