Если чувство в унисон. Это про Анатолия и Ирину Ляхов из агрогородка Парафьяново
Калі пачуццё ва ўнісон. Гэта пра Анатоля і Ірыну Ляхаў з аграгарадка Параф’янава, якія пазаўчора адзначылі 44-ю гадавіну свайго жыцця ў шлюбе. Дата, як кажуць, салідная, а ў сэрцах сямейнай пары – бачна адразу – не цепліцца, а гарыць яркім полымем пачуццё, што ўспыхнула амаль паўстагоддзя таму. Пра тое, што падтрымлівае гэта полымя доўгі час, і павялі размову з сужэнцамі пры сустрэчы.
Шлюбы заключаюцца на нябёсах, сказаў хтосьці з мудрацоў, а другі зрабіў выснову: усё, што мы лічым выпадковым, на самай справе такім не з’яўляецца. З гадамі ўсё больш пераконваешся ў слушнасці гэтых меркаванняў. Ну хіба можа быць выпадковай сустрэча двух людзей, якім наканавана быць разам усё жыццё?
Анатоль Канстанцінавіч нарадзіўся і вырас у вёсцы Целяшы Параф’янаўскага сельсавета, а бацькоўскі дом Ірыны Іосіфаўны на Мядзельшчыне. Да іх сустрэчы “вяло” заканчэнне Ірынай Полацкага політэхнікума і размеркаванне на працу на Докшыччыну. Каханне паміж маладымі людзьмі ўзнікла адразу, а вось пажаніліся яны праз тры гады: Анатоль на той час яшчэ вучыўся ў Мінскім электратэхнікуме сувязі. Маладога галаву сям’і накіравалі працаваць у Магілёў, і яго палова, вядома ж, адправілася следам.
Абое сужэнцаў з цеплынёй успамінаюць тыя першыя восем гадоў сумеснага жыцця, з 1982-га па 1990-ы. Спачатку ў інтэрнаце, дзе, кажуць, жылі з суседзямі ў ладзе і згодзе, ва ўсім дапамагалі адно аднаму, дзяліліся апошнім, адзначалі разам святы, – з некаторымі і да гэтай пары трымаюць сувязь. Работай сваёй былі задаволены, дачушкі Алеся і Юля нарадзіліся. Кватэру трохпакаёвую атрымалі – здавалася, усё ёсць для шчасця. Толькі малая Юлечка ў Магілёве жыць не магла: мусібыць, яе арганізм не быў здольны пераносіць наступствы аварыі на Чарнобыльскай АЭС… А вось у бабулі з дзядулем у Целяшах усе негатыўныя праявы незразумелага захворвання як рукой здымала, і Ірына з Анатолем вырашылі – здароўе дзяцей важнейшае за ўсё – вярнуцца. Што і зрабілі. Жылі на першым часе ў Анатолевых бацькоў, у брата Мікалая, а затым і сваёй кватэрай абзавяліся. Удакладняем: з мілымі рай і ў шалашы? “У бытавым плане, канешне, не рай, – усміхаецца Ірына Іосіфаўна, – але, калі любіш па-сапраўднаму, ніякія бытавыя нягоды шлюб не разбураць, а толькі змацуюць”. Анатоль Канстанцінавіч згодна ківае галавой.
Нашы новыя знаёмыя па праве могуць ганарыцца дастойна пражытымі гадамі і з радасцю і ўпэўненасцю глядзець у будучыню. Абое яны паважаныя людзі. Ірына Іосіфаўна мае саракагадовы стаж работы ў спажыўкааперацыі. Многія жыхары раёна памятаюць яе як заўжды прыязнага, ветлівага прадаўца крамы “Прамтавары” ў Параф’янаве, да якога можна было звярнуцца з просьбай, атрымаць добрую параду. Трыццаць пяць з паловай гадоў аддаў працы ў сельскай гаспадарцы – і на адным месцы – Анатоль Канстанцінавіч: пачынаў электрыкам у калгасе “Чырвоны сцяг”, які паступова, пасля рознага роду рэарганізацый, увайшоў у склад “Докшыцкага райаграсэрвіса”, рупіўся ў далейшым майстрам, прарабам. Для сваіх дачушак гэта цудоўная сямейная пара служыла і служыць прыкладам, з’яўляецца надзейнай апорай і падтрымкай і, безумоўна, грэе іх душы цеплынёй клапатліва створанага імі сямейнага ачага. У сваю чаргу Алеся і Юля, іх сем’і для бацькоў – найвялікшае шчасце: нездарма загараюцца вочы нашых герояў, калі яны распавядаюць пра сваіх дзяўчатак, іх мужоў, любімых таленавітых унучак.
У адказ на пытанне, чым найбольш захапляюцца на заслужаным адпачынку, Ірына Іосіфаўна і Анатоль Канстанцінавіч глядзяць адзін на аднаго з усмешкай, пасля чаго Ірына Іосіфаўна коратка фармулюе: “Дык я – Толем, а ён – мной”. “Кажуць, калі пара доўга жыве ра-
зам, дык муж з жонкай і думаць пачынаюць аднолькава, – дадае галава сям’і. – Іра праўду сказала: раней, у вірлівым жыцці, мы не мелі столькі часу, каб быць удваіх. Можна толькі падзякаваць Богу, што зараз у нас ёсць такая магчымасць”.
Ці трэба яшчэ штосьці дадаваць да гэтых слоў? Мусіць, толькі тое, што сямейнае шчасце сужэнцы Ляхі вызначаюць формулай “любоў плюс павага”. А ўсё астатняе, кажуць, на гэтым трымаецца і з гэтага вынікае.
Алена НЕСЦЯРОНАК.
Фота Вячаслава ЧАРВІНСКАГА.

