В Докшицах прошёл культурно-спортивный праздник, посвященный Дню работников физической культуры и спорта
Кожную трэцюю суботу мая ў Беларусі адзначаецца Дзень работнікаў фізкультуры і спорту. У райцэнтры да яго традыцыйна ладзіцца культурна-спартыўнае мерапрыемства. Вось і сёлета з раніцы суботняга дня на гарадскі стадыён спяшаліся шматлікія аматары здаровага ладу жыцця, каб назапасіцца бадзёрасцю і, канечне ж, перамагчы. Надвор’е таксама спрыяла спартакіядзе.
Старт святу даў калектыў групы танцавальнай аэробікі ФСК “Ураджай”, выступленне якога стала своеасаблівай размінкай.
Адзінаццаць каманд з арганізацый і прадпрыемстваў раёна, ветэранаў спорту, трэнераў і настаўнікаў фізкультуры, юных спартсменаў і балельшчыкаў прывітала намеснік старшыні райвыканкама Аксана Палачаніна. Цёплыя словы адрасавала яна тым, хто займаецца спортам і перадае сваё майстэрства будучаму пакаленню. Шчыра дзякавала Аксана Эдуардаўна нашым спартсменам-землякам, якія на належным узроўні прадстаўляюць раён на абласных, рэспубліканскіх і міжнародных спаборніцтвах. Асаблівыя словы павагі прагучалі ў адрас ветэранаў спорту, ад імя якіх пажадала ўсім поспехаў і новых перамог Ала Русалоўская.
Як заўсёды, лепшыя работнікі галіны былі адзначаны ўзнагародамі. Граматы Докшыцкай ДЮСШ атрымалі Таццяна Дзехцяронак, Ганна Каросцік, Генадзій Ярмаковіч і Алена Андарала. Граматы ФСК “Ураджай” – Ніна Дук, Ала Каляга, Валянціна Падляшчук і Аксана Юковіч.
Шэрагам спартсменаў атрыманы значкі дзяржаўнага фізкультурна-аздараўленчага комплексу Рэспублікі Беларусь.
Завяршыў урачыстую цырымонію заезд мясцовых байкераў, якія правезлі па стадыёне Дзяржаўны сцяг Рэспублікі Беларусь, а таксама сцяг Докшыцкага раёна.
Спартыўная частка спаборніцтва распачалася са школьнай эстафеты, у якой перамаглі вучні Парплішчанскай СШ. Другое месца ў СШ № 1 г. Докшыцы імя І.С. Палявога, трэцяе – Бягомльская СШ імя С.С. Манковіча.
А свята спорту прадоўжылася сямейнай эстафетай, удзельнікамі якой сталі сем’і Новікаў, Сяржант, Голубевых, Каросцікаў, Ялцэвічаў, Ізавіткаў, Глазко і Жданько. Дзеці актыўна падбадзёрвалі сваіх бацькоў падчас праходжання вясёлых конкурсаў. Перамога дасталася Юрыю і Ганне Глазко з дачкой Дар’яй. Сярэбранымі прызёрамі сталі мінулагоднія чэмпіёны Сяргей і Марына Жданько з сынам Арцеміем. Трэцяе месца ў Аляксандра і Алены Ізавітка з сынам Іванам.
Камандныя спаборніцтвы праходзілі адначасова па некалькіх відах: пакуль адны скакалі ў даўжыню з разбегу, другія штурхалі ядро. Кіраўнікі арганізацый і іх намеснікі правяралі сваю меткасць у стральбе з пнеўматычнай вінтоўкі. Не абышлося без любімага ўсімі валейбола і відовішчнага перацягвання каната.
У агульнакамандным заліку чэмпіёнскі кубак зноў дастаўся зборнай Крулеўшчынскага сельсавета. Серабро ў РУП ЖКХ “Докшыцы-камунальнік”, бронза – у Бягомльскага сельсавета.
У спаборніцтвах па стральбе першае месца заваявалі Алена Піскуновіч (Крулеўшчынскі сельсавет) і Сяргей Захарэвіч (Бягомльскі сельсавет), другое – Алена Камінская (СШ № 2 г. Докшыцы імя У.Ф. Крышталевіч) і Дзмітрый Каляга (РУП ЖКГ “Докшыцы-камунальнік”), трэцяе – Іна Кучыц (Докшыцкая ЦРБ) і Юрый Данілаў (Докшыцкі РЭС).
Скачкі ў даўжыню з разбегу
У катэгорыі да 30 гадоў:
1 месца – Сафія Цяслёнак (Крулеўшчынскі сельсавет) і Мікіта Азаранка (аддзел па адукацыі);
2 месца – Анастасія Батура (Докшыцкая ЦРБ) і Арцём Вішняк (Бягомльскі сельсавет);
3 месца – Аксана Масальская (РУП ЖКГ “Докшыцы-камунальнік”) і Антон Шнітко (Крулеўшчынскі сельсавет).
У катэгорыі ад 31 да 45 гадоў:
1 месца – Аляксандра Навуменка (аддзел па адукацыі) і Юрый Данілаў (Докшыцкі РЭС);
2 месца – Марыя Каляга (Крулеўшчынскі сельсавет) і Аляксандр Маслакоў (філіял “Докшыцыводаканал”);
3 месца – Юлія Лямец (РУП ЖКГ “Докшыцы-камунальнік”) і Аляксандр Касмачоў (Крулеўшчынскі сельсавет).
У катэгорыі 46 +:
1 месца – Валянціна Вайцяховіч (РУП ЖКГ “Докшыцы-камунальнік”) і Сяргей Паўловіч (Крулеўшчынскі сельсавет);
2 месца – Алена Жданько (аддзел па адукацыі) і Павел Касцюк (філіял “Докшыцыводаканал”);
3 месца – Вятлана Гарбачова (зборная райвыканкама і аддзела культуры) і Ігар Вайцяховіч (РУП ЖКГ “Докшыцы-камунальнік”).
Штурханне ядра
1 месца – Анастасія Батура (Докшыцкая ЦРБ) і Аляксандр Касмачоў (Крулеўшчынскі сельсавет);
2 месца – Дар’я Таляронак ( Крулеўшчынскі сельсавет), Арцём Вішняк (Бягомльскі сельсавет) і Сяргей Голубеў (асобна);
3 месца – Таццяна Собаль (СШ № 2 г. Докшыцы) і Юрый Данілаў (Докшыцкі РЭС).
Валейбол (мікс)
1 месца – Крулеўшчынскі сельсавет;
2 месца – Бягомльскі сельсавет;
3 месца – зборная райвыканкама і аддзела культуры.
Перацягванне каната
1 месца – РУП ЖКГ “Докшыцы-камунальнік”;
2 месца – Крулеўшчынскі сельсавет;
3 месца – Цэнтр па забеспячэнні дзейнасці бюджэтных арганізацый.
Як заўсёды, падчас свята працавалі тэматычныя пляцоўкі, арганізаваныя аддзелам культуры, раённай арганізацыяй ГА “БРСМ”, раённым Цэнтрам гігіены і эпідэміялогіі і Докшыцкай ЦРБ. Карысталася папулярнасцю гандлёвая палатка райста.















































































































