Докшицкие аграрии приступили к заготовке кормов

Трактарыст-машыніст ААТ “Барсучанка” Мікалай Баброўскі пасля сяўбы яравых уключыўся ў корманарыхтоўку.

Трактарыст-машыніст ААТ “Барсучанка” Мікалай Баброўскі пасля сяўбы яравых уключыўся ў корманарыхтоўку.

Докшыцкія аграрыі масава прыступілі да нарыхтоўкі кармоў. Сёлета асноўны акцэнт робіцца на скошванні шматгадовых бабовых траў, якія забяспечваюць жывёлу высокабялковым кормам.

– Летась касавіца пачалася значна пазней, бо не дазваляла халоднае надвор’е, – адзначае першы намеснік старшыні райвыканкама, начальнік упраўлення па сельскай гаспадарцы і харчаванні райвыканкама Наталія Вараб’ёва. – У гэтым годзе аграрыі ўключыліся ў справу ў пачатку мінулага тыдня. Безумоўна, будучы ўраджай будзе залежаць ад надвор’я і своечасовай уборкі. Дарэчы, стаўку робім на кукурузу, плошчы пад пасевы якой сёлета павялічылі да 1600 гектараў. Таму спадзяёмся, што сіласам будзем забяспечаны напоўніцу.

Па стане на 29 мая ў раёне скошана 1935 гектараў траў першага ўкосу, што складае 17,7 працэнта да плана. На ўмоўную галаву жывёлы нарыхтавана 0,81 цэнтнера кармавых адзінак.
У лідарах на касьбе значацца ААТ “Бягомльскае”, дзе скошана 38,5 працэнта (577 гектараў) ад усёй плошчы, і ААТ “Докшыцкі райаграсэрвіс” – там травы ўбраны на 20,2 працэнта (403 гектары) ад патрэбнага.

Пасля завяршэння пасяўной кампаніі трактарыст-машыніст ААТ “Барсучанка” Мікалай Баброўскі сеў за руль новага энерганасычанага трактара МТЗ 3522 у счэпе з касілкай КПР-9, шырыня захопу якой складае дзевяць метраў.

– На нарыхтоўцы кармоў працую ўжо не першы год, але, калі перасеў на новы комплекс, адчуў зусім іншы ўзровень і камфорт, – гаворыць Мікалай Віктаравіч. – Работу стараюся выконваць аператыўна, каб своечасова сабраць расліны для далейшай закладкі ў траншэі.

– Акрамя Мікалая, на корманарыхтоўцы задзейнічаны яго брат Васілій, а таксама Віктар Качынскі – усе трое адказныя, руплівыя працаўнікі, – характарызуе механізатараў галоўны аграном прадпрыемства Андрэй Альхімёнак. – Штодня скошваюць ад 100 да 150 гектараў. Сёлета вільгаці травам хапае, а вось цяпла недастаткова. Аднак прызвычайваемся працаваць у любых умовах. Скошаныя травы як мага хутчэй прыбіраем і закладваем зялёную масу ў сянажную траншэю. Прастояў стараемся не дапускаць – кожная хвіліна каштоўная.

Першачарговая задача аграрыяў раёна падчас касавіцы – атрымаць якасныя кармы, якія паўплываюць у далейшым на добрыя паказчыкі ў жывёлагадоўчай галіне.

Таццяна ПАДБЯРЭЗКАЯ.
Фота Вячаслава ЧАРВІНСКАГА.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *