Беларусь славят женщины: начальник отдела культуры Докшицкого райисполкома Ольга Сушко
У пачатку сакавіка ў раён прыляцела прыемная навіна. Наша зямлячка начальнік аддзела культуры райвыканкама Вольга Сушко стала пераможцай XVIII Рэспубліканскага конкурсу Беларускага саюза жанчын “Жанчына года” ў намінацыі “Духоўнасць і культура”.
Чарговая высокая ацэнка-перліна дадалася да важкай нізкі ўзнагарод безумоўнага прафесіянала сваёй справы, музычна адоранай, прыгожай жанчыны, якая да таго ж мае выключныя кіраўніцкія здольнасці.
Зараз увайшоў у моду выраз “стварэнне ўласнага брэнда”. Пад гэту задачу пішуцца стратэгіі, якіх медыйныя персоны вымушаны прытрымлівацца, каб прыцягнуць увагу аўдыторыі. Дык вось гераіні “РВ” ніякіх штучных стратэгій выдумляць не трэба. Сёння імя Вольгі Сушко – гэта ўжо брэнд. Моцны асабісты брэнд, сфарміраваны бязмежнай любоўю і святой павагай да музыкі, сцэны і гледача. А таксама высокай працаздольнасцю. Бо, калі за справу бярэцца прафесіянал такога ўзроўню, можна не сумнявацца ні ў свежасці ідэй, ні ў іх дакладнай мастацкай рэалізацыі. Нездарма шматлікія госці раённых брэндавых свят, фестываляў і канцэртных праграм адзначаюць выключна высокі ўзровень іх падрыхтоўкі і правядзення.
Застаецца толькі здзіўляцца, як за столькі гадоў у прафесіі Вольга Васільеўна не перагарэла і па-ранейшаму фантаніруе ідэямі і задумкамі, чым утрымлівае калектыў, які прырастае моладдзю, але базіруецца на вопыце старэйшых калег, і колькі гадзін трэба мець у сутках, каб усё жыццё рухацца ў зададзеным тэмпе.
З дзіцячага сада – у школу мастацтваў
– Вольга Васільеўна, адкуль яна ў Вас, гэта святая любоў да мастацтва?
– Як ні банальна прагучыць, але, напэўна, з сям’і. Мая маленькая радзіма – Докшыцы. Зараз, канешне, не ўсе ўспаміны з дзяцінства выразныя, але прыгадваю, што спявалі ў нашай сям’і ўсе: мама, бабуля, цёткі, браты. Ну і я не адставала.
Ад аўтара. Пра такіх творчых дзяўчынак кажуць: “Артыстка расце”. А яна такой і расла: цікаўнай светлавалосай прыгажуняй-беларусачкай, спасцігала ўсё новае і ніколі не прапускала заняткі ў школе мастацтваў. У шэсць гадоў старэйшы брат Андрэй з дзіцячага сада за руку вёў сястрычку ў гэту ўстанову. Нядзіўна, што потым былі і школьны вакальна-інструментальны ансамбль, і безліч творчых мерапрыемстваў і конкурсаў.
Захапленне стала прафесіяй
– Вы спраўдзілі мару многіх падлеткаў, зрабіўшы сваё захапленне прафесіяй. Якім быў гэты шлях?
– Атрымліваецца, што так. З вялікай цеплынёй і ўдзячнасцю прыгадваю светлы час вучобы на харавым аддзяленні Белдзяржуніверсітэта культуры. Але стаць студэнткай было мала, галоўнае ў нашай прафесіі – самавызначыцца, знайсці сваё месца на сцэне. Творчыя людзі вельмі эмацыянальныя, эмпатычныя, чуллівыя. Яны не заўсёды ўмеюць пераадольваць цяжкасці, вытрымліваць канкурэнцыю… Бязмежна ўдзячная сваім выкладчыкам за мудрасць і цёплыя, амаль бацькоўскія адносіны. Менавіта яны дапамаглі вызначыць прыярытэты і ўсвядоміць, што мне недастаткова толькі самой быць на сцэне, што не меншую асалоду атрымліваю, калі дзялюся ведамі, перадаю ўменні іншым. Увогуле, цвёрда ўпэўнена, што без эстэтычнага выхавання дзіцяці вельмі цяжка гарманічна развівацца.
Ад аўтара. Ва ўменні спраўляцца з эмоцыямі і арганізатарскім таленце наша гераіня бачыць рысы свайго таты. Але нельга сказаць, што яна не зведала цяжкасцей творчай працы знутры. Шлях да сённяшняй пасады быў паступовы і вельмі цікавы.
Першай прыступкай творчай кар’еры Вольгі Сушко стала сфера адукацыі. Пачынала працаваць у базавай школе ў Янках, потым восем гадоў была настаўніцай музыкі і спеваў у СШ № 2 г. Докшыцы. Дарэчы, многія нашы чытачы, напэўна, памятаюць тыя бліскучыя выступленні настаўнікаў і вучняў гэтай установы адукацыі, якія не аднойчы былі ў ліку пераможцаў і нават заваёўвалі Гран-пры раённага конкурсу “Таленты Докшыччыны”, удзельнічалі ў абласных конкурсах. У гэты ж перыяд быў створаны школьны гурт “Беразняначка”, а многія дзеці паверылі ў свае сілы, пераадолелі хваляванне і выйшлі на сцэну. Пра тыя часы і сваіх калег Вольга Васільеўна гаворыць таксама з вялікай пашанай.
Імя школы гучыць
Але жыццё ніколі не давала Вользе Сушко доўга адпачываць на лаўрах. Узяла адну вышыню – і наперад за наступнай. У 2010 годзе яна ўзначальвае Докшыцкую дзіцячую школу мастацтваў.
– Вольга Васільеўна, якімі былі наступныя дзесяць гадоў жыцця, калі Вы кіравалі калектывам музычнай школы?
– Наша прафесія не лёгкая: за святлом сафітаў часам крыецца манатоннае штодзённае адточванне майстэрства. Паспрабуйце кожны дзень запальваць аптымізмам, дабрынёй і надзеяй іншых. Пры гэтым работнікі культуры не працуюць з васьмі раніцы да пяці вечара. Ды і для работы з дзіцячай аўдыторыяй заўсёды трэба шукаць новыя формы падачы матэрыялу, інакш выніковага тандэма вучань-настаўнік не атрымаецца. Удзячна калектыву школы мастацтваў, які падтрымліваў усе мае ідэі і ў плане паляпшэння ўмоў працы. У школе цёпла, утульна, прыгожа. А камфорт, пагадзіцеся, уплывае на вынік. Практычна ў кожным конкурсе, дзе бралі і бяруць удзел зараз выхаванцы школы, – іх імёны ў ліку пераможцаў. Увогуле, ва ўстанове вельмі моцны прафесійны калектыў. І сённяшні яе кіраўнік – таксама наш таленавіты выкладчык. Забягаючы наперад, скажу, што ў хуткім часе ўвасобіцца ў жыццё і яшчэ адна мая мара: на прышкольнай тэрыторыі будзе абуладкаваны музычны дворык.
Ад аўтара. За першыя гады, як Вольга Васільеўна стала кіраваць школай мастацтваў, колькасць вучняў павялічылася практычна ў два разы. У перыяд з 2010 па 2020 год былі адкрыты мастацкае і тэатральнае аддзяленні, з’явіліся класы гітары, ударных інструментаў, трубы і інш. Пачала працаваць школа ранняга развіцця “Смяшарыкі”. Яе стварылі як базу для падрыхтоўкі новых вучняў з дашкалят. Звання “ўзорны” ўдастоены ансамбль барабаншчыц “Step-Beat” і аркестр баянаў. Школа ўнікальная і тым фактам, што ў ёй выдатна адчуваюць сябе побач маладыя выкладчыкі і аксакалы музычнай адукацыі. Яшчэ ў пачатку сваёй работы малады кіраўнік Вольга Сушко паставіла задачу дасягнуць такога ўзроўню, каб школе было прысвоена імя Нестара Сакалоўскага. І вось з 2016 года ўстанова носіць імя нашага знакамітага земляка.
Яшчэ адно выпешчанае гэтай таленавітай жанчынай дзецішча – ансамбль “Вярба”. Прафесійнае шматгалоссе і відовішчныя выступленні дзяўчат зрабілі сваю справу – у 2013 годзе калектыў атрымаў званне “народны”. Гэтага ж звання ўдастоены хор ветэранаў “Залатыя гады”, які Вольга Васільеўна паспяхова натхняе на новыя творчыя здабыткі.
Радзіма сказала “трэба”
Здавалася б, Вольга Сушко дасягнула ўсіх вышынь, але новы жыццёвы віток – і новыя задачы. У 2020 годзе ёй прапаноўваюць вельмі адказную пасаду – стаць кіраўніком усёй сферы культуры раёна.
– Вам не хацелася ў той момант адмовіцца і застацца ў школе мастацтваў?
– Канешне, хацелася. Але ж хто мяне больш ведае, чым я сама? (Усміхаецца.). А калі сур’ёзна, у школе ўжо было зроблена многае. Адчувала, што нашы дзяўчаты змогуць пакрысе справіцца самі, бо працэс адладжаны. Дык вось, вяртаючыся да свайго характару, я чалавек, якому з цягам часу становіцца цесна ў пэўных межах. Як гэта ні гучыць парадаксальна – мой спакой толькі ў віхуры падзей і кіраўніцкіх задач. Пры гэтым рэцэпт просты: не трэба нікому нічога даказваць, трэба проста станавіцца штодня лепшым адносна сябе папярэдняга. А на шляху гэтым хопіць рознага: і пераадольвання стэрэатыпаў, і пошуку выйсця з розных сітуацый, і непапулярных кіраўніцкіх рашэнняў, якія з цягам часу ўспрымаюцца як самыя правільныя.
Увогуле, гучная дзейнасць нашага аддзела культуры – гэта калектыўная работа. Мне з камандай пашанцавала. Так, у нас не самыя вялікія заробкі, мы працуем тады, калі ўсе адпачываюць, часта да сваёй дзейнасці вымушаны прыцягваць усю сям’ю… Але работнік культуры – гэта стыль жыцця. Той, хто яго рассмакаваў, іншай дарогі не жадае. Бязмежна ўдзячная сваім родным: матулі, мужу, сыну і яго сям’і за тое, што яны прынялі гэты мой стыль жыцця, за тое, што падтрымліваюць і любяць любой. Гэта найвялікшая каштоўнасць схавана глыбока ў маім сэрцы.
Наталля СТАШЭВІЧ.Фота Яўгеніі МАЛЕВІЧ.

