И рыбалка, и отдых. Искусственные водоёмы возле Ракитовщины в Волколатском сельсовете обретают новую жизнь

ЕН 1845 с

Аляксей Шашок і Аляксандр Кунцэвіч.

Па рэкамендацыі Міністэрства аховы здароўя Беларусі, норма ўжывання рыбы ў год на чалавека складае ад 16 да 24 кг. Фактычна ж сярэднестатыстычны жыхар нашай краіны з’ядае штогод 13-16 кг рыбнай прадукцыі. Пры гэтым на долю рыбы, вырашчанай і вылаўленай у вадаёмах Беларусі, прыходзіцца толькі 10 працэнтаў. Пра тое, каб рыбалка была не толькі карысным, але і прыемным заняткам, а значыць, папулярызавалася ў масах, задумаліся прадпрымальнікі з Глыбокага Аляксей Шашок і Аляксандр Кунцэвіч. А месца для рэалізацыі сваіх задум выбралі ў нас, на Докшыччыне: навакольным хараством іх прывабілі два штучныя вадаёмы каля вёскі Ракітаўшчына, што ў Валкалацкім сельсавеце.

Пра падтрымку

Аляксей з Аляксандрам склалі бізнес-план па акультурванні азёр і арганізацыі на іх платнай рыбалкі. Звярнуліся са сваёй ідэяй у райвыканкам і, адзначаюць, былі бязмежна рады таму, што ім адразу ж пайшлі насустрач. Заключылі дагавор з упраўленнем па сельскай гаспадарцы і харчаванні на арэнду двух штучных вадаёмаў на дзесяць гадоў. Назваліся ТАА ЛПО “РыбТэх”, якое ўзначаліла жонка Аляксея Ксенія, што ўзяла на сябе вядзенне дакументацыі. Не марудзячы ні дня, прыступілі да справы. Было гэта менш чым год таму, першага верасня адкрыліся.

– Мы самі рыбакі, ездзілі неаднаразова на так званыя “платнікі” ў Мінск, Барысаў, іншыя месцы, – распавёў Аляксей. – Неяк падумалі: чаму ж у нас няма такога? У мяне ў Глыбокім уласная крама па продажы тавараў, неабходных для рыбнай лоўлі. Хачу сказаць, яны карыстаюцца попытам, а значыць, рыбакоў у нашых краях нямала. Навошта ж траціць час на намотванне лішніх кіламетраў, калі будзе магчымасць паблізу цудоўна адпачыць і яшчэ мець шанс разнастаіць свой стол стравамі са свежай рыбы, злоўленай уласнаручна. Прыемна, што і кіраўнік раёна Сяргей Уладзіміравіч Абірала, і спецыялісты райвыканкама падтрымалі нашу справу і аказваюць у ёй дапамогу. Гэта падмацоўвае веру ў свае сілы і магчымасці.

ЕН 1833

“Масква не адразу будавалася”

Так ахарактарызаваў праведзеную за дзесяць месяцаў работу Аляксандр Іванавіч. Тым не менш ганарыцца ёсць чым. Сваімі сіламі героі артыкула ачысцілі адно з азёр плошчай 2,7 гектара, выразалі амаль усё кустоўе, што шчыльна абступала берагі, выдалілі пустазелле, добраўпарадкавалі берагавую лінію, зрабілі шмат масткоў для лоўлі рыбы, чатыры альтанкі, у кожнай з якіх можа размясціцца каля дзясятка чалавек, абуладкавалі санітарную зону, узвялі лазню і домік рыбака, у якім зараз даводзяць да ладу ўнутраную аддзелку. На “платніку” ахвотным прапаноўваюцца мангалы з шампурамі, рашоткі для грылю, дровы для развядзення вогнішча і прыгатавання страў. У доміку рыбака ёсць ложкі, халадзільнік, посуд, бытавая тэхніка. Працэс добраўпарадкавання працягваецца: сябры-прадпрымальнікі на азёрах кожны вечар пасля сваёй асноўнай работы і ў выхадныя дні.

ЕН 1834

Клёвы вопыт

Азёры шчодра зарыблены – карп, шчупак, белы амур, лінь, белы і чырвоны карась, таўсталобік. Нельга пакуль сказаць, адзначаюць суразмоўцы, што рыбакоў тут цьма, аднак ужо ёсць шмат тых, хто, пабываўшы ў Ракітаўшчыне аднойчы, прыязджае зноў і зноў, расказвае пра прыгажосць мясцін і камфорт лоўлі сябрам і знаёмым. Сарафаннае радыё – яно і ў часы Інтэрнэта эфектыўна дзейнічае. Прынамсі, рыбакі-мінчане тут ужо не рэдкасць. Разам з тым знаходзяцца і такія людзі, што лічаць, быццам на “платніку” рыба абавязкова павінна кляваць, як у Сямёна Гарбункова з кінафільма “Брыльянтавая рука”.

– Калі ты сапраўдны рыбак, то ведаеш, што платная рыбалка не гарантуе вялікі ўлоў. Як і ў дзікай прыродзе, на клёў уплывае шмат пагодных фактараў, ды яшчэ многае залежыць ад майстэрства рыбака і, вядома ж, удачы. Таму прэтэнзіі, што рыбы мала, кажучы па праўдзе, успрымаем з крыўдай. Самі з платных вадаёмаў, бывала, прыязджалі, не злавіўшы нават карася. А яшчэ калі ты сапраўдны рыбак, то цэніш найперш хараство навакольнай прыроды, магчымасць адпачыць ад штодзённай мітусні, цеплыню сяброўскіх зносін.

І з гэтым не паспрачаешся.

ЕН 1836

У планах

Давесці да задуманага “аздабленне” першага возера: яшчэ чатыры альтанкі зрабіць і паставіць, кастравыя зоны абуладкаваць для тых, хто прыязджае на ноч, мосцікаў дабавіць. Калі Аляксандр, работнік раёна электрычных сетак, у большай ступені тэхнар і майстар па дрэве, то Аляксей выдатна разбіраецца ў ландшафтным дызайне, вопытны садавод і кветкавод (нездарма сядзіба Шашкоў адзначана за ўзорны парадак). Аляксей гаворыць, што на прыазёрнай тэрыторыі яны абавязкова закладуць дэндрапарк, і ўжо плануе, дзе і што будзе расці.

Другое возера прыводзіць у адпаведны стан глыбоцкія прадпрымальнікі будуць ужо за крэдытныя сродкі. Спадзяюцца, што пэўныя арганізацыі раёна дапамогуць з тэхнікай – бульдозерам, грэйдарам. Мяркуюць, што ў далейшым і месцы працоўныя змогуць прадаставіць камусьці з месцічаў, з многімі з якіх ужо пасябравалі.

– Не шкадуеце, што разгарнулі такую грандыёзную і разам з тым нялёгкую справу? – пытаюся. – Не прадугледжваеце пэўныя хады адступлення?

– Ведаеце ж, як пра нас, беларусаў, кажуць, што ў нас няма паняцця “назад”, – смяюцца суразмоўцы.

А калі сур’ёзна, то па тым, як гараць іх вочы, як радуюцца яны таму, што ўжо здзейснена, зразумела: не адступяць.

ЕН 1835

Алена НЕСЦЯРОНАК.
Фота аўтара.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *