Подворье докшичанки Инны Колбасич утопает в цветах

IMG_6760 с

Каля сядзібы Іны Калбасіч на вуліцы Заходняй у райцэнтры нельга прайсці міма не прыпыняючыся. З ранняй вясны да глыбокай восені акуратны, дагледжаны панадворак патанае ў квецені. Зараз – сезон петуній.

Якіх толькі колераў і тыпаў іх няма ў гаспадыні: куставыя, ампельныя, каскадныя, са звычайнымі кветачкамі, дробнымі і буйнымі. Вока радуецца, а розум усведамляе, наколькі карпатлівая праца вырошчваць і падтрымліваць у парадку такую прыгажосць.

Іна Іванаўна па адукацыі бухгалтар. Шмат гадоў працавала ва ўпраўленні па сельскай гаспадарцы і харчаванні, раёне газазабеспячэння, зараз – у “Гняздзілава-Агра”. Гэта прыгожая, абаяльная жанчына прызнаецца, што кветкаводства – яе спосаб пераключацца з будзённых клопатаў і ў нейкай ступені – адпачынак для душы:

– Развядзеннем кветак пачала займацца гадоў з пятнаццаць таму. Канешне, можа рабіць і прасцей: набываць гатовыя расліны, аднак мне вельмі па душы сам працэс. Ды і з вопыту ведаю, што ўласныя саджанцы прыжываюцца ў мяне лепш. Можа, таму, што клопату ім даеш больш. Ведаеце, як і ў кожнай гаспадыні, львіную долю ўчастка займае агарод, аднак за расаду гародніны так не перажываю, як за кветкі.

IMG_6765

Па сялянскай завядзёнцы, калі сані рыхтуюць з лета, кветкі для панадворка Іна Іванаўна пачынае рыхтаваць з зімы. Ужо ў лютым на падаконніках у яе доме не знойдзеш свабоднага месца: гаршчэчкі і кантэйнеры – у некалькі паверхаў, многія – пад фіталямпамі. Але насенне не высейваецца бяздумна. Тут ужо прачынаюцца лічбавы складальнік і гаспадарчы падыход: усё разлічвае пад плошчы і наяўнасць кашпо.

– Аднак колькасць гэтых самых кашпо з года ў год расце, – усміхаецца Іна Іванаўна, расказваючы пра сваё хобі.

Дарэчы, прага да кветкавай прыгажосці ў яе сфарміравана дзіцячымі ўспамінамі пра панадворак бабулі Ганны Казіміраўны. У Параф’янаве ён таксама радаваў вока безліччу сартоў руж. І гэта ў тыя савецкія часы, калі нават некалькі відаў гэтай прыгожай, але вельмі капрызнай кветкі ў вёсцы былі раскошай. Як напамін пра шчаслівыя гады дзяцінства, з Параф’янава ў Докшыцы яна перавезла куст бэзу.

Зараз Іна Іванаўна эксперыментуе з хрызантэмамі мультыфлорамі. Ужо развяла жоўтыя, белыя, бардовыя і пурпурныя. У планах – пашырыць палітру.

Сціплая па натуры, гаспадыня ад залішняй увагі да свайго прыгожага хобі часта бянтэжыцца, бо зазначае, што займаецца кветкаводствам не дзеля ацэнкі навакольных, а дзеля асалоды ўласнай душы. А калі да кветак з душой, яны адкажуць табе тым жа: у пару выкінуць прыгожыя бутоны, якія напоўняць прастору прыемным лёгкім водарам.

IMG_6761 IMG_6762

IMG_6756

Наталля СТАШЭВІЧ.
Фота аўтара.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *