Победителей районного соревнования по заготовке кормов наградили в Докшицком районе

Старшыня райкама прафсаюза работнікаў АПК Васіль Васюковіч віншуе механізатара ААТ «Бягомльскае» Сяргея Васілевіча.
Сельгасарганізацыі раёна завяршылі першы ўкос траў. У райкаме прафсаюза работнікаў аграпрамысловага комплексу падвялі вынікі раённага спаборніцтва па нарыхтоўцы кармоў.
Прафсаюзны лідар аграрыяў Васіль Васюковіч наведаў гаспадаркі, каб павіншаваць лепшых з лепшых працаўнікоў, уручыць ім заслужаныя ўзнагароды і грашовыя прэміі, а таксама выказаць словы падзякі за добрасумленную працу, якаснае і адказнае выкананне абавязкаў.
Пераможцам па нарыхтоўцы зялёнай масы ў стрэйч-плёнку стаў механізатар ААТ “Докшыцкі райаграсэрвіс” Аляксандр Суднік. Яго заспелі ў полі. На некалькі хвілін Аляксандр Міхайлавіч адарваўся ад работы: густыя зялёныя пакосы чакалі свайго часу. Дарэчы, па стане на 10 ліпеня гаспадарка з’яўляецца лідарам па нарыхтоўцы сенажу ў стрэйч-плёнку – 917 тон, або 91,7 працэнта ад плана.
Наступным пунктам на маршруце стала ААТ “Бягомльскае”. Трактарыст-машыніст гаспадаркі Сяргей Васілевіч стаў лепшым на касьбе траў.
Далей – ААТ “Таргуны”. Тут віншаванні прымаў Вячаслаў Аніковіч: механізатар паказаў лепшы вынік па здрабненні зялёнай масы. На полі каля Гліннага якраз рупіўся механізаваны атрад. Вячаслаў Іванавіч на кормаўборачным камбайне “Ягуар” хутка напаўняў зялёнай масай прычэпы і кузавы тэхнікі, задзейнічанай на адвозцы.
Завяршылася віншаванне ў ААТ “Барсучанка”, дзе працуе пераможца па перавозцы зялёнай масы трактарыст-машыніст Сяргей Бараноўскі.
Корманарыхтоўка ў гаспадарках у самым разгары. Працаўнікі пачалі ўжо другі ўкос. Добраму травастою спрыяе надвор’е, вільготнае і цёплае. Скошанае ў асноўным ідзе на сянаж, часткова на корм жывёле. Сена з-за дажджоў пакуль што нарыхтоўваць няма магчымасці. Між іншым, у некаторых сельгасарганізацыях камбайны на мехдварах ужо знаходзяцца на нізкім старце і гатовы выехаць у поле, як толькі дазволіць нябесная канцылярыя.
Наталля ВАСЬКО.
Фота аўтара.



