Летопись трагедии деревни Золотухи, сожженной фашистами вместе с жителями 20 марта 1943 года, продолжается

Без имени-с

Пра падрабязнасці трагедыі ў Залатухах паведамілі з-за акіяна

Летапіс трагедыі вёскі Залатухі, спаленай фашыстамі разам з жыхарамі 20 сакавіка 1943 года, працягваецца. Новыя даследаванні – ад краязнаўца Генадзя Адамовіча, які мае плённыя стасункі з рэдакцыяй “РВ”.

– Даўно не маглі падзяліцца гісторыямі лёсаў людзей, якія маюць дачыненне да Залатух, – сказаў Генадзь Валянцінавіч. – Хацелася паведаміць пра сведак, якія выжылі, але не хапала інфармацыі, архіўных звестак, фатаграфій. Але мы не падалі духам, працягвалі шукаць і верылі, што супрацоўніцтва з докшыцкай газетай калі-небудзь таксама дапаможа. Так і сталася. У сакавіку ў сацыяльнай сетцы мяне знайшла ваша чытачка Алена Багдановіч, якая ўжо больш за пятнаццаць гадоў разам з блізкімі сваякамі пражывае ў ЗША. Яна любіць Беларусь, падтрымлівае зносіны з землякамі і вельмі хацела знайсці магілу бабулінай сястры Гелены Баркоўскай, якая загінула ў Залатухах. Мы таксама доўгі час шукалі сваякоў Гелены, але як маглі падумаць, што яны жывуць за акеанам? І вось зараз дзякуючы дапамозе “Родных вытокаў” мы знайшлі адзін аднаго, а таксама месца пахавання Гелены Баркоўскай у Будславе. Фотаздымкі помніка ўжо пераслалі Алене. А ўспаміны бацькоў нашай новай знаёмай дапамаглі запоўніць прабелы і дасабраць інфармацыю пра яшчэ аднаго жыхара спаленай вёскі.

…Падчас вайны ў Залатухах пражывалі тры сям’і Міхновічаў: двух родных братоў Аляксандра і Марка і іх дваюраднага брата Адама. Сям’я Аляксандра загінула поўнасцю і не пакінула нашчадкаў. Пра неверагоднае выратаванне чацвярых дзяцей Марка рэдакцыя расказвала на старонках газеты ў мінулым годзе (№ 45 ад 7 чэрвеня).

Сёння ж аповед у пераказе Генадзя Адамовіча пра трэцяга брата – Адама.

Адам Міхновіч.

Адам Міхновіч.

 

Ён нарадзіўся ў 1896 годзе ў Залатухах і быў адзіным хлопчыкам у сям’і. Пасля таго як дзве яго старэйшыя сястры выйшлі замуж і пакінулі бацькоўскі дом, ён яшчэ доўга, амаль да 35-гадовага ўзросту, заставаўся ў родным жытле.

У маі 1931 года Адам ажаніўся з Хеленай, сярэдняй дачкой Яна і Ізабелы Баркоўскіх з суседняй вёскі Баркаўшчына. Бог не даваў ім дзяцей, але яны ўсё роўна заставаліся разам – да страшнай сакавіцкай раніцы 1943-га, калі наканавана было разлучыцца назаўжды.

У той дзень фашысты сагналі жыхароў вёскі разам з дзецьмі ў пуню сям’і Казіміра Локціка, зачынілі і падпалілі. Жывымі з гэтага пекла вырваліся толькі чацвёра. Адзін з іх і быў Адам Міхновіч. Ён успамінаў, што, калі выскачыў з пуні, упаў у канаву, а зверху на яго звалілася частка плота, па якім затым карнікі бегалі туды-сюды як па мосціку, давячы на цела. Так ён праляжаў да іх ад’езду – з кулявым раненнем нагі і абпаленымі пальцамі.

А Хелена загінула. Для яе бацькоў гэта быў другі цяжкі ўдар за кароткі час. Перад гэтым пайшоў на фронт і знік без вестак іх адзіны сын Нікадзім.

Юсціна Друшч.

Юсціна Друшч.

Складана ўявіць, як Адам Сцяфанавіч перажываў бяду, як прымаў рашэнне, дзе далей жыць, каб фашысты не даведаліся пра непатрэбнага сведку. Вядома толькі, што, паправіўшыся, ён заняў маленькую хатку, якую раней выкарыстоўвалі для жылля падсобныя рабочыя. Яна стаяла крыху ўбаку і таму ўцалела. Так Адам стаў першым пасля карнай аперацыі жыхаром вёскі Залатухі.

Нягледзячы на тое, што з-за траўмы мужчыну было цяжка хадзіць (навакольныя жыхары часцей за ўсё бачылі яго на веласіпедзе ці на кані), ён пакрысе аднавіў гаспадарку, завёў пчол і вярнуўся да звычайнага жыцця. Усе, хто быў у Залатухах, узгадвалі пра яго як пра прыветлівага чалавека, які шчодра частаваў мёдам. Але не гэта была яго галоўная якасць. Сапраўды гуманны, годны захаплення ўчынак ён здзейсніў, калі пасля вайны даў прытулак у сваёй маленькай хатцы і выгадаваў да паўналецця двух сірот, унукаў сястры: дванаццацігадовую Лёлю і пятнаццацігадовага Рышарда Друшчоў. Падчас карнай аперацыі ў Залатухах яны былі ў школе ў Вярэньках і таму ўратаваліся. Пасля гібелі маці Юсціны і бабулі Эміліі яны да канца вайны жылі ў бабулінай сястры Марыі Казлоўскай у вёсцы Іржыкава. Магчыма, там бы і засталіся, але ў сям’і Марыі гадавалася сем сваіх дзяцей, і, каб не перанапружваць яе, Лёля і Рышард вярнуліся ў Залатухі, дзе іх і прыняў Адам Міхновіч.

Рышард Друшч.

Рышард Друшч.

Леакадзія Друшч.

Леакадзія Друшч.

Пазней яго падапечныя абзавяліся ўласнымі сем’ямі і пакінулі гасцінную хату, але пасяліліся недалёка і пастаянна наведвалі. У 1965 годзе Адам загінуў на пажары ва ўласнай хаце. Верагодна, гэта быў няшчасны выпадак.

Перад пахаваннем труна з часткова абгарэлым целам мужчыны стаяла ў доме Рышарда Друшча ў Будславе. На будслаўскіх могілках ён і быў пахаваны – побач са сваёй сястрой і жонкай. А Лёля і Рышард пражылі паўнавартасныя жыцці, выгадавалі дзяцей, і цяпер іх нашчадкі знаходзяцца ў Мінску, Ільі, Мядзелі і ЗША. Яны памятаюць пра подзвіг сваіх продкаў і даглядаюць іх магілы.

Ніна КРУКОВІЧ.
Фота прадаставіў Г. Адамовіч.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *