Коллектив санатория ”Боровое» принял участие в спартакиаде среди работников организаций Управления Делами Президента Республики Беларусь

photo_2026

Калектыў санаторыя “Баравое” паспяхова прыняў удзел у спартакіядзе сярод работнікаў арганізацый Кіраўніцтва справамі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь.

Як паведаміла спецыяліст па ідэалагічнай рабоце здраўніцы Алена Курныш, напрыканцы чэрвеня на два дні Бярэзінскі біясферны запаведнік стаў цэнтрам спорту, каманднага духу і сяброўства. Менавіта там адбылася ўжо сёмая па ліку спартакіяда. На гэта спартыўнае свята прыехалі зборныя каманды з усіх арганізацый Кіраўніцтва справамі Прэзідэнта, іх кіраўнікі, шматлікія балельшчыкі і госці.

Усе арганізацыі былі падзелены на восем каманд з улікам спецыфікі дзейнасці. Ад санаторыя “Баравое” ў зборную каманду галіны аховы здароўя “Белыя тыгры” ўвайшлі інжынеры Аляксандр Круглянін і Сяргей Верхаводка, а таксама рабочы Ігар Каралевіч. Яны паказалі сваю моц у міні-футболе, перацягванні каната і шматбор’і, дзе ў кожным з відаў у “Белых тыграў” было заваявана трэцяе месца. Агульнакамандны вынік – другая прыступка п’едэстала. Да таго ж кожны калектыў павінен быў прадаставіць каманду балельшчыкаў. Падтрымка калег супрацоўнікамі санаторыя ў выніку была прызнана лепшай з лепшых і адзначана спецыяльным прызам.

Алена Анатольеўна прыкмеціла, што, акрамя спаборніцтваў і музычнай праграмы, у цэнтры Домжарыц таксама разгарнулася выстава-кірмаш, на якой былі прадстаўлены ўнікальныя вырабы аб’яднання “Белмастацпромыслы”. Жадаючыя маглі паўдзельнічаць у майстар-класах.

Як падкрэсліў на цырымоніі адкрыцця спартакіяды Кіраўнік спраў Прэзідэнта Юрый Назараў, правядзенне спартакіяды ў Бярэзінскім біясферным запаведніку – гэта не толькі месца сустрэчы дзеля спартыўных спаборніцтваў, але і ўнікальная магчымасць пабываць у запаведніку, убачыць яго прыроднае багацце:

– Летась, калі запаведнік адзначаў свой 100-гадовы юбілей, тут, у Домжарыцах, пабываў Кіраўнік дзяржавы. Ён даў самую высокую ацэнку таму, як добраўпарадкавана гэта вёска, і падкрэсліў, што яна павінна стаць узорам для іншых малых населеных пунктаў па ўсёй рэспубліцы.

Наталля НАВІЦКАЯ.
Фота санаторыя “Баравое”.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *