В Докшицком районе прибавилось «тысячников»

Павіншаваць герояў дня прыехалі першы намеснік старшыні райвыканкама, начальнік упраўлення па сельскай гаспадарцы і харчаванні Наталія Вараб’ёва, старшыня райкама прафсаюза работнікаў АПК Васіль Васюковіч, першы сакратар раённай арганізацыі ГА “БРСМ” Вераніка Норавіч.
Да старшага камбайнера ААТ “Таргуны” Вячаслава Аніковіча, які даў старт тысячным намалотам у раёне, без прамаруджвання далучыліся яго калегі з гэтай жа гаспадаркі Юрый Малюжанец, Уладзімір Сайковіч, Сяргей Ралавец у тандэме з Аляксеем Мялешкам, а таксама моладзевы камбайнерскі экіпаж у складзе Аляксандра Труса і Вадзіма Скурата.
Такі ход падзей быў чаканым. Палеткі збожжавых, зернебабовых культур, азімага рапсу ў “Таргунах” бяскрайнія, работа арганізавана маштабна, ды і намалоты, самыя высокія ў раёне, спрыяюць такім вынікам: на раніцу 6 жніўня ўраджайнасць збожжавых і зернебабовых у сельгаспрадпрыемстве складала 34,4 цэнтнера з гектара, рапсу – 41 цэнтнер з гектара. Вось і напаўняюцца бункеры за лічаныя хвіліны каштоўным сыпучым грузам, і снуюць, як пчолы з меданосаў да вуллёў, аўтамабілі і трактары з палеткаў на зернесушыльны комплекс. Надвор’е трымаецца сухое – трэба рупіцца.
Выдатны маральны стымул для працаўнікоў палёў – цёплыя словы падзякі за напружаную працу, за адказнае стаўленне да прафесійных абавязкаў. Іх нямала прагучала падчас уручэння дыпломаў і грашовых прэмій – а гэта ўжо стымул матэрыяльны.
– Ураджай добры, таму і намалацілі па тысячы тон у ліку першых, – зазначае старшы камбайнер Юрый Малюжанец. – Стараемся працаваць з аптымальнымі тэмпамі, каб і не марудзіць, і не рабіць з-за залішняй хуткасці страт. Колас да коласа – глядзіш, і тона набіраецца. Ну і тэхніку належным чынам падрыхтавалі, умовы работы на ёй камфортныя, харчаваннем забяспечаны, спецадзеннем – усё адно да аднаго прыкладаецца.
– Мне падабаецца працаваць на зямлі, – гаворыць самы малады са старшых камбайнераў Аляксандр Трус, які ад старэйшых таварышаў не толькі не адстае, а яшчэ і фору можа даць. – Прыемна асэнсоўваць вынікі сваёй працы: колькі людзей будзе накормлена, колькі камбікармоў будзе для жывёлы. А мы ж яшчэ і многім работу даём: муку рабіць, хлеб пячы і гатаваць кандытарскія вырабы. Прыемна, што нас, камбайнераў, адзначаюць на перадапошнім – зерне ж яшчэ трэба дасушыць – этапе доўгага шляху ад зярняці да коласа.
Асноўныя сілы ў гаспадарцы кінуты на завяршэнне ўборкі рапсу, каб пасля “паднаціснуць” на збожжавыя, якіх засталося ўбіраць крыху больш за дзве траціны ад агульнай плошчы.
Алена НЕСЦЯРОНАК.
Фота аўтара.
