Семья, друзья, сама жизнь — это богатство, считает Александра Доронина из Докшиц
Прыгожы юбілей адзначыла ўчора былы галоўны аграном упраўлення па сельскай гаспадарцы і харчаванні райвыканкама Аляксандра Дароніна. Напярэдадні святочнай даты сустрэліся з Аляксандрай Мікалаеўнай ва ўтульнай кватэры на Школьнай, каб згадаць пражытае-перажытае і даведацца, на чым трымаюцца яе сённяшнія актыўнасць і пазітывізм.
– Я здагадваюся: гэта вас Леначка Гараніна, маці Тэрэза нашага ўпраўлення, на мяне наслала – вось усыплю ёй чарцей! – жартуе Аляксандра Мікалаеўна, аднак, па ўсім бачна, за жартамі хавае хваляванне. Але ўсяго некалькі хвілін на знаёмства – і размова наша пацякла бурлівым ручайком так, што незаўважна праляцела некалькі гадзін. Што заўсёды імпануе журналістам у людзях – іх эмацыянальнасць. Аляксандра Дароніна – вулкан эмоцый, і гэта не можа не выклікаць захаплення.
Дзяўчына-расіянка з Калужскай вобласці ў Беларусь патрапіла ў далёкім 1969 годзе пасля заканчэння Вялікалукскага сельскагаспадарчага інстытута, дзе атрымала спецыяльнасць вучонага агранома. Накіравалі ў Віцебск. Там, распавядае, гэтак прыязна сустрэлі, што яна згадзілася ехаць працаваць у любую кропку вобласці. Так і апынулася ў Докшыцах.
Забягаючы наперад, скажу, што, прадучы нітку ўспамінаў, Аляксандра Мікалаеўна ўвесь час “саскоквала” на іншых людзей, з якімі ёй даводзілася жыць, працаваць, мець стасункі, сябраваць, і нават тых, з кім лёс зводзіў толькі аднойчы. Фенаменальная памяць: усіх (а гэта нават не дзясяткі – сотні чалавек) называе па імені і імені па бацьку, згадвае гады іх дзейнасці, пасады, нават нумары машын і тэлефонаў. Яшчэ адзін момант: пра ўсіх, каго назвала, гаварыла з павагай, цеплынёй, захапленнем, любоўю.
– Усталявалася на кватэры ў адной харошай бабулі, – успамінае свой пачатак беларускага жыцця суразмоўца. – Выдатна ладзілі, толькі я не ўсё разумела з гаворкі маёй гаспадыні. Пытаюся, дзе можна развесіць памытую бялізну – справа была зімой. Бабуля мне кажа: “Ідзі на вуліцу, па драбіне лезь на гару – там ёсць вяроўкі”. Перапытваць сорамна. Выйшла, стаю з тазікам бялізны, думаю: а што такое драбіна і дзе тая гара з вяроўкамі, на якую мне трэба лезці? (смяецца) Цяпер-то ўсё разумею, а вось на гаворку беларускую так і не перайшла…
Кватаравала юная Саша ў бабулі нядоўга – у тым жа 1969-ым выйшла замуж. Яе дарагі Валодзя, Уладзімір Яўгенавіч Шымановіч, аказаўся хлопцам рашучым, з катэгорыі “раз, раз – і ў дамкі!”. “Так прыгожа мяне абходжваў, столькі кветак перанасіў, мусіць, цэлы вагон – не ўстаяла” , – усміхаецца шчасліва. Так і ідуць яны рука аб руку ўжо 57 гадоў: працавалі разам ва ўпраўленні (Уладзімір Яўгенавіч – інжынерам па ахове працы), вырасцілі сына і дачушку, якімі ганарацца і якія для іх надзейная апора, цешацца ўнукамі. Чаму розныя прозвішчы, спытаеце? Аляксандра дала абяцанне свайму тату-франтавіку, што і пасля замужжа застанецца Даронінай. А трымаць абяцанні яна лічыць справай гонару.
Пра работу Аляксандра Мікалаеўна гаворыць з не менш яркім агеньчыкам у вачах. Зазначае, што ў час яе прыходу на пасаду ў раёне было 27 калгасаў і саўгасаў, – гэта ж, каб саставіць дакладную зводку, колькі званкоў неабходна было зрабіць! На кантролі галоўнага агранома ўпраўлення былі і севазварот, і завоз і размеркаванне па гаспадарках элітнага насення, і падкормка, і праполка культур, і іх апрабацыя, і захаванасць сартоў, і давядзенне насення да пасяўной кандыцыі – працягваць можна яшчэ доўга. Са слязамі на вачах успамінае суразмоўца, якую радасць і замілаванне выклікалі ў яе дагледжаныя, ураджайныя палеткі са збожжавымі, асабліва з пшаніцай. “Гэта ж сапраўднае золата!” – усклікае. Або квітнеючы лён – у Аляксандры Мікалаеўны якраз такога ж колеру вочы.
– Дваццаць два гады ўжо не працую, а са многімі калегамі сувязь падтрымліваю, сябрую, бо яны – частка майго жыцця, людзі, якіх глыбока паважаю і люблю, – зазначае, і блакіт яе вачэй зноў затуманьваецца слязой. – Многіх ужо няма на гэтым свеце. Стараюся колькі разоў на год наведаць іх магілы – гэта я пра кіраўнікоў гаспадарак Фёдара Іванавіча Маскалёнка, Уладзіміра Іванавіча Абіралу, Івана Ільіча Старчака, Уладзіміра Мяфодзьевіча Новікава і іншых. З задавальненнем падтрымліваю зносіны з Вальдэмарам Антонавічам Падлешчуком, самыя цёплыя словы магу сказаць у адрас сваіх першых начальнікаў Вадзіма Андрэевіча Сідаровіча, Івана Станіслававіча Гатоўскага, ад якіх многаму навучылася. Цудоўныя намеснікі па раслінаводстве былі ў розныя часы – Аляксандр Васільевіч Марэйка, Алег Анатольевіч Кавалёнак, Уладзімір Мікалаевіч Аліноўскі, Уладзімір Уладзіміравіч Петрушэнка…
Няма магчымасці назваць у гэтым артыкуле ўсіх, каго Аляксандра Мікалаеўна ўзгадала ў размове, а аб праўдзівасці таго, што чалавек яна кантактны і мае шмат сяброў, гаварылі бясконцыя тэлефонныя званкі падчас нашай размовы.
Якая яна яшчэ, наша юбілярка? Прыгожая. Абаяльная. Ганарыцца тым, што мае сілы гаварыць праўду ў вочы і выслухоўваць яе ў свой адрас без крыўдаў, з удзячнасцю. Радуецца, што да гэтай пары чытае без акуляраў. Актыўны інтэрнэтны карыстальнік. Аматар падарожжаў. Жывыя зносіны з людзьмі лічыць абавязковымі і прысвячае ім першую палову кожнага дня. Любіць жыццё. Прызнаецца, што шчаслівая – і ў працы, і ў сям’і, і ў соцыуме. Чаго ж можна пажадаць ёй у дзень народзінаў? Толькі здароўя.
Алена НЕСЦЯРОНАК.
Фота аўтара.


