Сустрэча з пісьменнікам Фёдарам Палачаніным, прымеркаваная да яго 75-годдзя, адбылася ў Докшыцкай раённай бібліятэцы
На небасхіле Беларусі ззяе зорка земляка. Пад такой назвай 27 жніўня ў чытальнай зале цэнтральнай раённай бібліятэкі адбылася сустрэча з пісьменнікам Фёдарам Палачаніным, прымеркаваная да яго 75-годдзя.
“Педагог. Артыст. Пісьменнік” – такую назву будзе мець чарговая кніга нашага таленавітага земляка, якая ўжо падрыхтавана да друку. Яна аўтабіяграфічная, і ўсе, хто цікавіцца творчасцю Фёдара Антонавіча, змогуць падрабязна даведацца пра яго жыццёвы і творчы шлях. Думаецца, назва кнігі сімвалічная, бо педагогіка, тэатральнае мастацтва і пісьменніцтва – гэта тыя тры кіты, на якіх сфарміравалася асоба юбіляра, тры асноўныя напрамкі яго плённай дзейнасці. Пра гэта шмат гаварылася падчас сустрэчы, якая прайшла цёпла і ўзнёсла, без залішняга пафасу. У аснове мерапрыемства – успаміны, пажаданні для віноўніка ўрачыстасці ад прыхільнікаў яго творчасці і шчырая размова з Фёдарам Палачанінам як чалавекам у першую чаргу.
Цікава было даведацца пра тое, як фарміраваліся светапогляд і літаратурны густ хлопчыка з вёскі Чаркасы, чый талент разгледзелі яшчэ настаўнікі ўсіх трох школ, у якіх яму давялося вучыцца. Годным з’яўляецца яго працоўны шлях у сістэме адукацыі – ад настаўніка пачатковай школы да намесніка начальніка аддзела адукацыі райвыканкама. А яшчэ жыццё Фёдара Антонавіча – яркі прыклад таго, што ніколі не позна пачаць займацца той справай, да якой ляжыць душа. Больш за тое: кожнай справе – свой час. Першая кніга пісьменніка “Расплата за нелюбоў” выйшла ў 1998 годзе, калі аўтар знаходзіўся ўжо ў дастаткова сталым узросце. Ва ўзросце, калі прыходзіць мудрасць: асэнсаванне і пераасэнсаванне многіх рэчаў, разуменне сапраўдных каштоўнасцей, бачанне сэнсу існавання ў гэтым свеце. Якой бы ні была тэматыка шматлікіх твораў майстра слова, чырвонай ніткай ва ўсіх праходзіць жаданне аўтара напоўніць душы чытачоў святлом дабрыні і міласэрнасці, любові да Бога і людзей, засцерагчы ад учынкаў, за якія будзе сорамна, ад маральнай разбэшчанасці і духоўнай пустаты. Тэмы гэтыя вечныя і заўжды злабадзённыя, таму і творы Фёдара Антонавіча не могуць не закранаць струны, як падаецца, самых чэрствых душаў.
Яго літаратурная дзейнасць адзначана шэрагам высокіх узнагарод: літаратурная прэмія імя У. Караткевіча за кнігу “Голас сумлення”, званне лаўрэата рэспубліканскага конкурсу “Лепшы твор 2009 года” ў галіне публіцыстыкі за кнігу “Докшыцкі край”, Рэспубліканская літаратурная прэмія “Залаты Купідон” за кнігу “Зраненае сэрца”, за яе ж і “Дарогу ў неба” – прэмія Федэрацыі прафсаюзаў Беларусі, за “Шлях да Бога” – Літаратурная прэмія імя П. Броўкі… І гэта, вобразна кажучы, толькі вяршыня айсберга. Зусім нядаўняя адзнака таленту Фёдара Антонавіча – перамога ў міжнародным конкурсе, які праводзіла Гільдыя расійскіх пісьменнікаў пры падтрымцы Саюза пісьменнікаў Беларусі, членам якога з’яўляецца і наш знакаміты зямляк. Да ўсяго многія яго працы маюць сцэнічнае ўвасабленне, што Фёдара Антонавіча асабліва радуе як артыста Докшыцкага народнага тэатра, якому ён прысвяціў два дзесяцігоддзі свайго жыцця.
Чым яшчэ была адметная сустрэча? Выдатнай фотапрэзентацыяй, выставай кніг юбіляра (а іх больш за два дзясяткі!), музычнымі віншаваннямі ад салістаў эстраднай студыі “Калейдаскоп” Вятланы Гарбачовай, Канстанціна Насенніка, Надзеі Чучман, вершаванымі – ад паэтак Марыі Януш і Марыі Ючкавіч, яркімі жнівеньскімі букетамі, якія ўручылі Фёдару Антонавічу дырэктар ЦБС Алеся Хаванская і прыхільнікі яго творчасці, пажаданнямі далейшага творчага плёну. Галоўнае ж – атмасферай дабрыні і духоўнай еднасці.
P.S. Пакуль матэрыял рыхтаваўся ў нумар, па электроннай пошце прыйшло яшчэ адно віншаванне юбіляру – ад Марыі Ючкавіч з Сітцаў.
Паважаны Фёдар Антонавіч,
з днём нараджэння!
Жадаю Вам шчасця, здароўя, натхнення,
Божае ласкі і благаслаўлення!
Зачараваны малою радзімаю,
Вы апелі Докшыцкі край,
Быццам песню стварылі дзіўную
І сказалі: “Не забывай
Прыгажосці родных прастораў
І загінулых – не забывай.
Страціць сына – нязбытнае гора.
Мацярам шчыра паспачувай”.
На пачатку настаўніцкай працы
Мне было з каго прыклад браць,
Як і Вы, працаваць, старацца,
Роднай мове дзяцей навучаць.
Усё ў парадку ў Вас: сшыткі і планы,
Прыгажэйшы з усіх кабінет…
Толькі лёсам наканавана
З малой школы Вам выйсці у свет,
Драматургам стаць знакамітым
І духоўным настаўнікам стаць.
Веры моцнай Вам свет адкрыты.
Трэба вучням нашым чытаць
Вашы кнігі аб праваслаўі,
Каб па Божых законах жыць,
Прылучыцца да веры сапраўднай,
Каб дабром у жыцці даражыць.
Бо дабро пераможа заўсёды:
Праўда Божая ззяе ў вяках.
Вы адолелі ўсе перашкоды.
Слаўны ён, Ваш жыццёвы шлях.
Дык падымем за Вас дружна тост:
За Ваш плённы, прыгожы узрост!
Алена НЕСЦЯРОНАК.
Фота аўтара.

