В Докшицах городские дворы меняют свой облик
На бягучы рамонт дваровых тэрыторый шматкватэрных дамоў у райцэнтры сёлета выдаткавана 144 тысячы рублёў, паведамілі ў вытворча-тэхнічным аддзеле РУП ЖКГ “Докшыцы-камунальнік”. Гэтыя сродкі былі накіраваны на чатыры асноўныя аб’екты.
Так, на мінулым тыдні работнікі ДРБУ-180 ужо завяршылі ўкладку асфальтавага пакрыцця каля дамоў №№ 4, 6 і 8 на вуліцы Ленінскай і дома № 4 на вуліцы Кастрычніцкай у Докшыцах.
Папярэдне работы пачыналіся з устаноўкі бардзюрнага каменю і зняцця старога грунту. Дарэчы, на Кастрычніцкай да абнаўлення падышлі комплексна: там паклалі зручную пешаходную дарожку з пліткі, забетанавалі ля выхадаў з пад’ездаў прыступкі. Пазней побач з імі зманціруюць надзейныя парэнчы. Далей у двары трохпавярховіка плануецца ўстанавіць лаўкі і пясочніцу.
Як паведаміла начальнік вытворча-тэхнічнага аддзела камунгаса Святлана Леснічэнка, грашовыя сродкі былі зрасходаваны не ў поўным аб’ёме, таму іх у бліжэйшы час асвояць яшчэ на адным аб’екце – каля дамоў №№ 7 і 9 на вуліцы Усходняй. Там заасфальтуюць заезды ў двары, а таксама абуладкуюць аўтамабільную стаянку.
Таццяна ПАДБЯРЭЗКАЯ.
Фота аўтара.

