Цудадзейныя абразы Найсвяцейшай Панны Марыі сустрэлі ў касцёле св. Тройцы ў Докшыцах
У мінулую суботу, 19 верасня, каталіцкія вернікі мелі вялікі гонар прымаць у докшыцкай парафіі Найсвяцейшай Тройцы перэгрынацыю спісаў цудадзейных абразоў Найсвяцейшай Панны Марыі, якія вандруюць па розных кутках Беларусі.
Духоўным кіраўніком перэгрынацыі з’яўляецца ксёндз Станіслаў Станеўскі. Ад імя мясцовай супольнасці братоў капуцынаў і ўсіх парафіян спісы святынь з вялікай пашанай сустрэў брат Аляксандр Астраушка.
Падчас святой Імшы ксёндз Станіслаў Станеўскі прыгадаў гісторыю стварэння апостальства, якое нарадзілася ў 2021 годзе на фоне пандэміі каранавірусу і пажару ў Будслаўскай святыні. Тады былі створаны копіі васьмі цудадзейных абразоў Беларусі. За гэтыя пяць гадоў яны правандравалі больш за тры тысячы кіламетраў. Наша парафія – 128-я па ліку, куды наведалася Найсвяцейшая Панна Марыя.
Для тых, хто не мог асабіста прысутнічаць у храме, але жадаў далучыцца да гэтай значнай падзеі, вялася прамая трансляцыя на на YouTube-канале “Голас душы”. Дзякуючы гэтаму малітоўная сувязь аб’яднала не толькі докшыцкіх вернікаў, а і тых, хто знаходзіўся па-за межамі парафіі, дазваляючы кожнаму стаць удзельнікам святой Імшы ў рэжыме рэальнага часу.
У Докшыцах абразы будуць знаходзіцца амаль два тыдні. Таму варта распланаваць свой час, каб сустрэць тую, якая нясе Хрыста ў нашы сем’і. Урачыстае завяршэнне перэгрынацыі абразоў адбудзецца 2 кастрычніка ў 15 гадзін. Яе правядзе ініцыятар пілігрымкі ксёндз-прэлат пробашч парафіі святых Сымона і Алены Уладзіслаў Завальнюк, які ўзначаліць акт прысвячэння нашай парафіі Найсвяцейшай Панне Марыі.
Памаліцца перад цудадзейнымі абразамі можна перад святой Імшой: у панядзелак – з 7.00 да 7.30, з аўторка па пятніцу – з 7.00 да 7.30 і з 17.00 да 18.00, у суботу – з 7.30 да 8.00 і з 17.00 да 18.00, у нядзелю – з 8.00 да 9.00, з 10.00 да 11.00 і з 12.00 да 13.00.
Таццяна ПАДБЯРЭЗКАЯ.
Фота прадастаўлена касцёлам.


