Подвиг приемной мамы. Помощь другим у Елены Игонькиной из агрогородка Барсуки в крови, как и у ее близких родственников
Алена Ігонькіна з аграгарадка Барсукі лічыць, што стала прыёмнай мамай, хутчэй за ўсё, ад самотнасці, калі пакінулі бацькоўскае жытло абедзве родныя дачушкі. Аднак кожны, хто добра ведае Алену, скажа, што гэта не зусім так. Дапамога іншым у жанчыны ў крыві, як і ў яе блізкіх сваякоў.
Высакародная спадчына
Жыве Алена Анатольеўна ў двухпавярховым доме на дзве сям’і. У пакоях зроблены сучасны рамонт, на двары абуладкавана ўтульная зона для адпачынку, у цёплы час года сядзіба патанае ў кветках. Гаспадыня любіць акружаць сябе прыгажосцю і… чулымі людзьмі. З вострым пачуццём гумару і прыемным голасам, часта выступала на мясцовай сцэне з гумарэскамі і песнямі.
У Барсукі прыехала ў 1992 годзе з Латвіі. Мама Ала Альбертаўна пражывае тут жа ў асобным доме. Менавіта яна стала прыкладам міласэрнасці для сваіх дзяцей.
– Проста дзіва, якое вялікае сэрца ў маёй маці, – кажа Алена і ўспамінае: – У свой час яна дала прытулак ці не паўтара дзясятку юнакоў і дзяўчат, у асноўным выпускнікам дамоў-інтэрнатаў, якія не маглі сацыялізавацца ў грамадстве. Пра яе велікадушнасць маладыя людзі ў выпадку складаных сітуацый перадавалі адзін аднаму: “Ідзіце да цёткі Алы. Яна нікога не прагоніць”. Разам з тым мама была даволі строгая са сваімі падапечнымі, рашуча асуджала ўсялякія памкненні парушыць закон. І як жа было ўсім радасна, калі пастаяльцы станавіліся на праўдзівы шлях і потым разам са сваімі сем’ямі прыязджалі ў госці!
Слухаючы Алену Анатольеўну, міжволі праводзіш паралель з яе ўласнай “прыёмнай” гісторыяй. Прыкладна такая ж колькасць выхаванцаў прайшла праз яе гасцінны дом, і гэтак жа апантана жанчына змагалася за іх душэўны дабарабыт, аддавала ўсю сваю бязмежную любоў і ў той жа час заставалася патрабавальнай, выхоўвала ў дзяцей валявыя якасці, якія ўласцівы ёй самой.
А першым стварыў прыёмную сям’ю брат Анатолій, у якога на той момант падрастаў кроўны сын. Сумесна з жонкай яны прынялі цвёрдае рашэнне падзяліцца цеплынёй яшчэ з двума хлопчыкамі, пакрыўджанымі лёсам. А пазней Анатолій пераканаў і Алену ў высакароднасці ўчынка.
Знайшла ключыкі
У 2013 годзе новаспечаная прыёмная мама прывезла да сябе дзевяцігадовага Андрэйку. У галаве раіліся хвалюючыя думкі: які гэта чалавечак? Ці знайду ключык да яго сэрцайка? Ці спраўлюся? Тыя самыя перажыванні адольвалі перад прыездам на выхаванне і наступных дзяцей: Дзіяны, Ягора, Косці, Алёны, Пашы, Каці, Дзімы, Колі, Сярожы, Насці, трох Ангелін, двух Сашаў. Яны былі рознымі па характары, але мелі аднолькавую патрэбу ў ціхай сямейнай гавані. Алена Анатольеўна змагла стаць для іх другой мамай. Адны знахо-
дзіліся пад яе апекай працяглы час, іншыя – усяго некалькі тыдняў, але ласку, пяшчоту гэтай жанчыны дзеці запомняць, бадай, на ўсё жыццё. Алена і цяпер падтрымлівае сувязь з усыноўленымі падапечнымі, яны прыязджаюць адведаць яе разам з новымі сем’ямі.
А пры ёй цяпер двое непаўналетніх – чатырнаццацігадовая Насця і дзевяцігадовы Саша – і двое паўналетніх, якія маглі б даўно адправіцца ў самастойны палёт, але не рушылі, бо прыкіпелі сэрцам да сваёй дарагой, самай лепшай на свеце матулі. Сярод апошніх – першынец Андрэй, які атрымаў кватэру ў Докшыцах і ўжо працуе. Кожныя выхадныя хлопец едзе ў Барсукі, на сваю другую маленькую радзіму, куды калісьці яго прывезла і акружыла нястомным клопатам мама Алена. Ён заўжды быў і застаецца яе першым памочнікам.
Змаганне за Дзіяну
А вось пра 24-гадовую Дзіяну асобны аповед. У адносінах да яе Алена насамрэч здзейсніла мацярынскі подзвіг, паставіўшы дзяўчыну на ногі ў прамым і пераносным сэнсе.
Дзіяна нарадзілася з дзіцячым цэрэбральным паралічам і ў дзесяцігадовым узросце засталася поўнай сіратой. Бабуля з дзядулем адразу забралі ўнучку да сябе і стараліся кампенсаваць страту бацькоў гіперапекай. Апраналі-распраналі, закармлівалі каларыйнымі прысмакамі, што ў выніку прывяло да пэўных наступстваў. У свае пятнаццаць гадоў Дзіяна важыла больш за сто кілаграмаў і не магла хадзіць, толькі поўзала. Не магла наведваць школу – у яе было надомнае навучанне. Праз пяць гадоў пастарэлыя дзед з бабуляй ужо не маглі забяспечыць Дзіяне неабходны догляд – напрыклад, вывесці яе на вуліцу. З ваколіцамі ўнучка была знаёма толькі праз аконную шыбіну. Узніклыя праблемы сталі падставай для перадачы дзяўчынкі ў замяшчальную сям’ю.
– І вось перада мною мая будучая выхаванка, – узгадвае першую сустрэчу Алена Анатольеўна. – У хустцы, вялікім балахоне. Гучна і ўпэўнена размаўляе са спецыялістамі, жартуе. Калі мы засталіся ўдваіх, усталявалася цішыня. Па праўдзе кажучы, я разгубілася – ніякага вопыту зносін з людзьмі з абмежаванымі магчымасцямі ў мяне не было. Ліхаманкава думала: з чаго пачаць?.. А Дзіяна падняла галаву і сказала: “Будзеш крыўдзіць – раскажу”. Пакуль я, сумеўшыся, падбірала патрэбныя словы, дзяўчынка раптам моцна заплакала. Здавалася, гэты адчайны плач разрэзаў маё сэрца напалову. У тую ж хвіліну няўпэўненасць змянілася на непахіснасць: гэта ж дзіця, і яму патрэбна тэрміновая дапамога!
І Алена ўжо ведала, з чаго пачаць. Наперадзе іх чакала цяжкая штодзённая праца з мэтай навучыцца хадзіць. Яе дасягнулі праз паўтара года. Аднак праз што яны абедзве прайшлі!
Па ўсім доме Алена абуладкавала поручні, каб дзяўчынка магла трымацца за іх, замест ванны ўстанавілі душ. Дзіяну прывучалі да збалансаванага харчавання, фарміравалі самыя простыя навыкі самаабслугоўвання, спецыялісты развівалі ёй маторыку рук. Паступова вага зніжалася. З цягам часу дзяўчынка навучылася стаяць. Затым ездзіць на інваліднай калясцы. І ўрэшце хадзіць з палачкай.
Колькі розных дзейсных прыёмаў прымяняла прыёмная мама! І сама садзілася ў каляску, каб Дзіяна яе “везла”, умацоўваючы ногі, і перасяляла яе на другі паверх, каб стымуляваць хадзьбу ўніз па лесвіцы, і вадзілі яе з Андрэем пад рукі на прагулкі.
Тым часам дзяўчына прызвычаілася да прыгожай адзежы, якую раней не магла насіць. А матуля яшчэ тая “хітруля”! Наўмысна выверне сукенку ці кофтачку на адваротны бок і дае модніцы – маўляў, хочаш апрануць – выварочвай, развівай ручкі. І напачатку той прыходзілася прыкладаць шмат намаганняў, каб прымераць абноўку. З часам прынаравілася, авалодала многімі бытавымі навыкамі. Зараз Дзіяна і абед згатуе, і ў пакоях прыбярэ. Нават не верыцца, што ў падлеткавым узросце гэтая прыгожая, вясёлая, танклявая дзяўчына ледзь рухалася.
Алена не толькі адкрыла новы свет для сваёй Дзіяны, але і дапамагла ўвасобіць яшчэ адну запаветную мару: вывела яе на сцэну! Спачатку вучыла спяваць дома, потым вазіла на заняткі ў раённы Цэнтр дзяцей і моладзі. У выніку юная спявачка прыняла ўдзел у розных творчых конкурсах і заваявала не адну ўзнагароду.
– Дзіяна – светлая натура, з вялікай сілай духу, як і многія людзі з абмежаванымі магчымасцямі, – характарызуе дзяўчыну прыёмная мама. – У яе можна павучыцца, як пераадольваць цяжкасці і пры гэтым заставацца аптымістам. Мы сталі з ёю сяброўкамі, аднадумцамі, дзелімся сакрэтамі, давяраем адна адной. Па маральных перакананнях я ніяк не магла аддаць яе пасля паўналецця ў дом-інтэрнат для інвалідаў, таму і пакінула ў сябе. Яна б там згасла. Чалавеку патрэбна сям’я.
Самая шчаслівая
Алену Анатольеўну падтрымліваюць родныя дочкі, адна з іх жыве ў Порплішчы, другая – у Барсуках. У доме часта бываюць унукі. Прыёмныя дзеці, чуючы іх, называюць Алену то мамай, то бабуляй. Ёй усё роўна як, галоўнае, яна адчувае іх прыхільнасць. Сямейную згуртаванасць успрымае як падарунак Божы.
Маці ўдзяляе шмат увагі здароўю дзяцей, загартоўцы. Прывучае да працы, прывівае беражлівыя адносіны да сямейных каштоўнасцей. З творчым падыходам арганізоўвае для дзяцей святы з рознай нагоды. Яна самая шчаслівая, калі ў доме гучыць залівісты дзіцячы смех.
Ніна КРУКОВІЧ.
Фота Наталлі ВАСЬКО і з сямейнага архіва А. Ігонькінай.




