В санатории «Боровое» гостей знакомят с бегомльским краем
Як арганізаваць гасцям цікавы адпачынак і ўласнымі сіламі папулярызаваць бягомльскі край? – гэта пытанне паўстала перад кіраўніцтвам санаторыя “Баравое”, дзе на заўсёднай павестцы дня стаіць тэма стварэння камфорту для гасцей.
Было прынята рашэнне да спектра іншых паслуг дадаць цікавы экскурсійны маршрут у лайт-рэжыме: без доўгіх пераездаў і вяртанняў. Алена Курныш, спецыяліст па ідэалагічнай рабоце здраўніцы, а па сумяшчальніцтве гісторык па адукацыі і поклічы душы, распрацавала цікавы маршрут па Бягомлі і ваколіцах і сама ж стала гідам.
– Экскурсію арганізоўваем кожны аўторак ужо з мая, – распавяла Алена Анатольеўна. – У саставе групы звычайна 10-12 чалавек: як беларусы, так і расіяне. Для нашых гасцей гэта цалкам бясплатна. Трансфер і ўваходныя білеты аплачвае санаторый. Ужо на выездзе са здраўніцы пачынаю распавядаць пра гісторыю ўтварэння Бягомля і паказваю знакавыя аб’екты. Затым – духоўны блок. Мы прыязджаем да гістарычнай каштоўнасці – былога Храма Усіх Святых, там, акрамя аповеду пра яго, дэманструем фотаздымкі практычна ідэнтычнай царквы ў вёсцы Турэц, расказваю і пра добрую справу – пачатак аднаўлення святыні. Таксама цікавыя прыпынкі ў Маргавіцы, на радзіме Юрася Свіркі і Алеся Ставера. Ну і дзе месца, дзе быў дом Пімена Панчанкі на вуліцы Ленінскай, мала хто ведае нават з месцічаў. Затым блок па гістарычнай памяці, а значыць, групу перадаю ў рукі экскурсаводаў Бягомльскага музея народнай славы.
За некалькі месяцаў такой дзейнасці ў санаторыі пачулі пра яе шмат выдатных водгукаў, многія адпачывальнікі потым яшчэ наведваюць Бягомль самастойна.
Наталля СТАШЭВІЧ.
Фота з архіва санаторыя “Баравое”.

