Задача государственного значения. Вопросы благоустройства обсудили на сессии Докшицкого районного Совета депутатов
Пытанні добраўпарадкавання абмеркавалі на дваццаць сёмай сесіі раённага Савета дэпутатаў, якая прайшла з удзелам старшыні райвыканкама Сяргея Абіралы пад кіраўніцтвам старшыні раённага Савета дэпутатаў Валянціны Рандарэвіч.
З асноўным дакладам па тэме выступіў намеснік старшыні райвыканкама Сяргей Карчэўскі (на здымку), які адразу акрэсліў, што навядзенне парадку на зямлі – гэта не разавая сезонная кампанія, а задача дзяржаўнага значэння, якая патрабуе пастаяннай увагі. Сумленны і кампетэнтны падыход да яе вызначае якасць жыцця насельніцтва, забяспечвае экалагічны складальнік і фарміруе эканамічны патэнцыял рэгіёна.
У нашым раёне распрацаваны план па навядзенні парадку і дзейнічае штаб, які курыруе пытанні добраўпарадкавання.
Нельга разглядаць гэта пытанне без укладання сродкаў у камфортны і бяспечны рух. Так, з пачатку года адрамантавана 42,9 км дарог рэспубліканскага і мясцовага значэння, на гэта накіравалі 10,8 тыс. рублёў. Ільвіная доля рамонтных работ – 30,2 км – на рахунку калектыву ДРБУ-180. На 6,6 км рупіліся работнікі ДЭУ № 35, на 6,1 км – ДЭУ № 37.
Работы па рэканструкцыі аўтамабільнай дарогі М-3 Мінск – Віцебск выконвае РУП “Віцебскаўтадар”. Праводзіцца пашырэнне праезнай часткі да чатырох палос, якія будуць пакрыты цэментабетонам. На асобных участках ідзе падрыхтоўка тэрыторыі пад новае земляное палатно. Дарожнікі расчышчаюць паласу адводу, выкарчоўваюць пні, адсыпаюць пясок і выраўноўваюць паверхню. Абнаўленне дарожнай інфраструктуры закране г.п. Бягомль: па абодва бакі дарожнага палатна з’явяцца пешаходныя дарожкі і сучаснае асвятленне, усталююць лічбавае пано. Пункты прыпынку адлучаць ад праезнай часткі астраўкамі бяспекі, а для грамадскага транспарту зробяць спецыяльныя заязныя кішэні.
Таксама адрамантавана 5,5 тыс. кв. м вулічна-дарожнай сеткі ў Докшыцах і Бягомлі. У рамках Рэгіянальнай праграмы па рамонце вуліц перспектыўных населеных пунктаў (аграгарадкоў) Віцебскай вобласці ў 2026 годзе адрамантавана 29,7 тыс. кв. м пакрыцця вулічна-дарожнай сеткі ў Крулеўшчыне і Барсуках. За кошт сродкаў субвенцый, якія перадаюцца з рэспубліканскага бюджэту ў кансалідаваны бюджэт Віцебскай вобласці, выкананы работы па бягучым рамонце вул. Піянерскай у Докшыцах.
За кошт сродкаў рэспубліканскага дарожнага фонду зроблены бягучы рамонт 542,3 кв. м вулічна-дарожнай сеткі вуліцы М. Горкага ў райцэнтры. Таксама адрамантавана 282 кв. м тратуараў.
Акрамя гэтага, пастаянна вядуцца ямкавы рамонт асфальтабетону, падсыпка і рамонтнае прафіляванне праезнай часткі вуліц са жвіровым пакрыццём, нанясенне дарожнай разметкі, уладкаванне штучных няроўнасцей і ўстаноўка дарожных знакаў, абкошванне тэрыторыі ў межах паласы адводу і інш.
Разам з тым існуюць месцы адпачынку ўздоўж дарог, якія яшчэ патрабуюць догляду.
На асаблівым рахунку і належны стан тэрыторый вакол чыгуначных шляхоў, якія праходзяць праз раён.
На Докшыччыне па стане на 1 студзеня бягучага года налічвалася 47 домаўладанняў, якія маюць прыкметы пустых, у верасні іх стала ўжо 33.
У рамках рэалізацыі Указа Прэзідэнта № 116 зносам такіх аб’ектаў займаліся Докшыцкі, Бярозкаўскі, Валкалацкі, Крыпульскі, Параф’янаўскі, Тумілавіцкі, Крулеўшчынскі, Парплішчанскі і Сітцаўскі сельсаветы.
На тэрыторыі раёна на пачатак верасня мелася 197 незаселеных арэндных жылых памяшканняў, з іх пустуюць больш за 6 месяцаў 188.
Падлягаюць зносу 69 жылых памяшканняў, рамонту – 85, плануецца засяліць 35, прадаць – 8 памяшканняў.
У 2026 годзе раёну даведзена заданне па зносе 19 арэндных дамоў.
“Докшыцы-камунальнік” выкананаў работы па зносе дзесяці, “АграСітцы” – чатырох. Разам з тым гэта работа не вядзецца “Докшыцкім райаграсэрвісам”, які згодна з планам павінен знесці 3 жылыя памяшканні. Не арганізавана яна і ў ААТ “Барсучанка” (2 арэндныя жылыя памяшканні).
Увогуле на тэрыторыі раёна размешчана 145 пустуючых (незаселеных) аб’ектаў жыллёвага фонду сельскагаспадарчых арганізацый, у тым ліку 13 пабудаваны з дзяржпадтрымкай.
Райвыканкамам распрацаваны план-графік далейшага выкарыстання пустых аб’ектаў жыллёвага фонду. Не прыступілі да выканання работ ААТ “Таргуны”, ААТ “Докшыцкі райаграсэрвіс”, ААТ “Барсучанка”. Прадпрыемствы да таго ж не абмежавалі доступ да будынкаў.
У 2026 годзе камунгасам адрамантаваны тры жылыя памяшканні, праведзена замена двух катлоў, якія прыйшлі ў непрыдатнасць у працэсе працяглай эксплуатацыі.
Работа па зносе аварыйнага і невыкарыстоўваемага арэнднага жылля з’яўляецца толькі адным з элементаў комплекснага добраўпарадкавання сельскіх населеных пунктаў. Не менш значным напрамкам, які непасрэдна ўплывае на якасць жыцця насельніцтва і экалагічную бяспеку тэрыторый, застаецца арганізацыя сістэмы абыходжання з цвёрдымі камунальнымі адходамі. Ад таго, наколькі поўна населеныя пункты ахоплены цэнтралізаваным зборам ТКА, напрамую залежыць санітарны стан тэрыторый, а таксама эфектыўнасць мер, што рэалізуюцца па навядзенні парадку на зямлі.
Зборам ТКА ахоплена 268 населеных пунктаў раёна, або 100 %, з іх кантэйнерным зборам ТКА – 79 % насельніцтва. Для населеных пунктаў без кантэйнернага збору ТКА распрацаваны графік руху смеццявозаў.
Усяго абсталявана 545 пляцовак для збору ТКА, на якіх устаноўлена 1015 кантэйнераў для змешанага збору. У наяўнасці 278 спецыялізаваных кантэйнераў для раздзельнага збору ТКА.
З пачатку года “Докшыцы-камунальнік” набыў 161 кантэйнер для змешанага збору ТКА і кантэйнерны смеццявоз МАЗ.
Адрамантаваны 28 кантэйнерных пляцовак пры заданні 10.
Абуладкавана кантэйнерная пляцоўка для збору камунальных адходаў з месцамі для збору буйнагабарытных адходаў па адрасе: г. Докшыцы, вул. Чарняхоўскага, 1.
Вядуцца работы па абсталяванні дзвюх кантэйнерных пляцовак.
Філіялам “Докшыцыводаканал” за кошт уласных сродкаў пракладзена 27 км зношаных водаправодна-каналізацыйных сетак. Дэмантавана 28 незапатрабаваных водаразборных калонак і зроблены тампанаж 18 артэзіянскіх свідравін. За 8 месяцаў года заменена 6,2 км старых сетак водазабеспячэння. Да канца 2030 года плануецца поўнасцю завяршыць работы па перакладцы старых сетак водазабеспячэння, а гэта 20 км па Докшыцкім раёне.
Перакладка забяспечвае штогадовае зніжэнне страт і няўлічанага расходу вады ў сетках, што адпавядае прынцыпам рацыянальнага водакарыстання (за 7 месяцаў страты склалі 11,7 % пры заданні 12 %).
У раёне цэнтралізаванае водазабеспячэнне ахоплівае 56 населеных пунктаў, пры гэтым у астатніх населеных пунктах насельніцтва выкарыстоўвае нецэнтралізаваныя крыніцы. Агульны ўзровень забяспечанасці цэнтралізаванымі сістэмамі водазабеспячэння складае 89,4 %, водаадвядзення – 54,7 %.
Філіялам “Докшыцыводаканал” прыняты на баланс артэзіянскія свідравіны ад сельскагаспадарчых арганізацый. Цяпер вядзецца работа па перадачы ў гаспадарчае вядзенне сетак водазабеспячэння ў Чачуках і Свірках.
На тэрыторыі раёна на пастаянным кантролі навядзенне парадку на аб’ектах АПК, а таксама рэканструкцыя меліярацыйных сістэм.
Усе сілы Бягомльскага лясгаса накіраваны на расчыстку ветравальна-бураломных лесасек.
Асобным напрамкам з’яўляецца добраўпарадкаванне грамадзянскіх могілак. Так, на абслугоўванні РУП ЖКГ знаходзіцца 126 могілак: падвозіцца пясок, вывозіцца смецце, рамантуюцца пляцоўкі пад яго, выдаляюцца аварыйныя дрэвы, абкошваецца тэрыторыя. Гэта справа заўжды ідзе хутчэй, калі ёсць паразуменне і падтрымка насельніцтва, калі грамадзяне і самі актыўна прымаюць удзел у суботніках, якія арганізоўвае мясцовая ўлада. Тое ж тычыцца і ўтрымання ў належным стане ўсіх мемарыяльных комплексаў, месцаў баявой і воінскай славы, пахаванняў воінаў і партызан, а таксама месцаў масавай гібелі насельніцтва. Для догляду воінскіх пахаванняў замацаваны арганізацыі.
Добраўпарадкаванне аб’ектаў сацыяльнай сферы стварае камфортныя ўмовы для паўсядзённага жыцця грамадзян. Так, філіялам ГЦК выкананы работы па бягучым рамонце санвузлоў, актавай залы, заменена 58 аконных блокаў, 16 дзвярэй. У кінаканцэртнай зале “Іскра” зроблены бягучы рамонт санвузлоў.
У рамках бягучага рамонту тэрапеўтычнага аддзялення і аддзялення рэанімацыі Докшыцкай ЦРБ выкананы работы па рамонце падлог, замене дзвярэй, вокнаў, камунікацый і мэблі, а таксама па афарбоўцы фасада будынка. Асвоена 1350 тыс. рублёў.
У аўтаматызаваную сістэму “Дыспетчарская служба” на канец верасня па ўсіх відах работ паступіла 2511 заявак, з іх кансультацыйнага характару – 684. Самымі актуальнымі з’яўляюцца такія віды няспраўнасцей: водазабеспячэнне, аўтамабільныя дарогі, бытавыя паслугі, каналізацыя, электразабеспячэнне.
Па-ранейшаму ёсць выпадкі неналежнага запаўнення прэтэнзійных актаў, а менавіта адсутнасць у іх вынікаў абследаванняў і прычын неаказання жыллёва-камунальных паслуг. Арганізацыям раёна неабходна надаць увагу безумоўнаму выкананню рэгламенту работы.
Даклад з інфармацыяй па дзейнасці ў сферы іх кампетэнцыі дапоўнілі кіраўнікі і спецыялісты камунальнай службы, інспекцыі прыродных рэсурсаў, землеўпадкавальнай і санітарнай службаў, водаканала і сельскай выканаўчай улады.
Старшыня раённага Савета дэпутатаў Валянціна Рандарэвіч:
– У 2027 годзе ў Докшыцах пройдуць “Дажынкі” – мерапрыемства абласнога маштабу, якое стане знакавай падзеяй не толькі для нашага раёна, але і для ўсёй Віцебскай вобласці. Гэта накладвае на нас павышаную адказнасць, каб паспець выканаць увесь запланаваны аб’ём работ па добраўпарадкаванні, навядзенні парадку на зямлі, прывядзенні ў належны стан вуліц, дваровых тэрыторый. Правядзенне “Дажынак” – не толькі свята, але і сур’ёзны экзамен па нашай гатоўнасці працаваць зладжана і сістэмна. У сувязі з гэтым кожнаму кіраўніку, кожнай арганізацыі неабходна ўжо зараз скарэкціраваць планы з улікам будучай падзеі, узмацніць кантроль за выкананнем намечаных мерапрыемстваў і забяспечыць безумоўнае выкананне пастаўленых задач.
Наталля СТАШЭВІЧ.
Фота Аляксандра ВАРАНКОВІЧА.

