С песней и в песне живет Мария Кимстач, директор Волколатского сельского Дома культуры
Яна з песняй і ў песні ўсё сваё жыццё. Яе голас са сцэны заварожвае нейкай асаблівай мяккасцю і пранікнёнасцю, плаўнасць і грацыёзнасць рухаў служаць яго своеасаблівым прадаўжэннем. Яе голас, аздоблены велічнай музыкай аргана, сярэбраным званочкам узлятае высока пад зводы касцёла св. Яна Хрысціцеля ў Валкалатах. Яе голас цёплым утульным шалем ахутвае ўнукаў, калі яна спявае ім калыханку. Яна – дырэктар Валкалацкага сельскага Дома культуры Марыя Кімстач.
Калі гаварыць пра людзей, апантана, самаахвярна, безаглядна ўлюбёных у сваю справу, няма сумненняў: Марыя Чаславаўна з іх ліку. Згадвае першы выхад на вялікую сцэну ў шасцігадовым узросце: “Сэрца білася ў грудзях, як птушка ў сілку, дрыжалі рукі і здаваліся ватнымі ногі, перад вачыма ўсё плыло. Але экзамен быў вытрыманы, песня пад акампанемент самадзейнага ВІА спета. І новая хваля эмоцый: радасць, захапленне, палёт…”
Выхадаў на сцэну ў яе жыцці пасля будзе тысячы. І тысячы разоў будзе адчуваць яна гэты стан палёту. Як на арэлях: зверху ўніз – хваляванне і трошачкі страх, знізу ўверх – маленькае шчасце.
Марыйка – так ласкава завуць яе ўсе жыхары аграгарадка і навакольных вёсак – хоць і не развітвалася з песняй ні на дзень, работнікам культуры стала толькі пасля трыццаці гадоў. Спіс прафесій, якія асабліва “каціраваліся” ў 80-ыя гады ў сельскай мясцовасці ў дачыненні да жаночай паловы, быў невялікі: урач, настаўніца, эканаміст ці бухгалтар. І наша гераіня, у якой у атэстаце было ў асноўным “выдатна”, выбірае апошнюю, атрымлівае вышэйшую адукацыю і працуе ў роднай гаспадарцы “Памяць Ільіча”, а на сцэну выходзіць як удзельніца мастацкай самадзейнасці. Толькі на нябёсах, відаць, разумелі, у чым яе сапраўднае прызванне, і вырашылі даць шанец зразумець гэта ёй самой. Такім чынам з 2004 года Марыя Кімстач прамяняла кабінетную цішыню, упарадкаванасць і размеранасць дзён на неспакойнае і непрадказальнае існаванне ў свеце культуры. Рашылася: побач былі родны брат Уладзімір Чыкун – надзейнае плячо, мудры дарадчык, трывалы касцяк самадзейных артыстаў, як дарослых, так і школьнікаў, муж Яўген Уладзіслававіч і дочкі Надзея і Вікторыя, якія падтрымлівалі ва ўсім і самі жылі сцэнай. Марыя ж проста фантанавала задумамі і планамі, творчымі ідэямі.
Прайшло з таго часу больш за два дзесяцігоддзі, шмат змен адбылося ў аграгарадку, а вось клубнае жыццё не затухла, не ператварылася з паўнаводнай ракі ў ледзь прыкметны ручаёк. У вялікай ступені – дзякуючы яе гарэнню, яе апантанасці, яе любові да ўсяго, што робіць гэты свет ярчэйшым, прыгажэйшым, лепшым, дарыць людзям радасць. Сёлета 25-годдзе адзначае народны ансамбль “Прызбачка”, створаны пры Доме культуры, функцыянуюць рознаўзроставыя гурткі і аб’яднанні, былыя юныя ўдзельнікі мастацкай самадзейнасці вязуць з гарадоў ужо сваіх дзяцей, бо тым цікава прымаць удзел у розных мерапрыемствах, хадзіць улетку на дзіцячую дыскатэку з безліччу конкурсаў і розыгрышаў, дзе танцоры нават такія, што толькі навучыліся цвёрда трымацца на нагах…
У клубным архіве – велізарная фота- і відэатэка: канцэрты, святы, гастролі… Грамат і падзяк у дырэктара, сярод якіх Грамата ўпраўлення культуры Віцебскага аблвыканкама і Падзяка Міністра культуры Рэспублікі Беларусь, – некалькі таўсценных папак. Зусім нядаўняя высокая ўзнагарода – Ганаровая грамата раённага выканаўчага камітэта. Восем разоў прымала Марыя Чаславаўна ў пары з мужам Яўгенам удзел у міжнародным турніры побытавых танцаў, што праводзіцца ў Віцебску, – дзве перамогі атрымалі і чатыры разы займалі прызавыя месцы. “Зорная” хвароба ані трошачкі не закранула яе сэрца. Па-ранейшаму яна ўсё тая ж Марыйка – шчырая, прыязная, адданая прафесіі, творчая, звонкагалосая. Калі раптам глыбокай ноччу камусьці з вас давядзецца праязджаць праз Валкалаты, удалечыні, на вуліцы Садовай, вы зможаце ўбачыць адзінокі агеньчык акна – гэта падбірае фанаграмы, шукае прыгожыя песні для выканання, піша сцэнарыі святаў Марыя Кімстач. Гарыць сама, як тое яе акенца.
Алена НЕСЦЯРОНАК.
Фота з асабістага архіва.


