Лесная сказка и духовные ценности Виктора и Евдокии Скурат из деревни Витуничи

DSCN7497 с

Калісьці Еўдакія Скурат, ураджэнка вёскі Стараселле, плакала, што трапіла ў лясныя Вітунічы. Не ўяўляла, як можна векаваць у акружэнні густых масіваў, што падыходзілі ледзь не да самых вуліц. Затое цяпер, пражыўшы тут амаль паўстагоддзя, гэты “недахоп” населенага пункта разглядае толькі як перавагу: чыстае паветра, смачныя лясныя дары, бадай, пад нагамі і неапісальнае хараство наўкол. Апроч гэтага, Еўдакія Сцяпанаўна каля трыццаці гадоў адпрацавала ў Вітуніцкім лясніцтве, а яе муж Віктар Міхайлавіч – больш за сорак! Двое з чацвярых іх дзяцей таксама звязалі сваё жыццё з лясной гаспадаркай.

Віктар Міхайлавіч – дакшычанін. Сваю Дану (так называюць яго абранніцу навакольныя) упершыню ўбачыў за прылаўкам магазіна ў родным горадзе – дзяўчына прыехала сюды пасля заканчэння гандлёвага вучылішча і адпрацоўкі ў Віцебску. Абое маладыя, прыгожыя, прыветлівыя. Закахаліся адзін у аднаго з першага погляду і больш ужо не разлучаліся.

Віктар да таго часу скончыў Полацкі лясны тэхнікум і быў накіраваны на працу ў Вітунічы. У 1977 годзе сужэнцы Скураты знялі ў вёсцы, тады буйным цэнтры саўгаса, кватэру. Перш чым уладкавацца ў лясніцтва, Еўдакія Сцяпанаўна працавала выхавальнікам у дзіцячым садзе і дырэктарам Дома культуры. А на новым месцы давялося і памяшканні прыбіраць, і коней даглядаць, аднак работа была побач з домам, будаўніцтва якога ў хуткім часе распачало лясніцтва для сям’і рупліўцаў.

Віктар Міхайлавіч завочна атрымаў вышэйшую адукацыю, рабіў майстрам і некаторы час памочнікам ляснічага. Часта яго называлі мозгам лясніцтва, бо спецыяліст мог імгненна ацаніць сітуацыю ў разліках.

Тым часам сям’я расла. Найвялікшае багацце пары – сынок і тры дачушкі, добрыя, ласкавыя, ветлівыя. Вылучаліся ў школе і вучобай, і акуратнасцю, дагледжанасцю. Бацька часта браў іх з сабой на аб’екты, вучыў лясным прамудрасцям, таму нядзіўна, што ў свой час старэйшыя Дзмітрый і Вольга абралі для паступлення лясны факультэт Беларускага дзяржаўнага тэхналагічнага ўніверсітэта. Сын нават адпрацоўку праходзіў у Вітуніцкім лясніцтве, і першым яго настаўнікам быў, канечне ж, тата. Зараз Дзмітрый працуе намеснікам дырэктара на прыватным дрэваперапрацоўчым прадпрыемстве ў Полацку. Вольга – эканаміст, намеснік начальніка аддзела “Беллесэкспарта” ў Мінску, а яе муж, таксама ўраджэнец Вітуніч, – таксатар у “Белдзяржлесе”.

– Калі з’язджаюцца нашы “леснікі”, то ў першую чаргу абмяркоўваюць рабочую дзейнасць, – смяецца Еўдакія Сцяпанаўна. – Але ж мы з мужам дужа радуемся, што яны знайшлі сябе ў прафесіі!

Дачка Наталля – дзяржаўны судовы эксперт і шматдзетная мама – жыве ў Полацку. Там жа і дачка Алёна, якая працуе медсястрой, хаця па першым дыпломе аб адукацыі яна работнік паштовай сувязі. Дзяўчына з часам зразумела, што найбольш яе душа імкнецца дапамагаць хворым людзям.

У Даны і Віктара васьмёра ўнукаў. А ўсіх разам у сямейным гняздзе збіраецца сямнаццаць чалавек! Самы маленькі – трохгадовы Сцёпа, якога мама Наталля назвала ў гонар любімага дзядулі. Наогул, усім сваім дзецям Еўдакія Сцяпанаўна і Віктар Міхайлавіч прывілі вялікую павагу да продкаў, да сваіх каранёў. Разам даглядалі сядзібы родных, дапамагалі ім у быце, а цяпер добраўпарадкоўваюць магілкі.

Кожныя выхадныя ў доме Скуратоў госці – хоць нехта адзін. Унукі абавязкова прыязджаюць на летнія канікулы, і тады бабуля Дана цэлымі днямі не адыходзіць ад пліты. Улічвае, які супчык ці гарнір любіць кожны з іх, з якой начынкай блінчыкі. Стараецца ўсім дагадзіць, бо яны для яе – самыя-самыя. Старэйшая ўнучка Насця пасля заканчэння факультэта філасофіі і сацыяльных навук БДУ ўжо працуе і свой нядаўні першы водпуск правяла менавіта ў Вітунічах.

І з дзецьмі, і з унукамі ў старэйшага пакалення склаліся цёплыя, давяральныя адносіны. У сям’і культывуюцца шчырасць, добразычлівасць, узаемадапамога, любоў да блізкіх. І гэта гаворыцца не для прыгожага слоўца – такое меркаванне пацвердзяць аднавяскоўцы. Між тым сама Еўдакія Сцяпанаўна зазначае:

– У сям’і ўсялякае можа быць: і спрэчкі, і супярэчнасці, але заўжды важна пачуць адзін аднаго, знайсці кампраміс. Калі ж нехта кажа, што ў яго сям’і ўсё гладка на працягу доўгіх гадоў, то, скажу чэсна, закрадваецца думка пра раўнадушша паміж мужам і жонкай, абыякавасць да агульных спраў. У жыцці ж насамрэч ёсць месца хваляванням і трывогам.

Сядзіба нашых герояў абгароджана новым плотам, абсаджана кветкамі, усюды парадачак. Гаспадары даглядаюць сад, садзяць агарод, робяць нарыхтоўкі на зіму ў слоіках. Калі-нікалі і самі з дамашнім дабром і падарункамі адпраўляюцца на аўтамабілі да дзяцей, не чакаючы іх прыезду. Дзеці – іх прыемны клопат, сэнс жыцця. Няма сумнення, што і ўнукі Еўдакіі і Віктара Скуратоў у будучым з задавальненнем працягнуць каштоўныя сямейныя традыцыі, духоўнасць якіх увабралі ў сябе з маленства.

Ніна КРУКОВІЧ.
Фота аўтара.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *