Разные формы в военно-патриотическом воспитании используют в Порплищенской школе

photo_2026-09-26_13-39-56

Адна з апошніх паездак парплішчанскіх школьнікаў па месцах нацысцкага генацыду – у г. Глыбокае.

Экскурсіі па гістарычных і памятных мясцінах, урокі мужнасці, вахты Памяці і шматлікія іншыя формы работы выкарыстоўваюць школы раёна ў ваенна-патрыятычным выхаванні падрастаючага пакалення. І гэта не проста разрозненыя акцыі. Гэта маналітны падмурак, на якім будуецца павага да гістарычнага мінулага, любоў да Радзімы. Адна з устаноў, дзе адметна наладжана шматгранная сістэма працы ў абазначаным вектары, – Парплішчанская сярэдняя школа.

– Абапіраючыся на лепшыя традыцыі і ўлічваючы сучасныя выклікі, наш педагагічны калектыў рэалізуе комплекс мерапрыемстваў, які ахоплівае ўсе ключавыя напрамкі: ад вывучэння дзяржаўнай сімволікі да пагружэння ў гісторыю Вялікай Айчыннай вайны праз творчасць і жывыя зносіны з ветэранамі, – расказала намеснік дырэктара школы па вучэбна-выхаваўчай рабоце Ганна Маркевіч.

Фарміраванне нацыянальнай ідэнтычнасці пачынаецца з разумення каштоўнасці дзяржаўнай сімволікі, падкрэсліла Ганна Станіславаўна. Традыцыйна ў маі ва ўстанове праходзяць класныя гадзіны “Сімвалы краіны”, дзе вывучаецца гісторыя сцяга, герба і гімна. Веды падмацоўваюцца творчасцю – яскравым прыкладам стаў фотаконкурс дзяржаўных сімвалаў, які выклікаў неверагоднае захапленне ва ўдзельнікаў. Вучні паказалі, што сцяг і герб – гэта не толькі атрыбуты афіцыйных цырымоній, але і частка іх паўсядзённага жыцця.

Цэнтральнае месца ў выхаваўчай рабоце займае захаванне памяці аб подзвігу народа ў Вялікай Айчыннай вайне. Школа рашуча выступае супраць фальсіфікацыі гісторыі, робіць акцэнт на маштабе трагедыі. Гістарычная віктарына “Нам дадзена права памятаць” і адзіныя ўрокі, прысвечаныя Дню Перамогі, дапамагаюць вучням сістэматызаваць веды. На інфармацыйных гадзінах выкарыстоўваюцца навучальныя дапаможнікі “Генацыд беларускага народа”. Тэмы “Трасцянец і Азарычы: Ніколі больш!” і “Планы нацысцкай Германіі” прымушаюць старшакласнікаў глыбока асэнсаваць жахлівыя злачынствы фашызму на беларускай зямлі.

Школа прымае актыўны ўдзел у раённых і рэспубліканскіх мерапрыемствах і акцыях, такіх як “Вахта Памяці”, “Іх подзвіг у памяці нашчадкаў захаваем” і іншых. Мітынг 9 мая, ускладанне кветак да помніка воінам-землякам у Порплішчы, а таксама акцыя “Свечка памяці” 22 чэрвеня аб’ядноўваюць педагогаў, вучняў, прадстаўнікоў сельскага Савета дэпутатаў, духавенства і працаўнікоў вёскі.

photo_2026-09-26_13-39-56 (4)

Асаблівая ўвага надаецца “эфекту прысутнасці”, калі вывучэнне гісторыі выходзіць за межы школьных сцен. У маі вучні наведалі мемарыяльны комплекс “Прарыў” і Музей народнай славы ва Ушачах. Навучэнцы прайшлі па сімвалічным шляху партызан, агледзелі зямлянкі і лясную школу.

Падчас летніх канікул дзеці пабывалі на плошчы Перамогі ў Мінску. Экскурсія да манумента і ў падземную мемарыяльную залу стала для іх урокам мужнасці і смутку.
У рамках акцыі “Мая сям’я памятае” рабяты вывучалі ў тым ліку і матэрыялы пра разгром нямецкага гарнізона ля чыгуначных бункераў у Порплішчы ў лістападзе 1943 года.

Патрыятызм непарыўна звязаны з гатоўнасцю да абароны Айчыны. Школьная каманда годна выступіла на раённым этапе гульні “Зарніца”, заваяваўшы 2-е месца. Асаблівым гонарам стала перамога ў конкурсе ваеннных карэспандэнтаў, дзе лепшай прызнана навучэнка школы Анастасія Кардоўская. Вучаніца Дар’я Вайцяховіч да Дня Перамогі стварыла відэарэканструкцыю аб гісторыі аграгарадка Порплішча ў гады вайны для раённага конкурсу “Той самы доўгі дзень у годзе”.

У межах гэтага важнага свята ў школе была арганізавана выстава “Вялікая Айчынная вайна ў лёсе маёй сям’і”, сабраная з дакументаў, узнагарод і фатаграфій прадзедаў вучняў. Экспазіцыя пераўвасобілася ў міні-музей баявой і працоўнай славы.

– Аднак падручнікі ці дакументы ўсё ж не заменяць жывога дыялогу, – кажа Ганна Маркевіч. – У рамках праекта “Сустрэча на ўсе 100!”, прысвечанага Году беларускай жанчыны, школьнікі пагутарылі са сваёй зямлячкай Клаўдзіяй Каралёнак. Яе дзяцінства, апаленае вайной, і наступны 49-гадовы працоўны шлях у сельскай гаспадарцы, высокія ўзнагароды – ордэн Працоўнай Славы, ордэн Маці – паслужылі для дзяцей відавочным доказам моцнай сілы чалавечага духу.

Ніна КРУКОВІЧ.
Фота з Тэлеграм-канала “ДоВОки”.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *