Дмитриевская родительская суббота — особый день в православном календаре
Традыцыя памінання памерлых у гэту суботу ідзе каранямі ў часы Кулікоўскай бітвы восені 1380 года. Вялікі князь Дзмітрый Данской з благаславення царквы паклаў пачатак штогадоваму богаслужэнню ў памяць аб загінулых у бітве воінах. Паступова гэты звычай распаўсюдзіўся на памінанне ўсіх памерлых праваслаўных хрысціян.
Сёння вечарам у храмах служаць Вялікую паніхіду – парастас. Калі няма магчымасці прыйсці на богаслужэнне, зрабіць гэта можна заўтра раніцай або памаліцца дома ля іканастаса пры запаленай свечцы. У памінальны дзень святары здзяйсняюць памінальную Божую літургію, а затым агульную паніхіду. Вернікі ставяць свечкі за супакой душы і падаюць запіскі. У царкву ў гэты дзень можна прынесці прадукты для ахвяравання. Святары зазначаюць: добрая справа ці ахвяраванне ў памяць аб памерлых – гэта выяўленне любові ў дзеянні.
Наведванне пахаванняў – яшчэ адна важная традыцыя гэтага дня. На могілках можна прачытаць кароткую памінальную літыю і ўспомніць родных і блізкіх людзей добрым словам. Пры неабходнасці і ў бацькоўскі дзень можна прыбраць тэрыторыю вакол магілы, пачысціць помнік.
Лірычнай нотай
Успомнім родных, памаўчым.
Куцця, настольнік белы… Свечы
Трымцяць, як зоркі уначы,
У гэты асаблівы вечар.
У сковах ранніх халадоў
Чакаюць прашчураў нашчадкі
На свята восеньскіх Дзядоў.
Гараць на покуці лампадкі.
Сціскае памяць сэрцы нам,
І лекі тут не дапамогуць…
Яны ж нас адчуваюць там
І берагуць, як толькі могуць!
І мы іх сёння за сталом
Адчуць, хоць і нябачных, хочам.
І душы поўняцца цяплом,
І светлаю слязою – вочы.
…Як знічка, пралятае час
Да нашай на нябёсах стрэчы,
Калі ждаць будуць дзеці нас
Ўжо разам з імі ў гэты вечар…
Алена НЕСЦЯРОНАК.

