Высококлассный бухгалтер, многодетная мама и талантливый во многих направлениях человек — это про Ирину Соколову из Докшиц
Высакакласны бухгалтар, шматдзетная маці і таленавіты ў многіх кірунках чалавек – гэта пра Ірыну Сакалову, якая днямі адзначыла прыгожы юбілей на хлебазаводзе, якому верная больш за тры дзясяткі гадоў. За такімі кароткімі характарыстыкамі – рознакаляровы свет яе душэўнай і фізічнай арганізацыі, успрымання жыцця ва ўсіх яго праявах і сябе як часцінкі Сусвету. Прынамсі, Ірына Аляксандраўна ўшчэнт разбівае стэрэатып бухгалтара, у вобразе якога многія схільны бачыць чалавека прыземленага, з халодным розумам і дакладнымі разлікамі не толькі ў прафесіі, але і ў жыцці, у якога ўсё “па палічках” і па плане.
– Што датычыцца маёй дзейнасці як спецыяліста, то па палічках у прамым сэнсе і пераносным – без гэтага катэгарычна нельга: лічбы патрабуюць дакладнасці, а дакументы – поўнага парадку, – згаджаецца юбілярка, з якой сустрэліся на працоўным месцы якраз у святочны дзень, пасля таго як былі прыняты цёплыя, сардэчныя, нязменна крэатыўныя віншаванні дружнага хлебазаводаўскага калектыву, расстаўлены па вазах кветкі, суцішана дрыжанне рук, а на твары высахлі слёзы радасці. – Так, у плане парадку дома і на рабоце я педант, бо лічу, што, каб быў арганізаваны твой дзень, павінна быць арганізавана навакольная прастора. Хаос звонку параджае хаос унутры – не мною сказана. Да ўсяго акуратнасць не адбірае, а, наадварот, вызваляе лішнія хвіліны і гадзіны, якія можна выкарыстаць для адпачынку або для заняткаў па душы. Аднак мой педантызм ніякім чынам не распаўсюджваецца на жыццё ў цэлым – ніякіх прагнозаў, паэтапных планаў і да таго падобнага. Нельга ўсё, ні добрае, ні дрэннае, прадбачыць і скласці алгарытмы рашэння задач – дзейнічаем, як гаворыцца, па меры паступлення.
Беларуска з докшыцкімі каранямі Ірынка нарадзілася ў сталіцы Эстоніі Таліне. Хто ведае, мо, і прыязджала б госцяй на радзіму бацькоў, але, як вядома, у 90-ыя ў краінах Прыбалтыкі прадстаўнікі іншых нацыянальнасцей адчулі сябе, мякка кажучы, некамфортна. Яе бацькі не сталі прыстасоўвацца – вярнуліся дадому. На шчасце, кажа з упэўненасцю суразмоўца. Тады дзяўчына закончыла Полацкі сельскагаспадарчы тэхнікум і ўладкавалася на працу ў хлебазаводаўскую фірмовую краму “Гарачы хлеб” прадаўцом, а праз восем гадоў перайшла ў бухгалтэрыю. Такім чынам стаж работы юбіляркі на прадпрыемстве складае ажно 32 гады, а працоўная кніжка ззяе чыстымі старонкамі, бо ніводнай “перабежкі” ў іншыя месцы ў Ірыніным жыцці не было.
– Ірына Аляксандраўна ў нас вядзе вытворчасць – ад уліку сыравіны да выпуску гатовай прадукцыі, – гаворыць начальнік лабараторыі Святлана Чурко. – Выдатны спецыяліст, бездакорна спраўляецца са сваімі абавязкамі. Ведаем: у дакументах Ірыны заўсёды ідэальны парадак, закрасціся памылцы проста няма ніякага шансу.
– Вельмі рада, што Ірына Аляксандраўна згадзілася быць у нашай прафсаюзнай пярвічнай арганізацыі казначэем, – далучаецца да размовы яе старшыня Наталля Онухава. – Яна ўвогуле ніколі не была ўбаку ад грамадскага жыцця калектыву, прымала і прымае ўдзел у рознага роду конкурсах і мерапрыемствах. Напрыклад, нядаўна дапамагала нам ва ўпрыгожванні дажыначнага каравая: сімпатычныя буслы – Ірыніна работа.
Вось тут самы час павесці аповед пра шматграннасць творчай натуры гераіні артыкула. Ірына Аляксандраўна мае выдатныя слых і голас – докшыцкія гледачы добра ведаюць яе па сцэне. Да ўсяго гэта прыемная і прыгожая жанчына мае залатыя рукі, што дазваляе ёй ствараць непаўторныя рэчы з розных матэрыялаў і ў розных тэхніках. Працуе з фетрам, фааміранам, асвоіла бісерапляценне, вышывае крыжыкам і тым жа бісерам і інш. Ірына шчаслівая ў шлюбе, цёпла гаворыць пра мужа Андрэя Аляксандравіча. А яшчэ яна шматдзетная маці – трох цудоўных і не менш таленавітых дачушак мае: Валерыя і Дар’я таксама жывуць сцэнай і дасягнулі ўжо немалых поспехаў у мастацтве дэкламацыі, а старэйшая, Вераніка, вяжа вельмі мілыя цацкі – у краме такіх не купіш. Вераніка ўжо стварыла сваю сям’ю і падаравала Ірыне ўнучачку Мілану. Такім чынам, аглядаючыся на пражытыя гады, юбілярка, як падаецца, на лёс наракаць не павінна: яна рэалізавалася як жанчына, маці, працаўніца, творчы чалавек. Няхай так і прадаўжаецца, а для гэтага будзе, канешне ж, здароўе.
Алена НЕСЦЯРОНАК.
Фота аўтара.

