Фёдор Апанасевич из Докшицкого района делится своими воспоминаниями из прошлого

img_7551Сто гадоў, якія прайшлі з 1917-га, адзначаны грандыёзнымі гістарычнымі падзеямі, якія мелі значэнне не толькі для нашай краіны. Яны вызначылі воблік планеты ХХ стагоддзя. Сумны расійскі вопыт, дзе арыстакратыя страціла ўсё, прымусіў капіталістычны Захад займець, калі не чалавечы, то хаця б ачалавечаны твар, якім мы зараз захапляемся ў Швецыі, Нарвегіі і іншых краінах.
Для сённяшняй моладзі кастрычніцкая рэвалюцыя ці пераварот, як лічаць зараз многія навукоўцы, — далёкая гісторыя са спрэчнымі каштоўнасцямі і ідэаламі. Але дзякуючы менавіта гэтай падзеі наша Беларусь, няхай і ва ўмовах дыктатуры і тэрору, займела сваю дзяржаўнасць, страчаную два стагоддзі таму. Краіна выстаяла ў полымі Другой сусветнай вайны, жыве і мацнее зараз.
З успамінаў пра той час аднаго са старэйшых жыхароў нашага раёна мы пачынаем серыю матэрыялаў, прысвечаных гэтаму стогадоваму адрэзку часу ў гісторыі Докшыччыны.

“Здравствуйте, товарищи!”
“Добры дзень, паны!”
Фёдар Апанасевіч нарадзіўся праз год пасля таго, як заходняя частка сучаснай тэрыторыі Докшыцкага раёна адышла да Польшчы. Яго памежная вёска Стараселле стала Тумілавіцкай гміны Дзісненскага павету Віленскага ваяводства. У суседніх Хмялёўшчыне, Глінным і іншых, якія засталіся на савецкай тэрыторыі, праводзіліся “зачысткі” ад так званых кулацкіх і контррэвалюцыйных элементаў, ствараліся арцелі, ліквідавалася непісьменнасць, арганізоўваліся камсамольскія ячэйкі і прапагандавалася бязбожжа, а на польскім баку паны і сяляне працягвалі жыць па-ранейшаму: размерана і, можна сказаць, патрыярхальна. Усё падпарадкоўвалася царкоўнаму і народнаму календару, і любы, непрадугледжаны ім паварот, быў падзеяй, якая доўга абмяркоўвалася.
Стараселле лічылася вёскай нябеднай. Над наваколлем панаваў маёнтак Шадэўскага. Пан быў не ганарлівы, дазволіў сыну ўзяць за жонку дзяўчыну хоць і з заможнай сям’і, але роду сялянскага. Праўда, калі сям’я ўцякала перад прыходам Саветаў у Польшчу, маладзіцу пакінулі ў “крэсах усходніх”. У вайну жанчыну, якая так і не стала пані, забілі партызаны. Унук Шадэўскага Генюсь у 1973 годзе прыязджаў у Стараселле, пакланіўся зямлі, дзе нарадзіўся, і да Фёдара Апанасевіча заходзіў, з якім разам гулялі ў маленстве.
Вялікі кавалак зямлі ля вёскі належыў яшчэ Максіму Дорцу з Таргуноў. Яго ён купіў, калі вярнуўся з капіталам з Амерыкі. Трагічным аказаўся лёс у гэтага чалавека. Жарсці, у тым ліку і любоўныя, моцна кіпелі і тады, а людзі па характары былі больш цэльныя і рашучыя: ці ўсё, ці нічога! Узяў Дорц на працу маладога парабка, а жонка ў яго закахалася. Ды так моцна, што, як лэдзі Макбэт, рашыла пазбавіць жыцця пастылага мужа. Падпільнавала, калі ён ехаў з гміны, і ў лясочку паміж Шалашамі і Стараселлем забіла. Яе адразу забралі паліцыянты, ды адкупілася золатам.
Саветы праз мяжу перапраўлялі людзей, сродкі, літаратуру для арганізацыі падпольнага рэвалюцыйнага руху ў Заходняй Беларусі, а з польскага боку ў савецкую Расію імкнуліся кантрабандысты і адурманеныя прапагандай шукальнікі вольнага і справядлівага жыцця. Але Стараселля ўсе гэтыя падзеі як бы і не датычыліся. Падпольшчыкі-рэвалюцыянеры назіраліся ў Дзедзіне, Сценцы і далей пад Крулеўшчыну. Там 7 лістапада вывешвалі чырвоныя сцягі, раскідвалі лістоўкі з заклікам пазбаўляцца ад паноў, а ў Стараселлі па-ранейшаму аралі зямлю, пралі кудзелю і прасілі Бога, каб толькі не было вайны.
– У майго таты зямлі было больш за 16 гектараў, парка коней. Жылі моцна, – успамінае Фёдар Андрэевіч. – У 1939 мне ўжо 17-ы год пайшоў. Пра тое, што пачалася вайна палякаў з немцамі, мы ўжо ведалі. Даходзілі глухія чуткі пра іх здзекі над людзьмі, асабліва габрэямі. Ды гэтаму мала хто верыў. Памятаю, што раніцай 16 верасня 1939 года вёска схамянулася ад адзіночнага стрэлу, які прагучаў з боку Несцераўшчыны. Чакалі прадаўжэння, але ўсё было ціха. Тады бацька адправіў мяне весці на луг коней, а там ужо сабраліся такія падлеткі, як я, і мужчыны больш сталага веку. Раптам глядзім, за дротам, які цягнуўся ўздоўж граніцы, паказаліся трое верхавых у форме і шапках з пупамі. Здагадаліся, што гэта чырвонаармейцы. Адзін з іх секануў па дроце клінком, і яны паскакалі ў наш бок. Калі наблізіліся, нехта з нашых смялейшы павітаўся:
– Здравствуйте, товарищи!
– Добры дзень, паны! – прагучала ў адказ.
З гэтага дня і наша вёска крыху забурліла. Хадзілі адзін да аднаго ў хату, каб перагаварыць, што гэта будзе далей, збіраліся купкамі на вуліцы. На нейкае свята пайшлі ў Тумілавічы, а там дзедзінцы сталі падбухторваць усіх зладзіць у царкве танцы. Большасць моладзі абурылася такім святатацтвам, але яны ніяк не маглі ўтаймавацца. Крычалі, што Бога няма, а папа трэба
гнаць. Нехта дадумаўся збегаць па дапамогу да салдат. І праўда, хоць яны і былі бальшавікі-чырвонаармейцы, але іх камандзір не дазволіў ганьбіць храм. Тады супакоіліся і нашы актывісты.
Цьмяныя людзі
Да 40-га года насельніцтва далучаных да савецкай Беларусі заходніх зямель адчувальных змен у сувязі з гэтым практычна не адчувала. Прайшлі выбары ў Народны сход Заходняй Беларусі, сталі фарміравацца органы мясцовай улады. Стараселле прызначылі цэнтрам аднайменнага сельсавета. Зямлю паноў і асаднікаў пачалі раздаваць бедным сялянам. Пачалі адкрывацца школы з навучаннем на беларускай мове. Большасць сялян хвалявалі два пытанні: ці будуць калгасы і выселкі?
– Хацелася бліжэй паглядзець на тое калгаснае жыццё, – успамінае далей Фёдар Андрэевіч. – Толькі свабодна хадзіць на савецкі бок мы не маглі аж да 1940 года, бо на мяжы, якая называлася дэмаркацыйнай лініяй,
па-ранейшаму былі застава і памежнікі. У нейкае свята папрасіліся з хлопцамі схадзіць на танцы ў Хмялёўшчыну. Памежнікі дазволілі. І вось ідзём мы – польскія кавалеры – у хромавых ботах, у падзеўках суконных, а насустрач бягуць нейкія бедна апранутыя цьмяныя людзі. Аказалася, што гэта мясцовыя калгаснікі, яны, гаротнікі, і ў свята працавалі. Але моладзь танцы зладзіла, гулялі да раніцы і нават не пабіліся тады за дзевак, як гэта звычайна бывала.
Масавая дэпартацыя ў Сібір, Казахстан, Дальні Усход асаднікаў, святароў, заможных сялян пачалася ў 1940 годзе. Са Стараселля выслалі Марыю Апанасевіч, з суседніх вёсак па некалькі сем’яў. Але таго разгулу тэрору, што панаваў у БССР у 1937-м, калі, напрыклад, у той жа Хмялёўшчыне за год знішчылі больш за дзесяць чалавек разам са старшынёй калгаса Загорскім, ужо не было. І ўсё ж страх у заходнікаў прысутнічаў за сваё дабро, назапашанае не адным пакаленнем, за сваю зямлю. А потым усё гэта адышло на задні план на цэлых тры гады.
Ішла вайна народная
Перад вайной 56 хлопцаў з вёсак сельсавета сабралі на вучэнні, але, калі Германія напала на СССР і пачаліся баявыя дзеянні, у армію ўзялі тых, каму ўжо было 18-19 гадоў, астатніх, у тым ліку і Фёдара Апанасевіча, адправілі дадому. Да 18-годдзя яму не хапала некалькі месяцаў. А праз год хлопец стаў байцом партызанскага батальёна Мядзведзева, які ў 1943-м быў перафарміраваны ў брыгаду. Пазней яна атрымала назву брыгады ЦК КП(б)Б. За два гады ляснога жыцця Фёдар не раз хадзіў у бой, трымаў абарону, сядзеў у засадзе. Але самым яркім эпізодам стала блакада вясной 1944 года. Гэтую карную аперацыю супраць партызан Полацка-Лепельскай зоны немцы назвалі “Веснавое свята”. У блакіраваным акупантамі раёне дзейнічала 16 партызанскіх брыгад, а гэта больш за 17 тысяч чалавек. Але праціўнік, узброены гарматамі, самалётамі, перавышаў гэту колькасць у некалькі разоў. У канцы красавіка гітлераўцам удалося акружыць партызан у раёне Ушачаў. На невялікім пятачку з радыусам у 20 кіламетраў сабраліся дзясяткі тысяч людзей, у тым ліку і мірнае насельніцтва. Калі партызаны пачалі наступленне, каб вырвацца з катла, немцы білі прыцэльна, і людзі клаліся, як снапы. Многія трапілі ў палон, у тым ліку і Фёдар. Захоплены са зброяй у руках, ён думаў, што адразу будзе расстраляны, толькі фашыстам патрэбны былі працоўныя рукі ў Фатэрляндзе. Таму хоць і трапіў партызан у канцлагер, але раніцай яго і іншых ваеннапалонных вадзілі пад канвоем да баўэра, а вечарам забіралі назад. Пасля Сталінграда толькі апантаныя яшчэ верылі ў перамогу вялікай Германіі, а ў 44-м немцы і наогул ужо пачалі думаць аб тым, як уратавацца. Да палонных адносіліся намнога лагодней, чым у 41-м. На Каляды баўэр Фёдара нават за святочны стол запрасіў. І ўсё ж, калі англійскія салдаты прынеслі вызваленне, хлопец дачакацца не мог, каб хутчэй вярнуцца на радзіму.
Здарылася гэта толькі ў 1947-м годзе, бо пасля фільтрацыі забралі ў армію. Служыў у Прыбалтыцы, у Тарту. На фронт не трапіў, партызанскія заслугі пабляклі перад тым, што пабыў у палоне.
…А Цярэшку не гуляюць
Стараселлю пашанцавала. У вайну згарэў толькі фальварак Шадэўскага, гумно, сядзібы вяскоўцаў засталіся некранутымі. Таму да 1949-га года, калі пачалі стварацца калгасы, старасельцы ўжо не былі ў бядоце. Калектыўна гаспадарыць пагадзіліся ўсе, бо ўжо бачылі, што па-іншаму нельга. Старшынёй стаў Якаў Баран. Чалавек добры і гаспадар талковы. Таму калгас ад пачатку лічыўся адным з лепшых у наваколлі. Сапраўднымі кіраўнікамі былі і наступныя старшыні: Кулікаў, Ганчароў, Латковіч.
Фёдар ажаніўся з мясцовай дзяўчынай. Нарадзілі з Марыяй двух сыноў. Ён адзіны з шасцярых братоў, хто застаўся жыць на радзіме продкаў. Лёс яго малодшых братоў – яркі доказ таго, які свет адкрыла савецкая ўлада сялянству, калі ўвяла бясплатную адукацыю. Яны закончылі інстытуты, тэхнікумы. Гонар сям’і і ўсёй Докшыччыны – Павел – стаў сусветна вядомым вучоным, акадэмікам.
У Фёдара Андрэевіча магчымасць вучыцца забрала вайна. Але адным часам, ацаніўшы яго здольнасці, як адметнага гаспадара, прызначылі загадчыкам фермы. Толькі новы старшыня калгаса зменшыў раптоўна зарплату, патлумачыў гэта тым, што адукацыі загадчык не мае. Фёдар Андрэевіч, канечне, пакрыўдзіўся, але кінуў пасаду не адразу, шкада было таго, што зрабіў. Адказным за ўсё ён адчувае сябе і зараз. Неяк сыны калодзеж чысцілі. Кроку не маглі зрабіць без яго кіраўніцтва, хаця і самі ўсё ўмеюць, бо іншымі вырасці не маглі ў патомнага гаспадара, якім увесь час быў Фёдар Апанасевіч.
Марыі Аляксандраўны ўжо няма на гэтым свеце. З Фёдарам Андрэевічам жыве сын Шура, які дзеля гэтага кінуў дом у Докшыцах. У хаце цёпла, чыста. Ёсць што з’есці, а дзядуля пазірае ў акно на бялюткую ад снегу студзеньскую вуліцу і ўздыхае: “Усё добра, жыві і радуйся, але ж Цярэшку вось не жэняць. Сумна жывуць. Толькі работа, праблемы, а трэба ўсё паспяваць: і працаваць, і весяліцца, як мы даўней.”

Тамара АЛЬШЭЎСКАЯ.
НА ЗДЫМКУ: Ф.А. Апанасевіч з в. Стараселле.
Фота А. Варанковіча.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *